Яму прысудзілі абмежаваньне волі на год і шэсьць месяцаў з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — так званую «хімію». Таксама Берасьнеў павінен выплаціць пацярпеламу — начальніку Маладэчанскага раённага аддзелу ўнутраных спраў Вадзіму Прыгару кампэнсацыю маральнай шкоды — 4000 рублёў.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», суд прызнаў Берасьнева вінаватым у тым, што той напісаў на сьцяне дома зьняважлівыя словы аб Прыгару.
Прыгара казаў у судзе, што атрымаў велізарныя маральныя пакуты ад надпісаў. На пытаньне адваката, чаму начальнік РАУС вырашыў, што надпісы тычацца яго, той адказаў, што ён адзіны чалавек з прозьвішчам Прыгара ў Маладэчне.
Абвінавачаны сказаў, што зрабіў надпісы пад уплывам імпульсу, а заяўленую ў ходзе сьледзтва шкоду ў памеры 307 рублёў ён кампэнсаваў.
28 сьнежня Павал Берасьнеў выступіў з апошнім словам. Ён не пагадзіўся з абвінавачаньнем і падкрэсьліў несупадзеньні ў паказаньнях сьведкаў. Таксама ён адзначыў, што першыя паказаньні ў РАУС даваў у кайданках, у той час, калі ягоны твар быў заліты газам, — прымяненьне такіх сродкаў, калі затрыманы не супраціўляецца, зьяўляецца катаваньнем.
Вырак вынесла судзьдзя Вікторыя Палішчук. Дзяржаўным абвінаваўцам выступіла Алена Балоціна. Інтарэсы падсуднага Берасьнева бараніў адвакат Алег Пятроў.
УП «Пані» вылучыла да Берасьнева прэтэнзіі за шкоду маёмасьці ў памеры 5700 рублёў. Прычым прадстаўніца кампаніі Ірына Како заявіла, што лічыць Берасьнева вінаватым ва ўсіх надпісах на сьцяне іх будынка, якія зьяўляліся цягам месяца.
Да Берасьнева, па яго паказаньнях, прымянілі сьлезацечны газ, а першыя паказаньні ён даваў у кайданках. Хаця пры затрыманьні не супраціўляўся. Усё гэта можна лічыць катаваньнямі згодна зь міжнароднымі пактамі. Пры затрыманьні міліцыянты Захар Закамскі і Іван Якаўлеў былі ня ў форменнай, а ў цывільнай вопратцы. Экспэрт-лінгвіст Аляксей Чарняцоў на судзе прызнаў, што ў экспэртызе слова «ЧМО» прызналі нецэнзурным толькі праз тэхнічную памылку.
Берасьнеў падкрэсьліў, што адрасат зробленага ім надпісу не ўстаноўлены, ён зьбіраўся зрабіць здымак надпісу, а потым зафарбаваць яго, не зьбіраўся нікога абражаць і раскайваецца ва ўчынку, гэта пацьвярджаецца тым, што ён сплаціў пазначаную ў абвінаваўчым заключэньні суму шкоды.