Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лёха, нам сказалі, ты мянта заваліў». Чэмпіён сьвету расказаў, чаму зьехаў зь Беларусі


Аляксей Кудзін
Аляксей Кудзін

Шматразовы чэмпіён сьвету ў тайскім боксе, баец ММА Аляксей Кудзін у пачатку сьнежня пакінуў радзіму. Ён выступаў за Беларусь апошнія 17 гадоў.

Прычынай стала крымінальная справа, заведзеная на яго пасьля ўдзелу ў акцыях пратэсту пасьля выбараў прэзыдэнта. Паводле артыкулу пра супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў, які ставяць у віну Кудзіну, яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

19 лістапада мела адбыцца першае пасяджэньне ў справе спартоўца, аднак Кудзін на працэс не прыйшоў. Пазьней стала вядома, што ён зьехаў зь Беларусі.

Кудзін расказаў «Настоящему времени», што здарылася пры затрыманьні і ці плянуе ён вяртацца ў Беларусь.

— Скажыце, калі ласка, вы цяпер у бясьпецы?

— Так, цалкам, цяпер я за межамі Рэспублікі Беларусь — на тэрыторыі Эўропы, таму я ў бясьпецы, цяпер мне нішто не пагражае.

— Раскажыце аб сваім зьнікненьні перад судом: чаму і, галоўнае, як вырашылі выехаць з краіны?

— Вы ведаеце, я столькі гадоў выходзіў пад сьцягам краіны, больш за 10 гадоў дабіваўся найвышэйшых заваёваў, і тут зь мяне зрабілі нейкага бандыта. Зразумела, што праўнага поля ў Беларусі ўжо не існуе — яго проста няма, — таму справы накручваюцца. Мяне выставілі ў такім сьвятле, што нібыта я прыйшоў на Цэнтральную плошчу і стаў біць сілавікоў, бо мне няма чаго рабіць. Хоць я, паўтаруся яшчэ раз, проста прыйшоў мірна выказаць пратэст. Я адэкватны і нармальны грамадзянін сваёй краіны. На маім мірным пратэсьце мяне проста сталі труціць газам, пачалі біць дубінкамі па галаве, я ўжыў прыёмы самаабароны, паколькі я палову свайго жыцьця займаюся адзінаборствамі, таму гэта ўсё было аўтаматычна. Я ўжыў самаабарону, пацярпелі некалькі сілавікоў, і на мяне завялі крымінальную справу паводле артыкулу 363, часткі 2 (зьбіцьцё, гвалт і пагроза жыцьцю супрацоўнікаў), і мне прыйшлося зьехаць з краіны.

— Вы казалі, што пры затрыманьні 10 жніўня ў вас стралялі сілавікі. Ці можна падрабязьней пра гэтую сытуацыю?

— Сытуацыя такая, тады на Цэнтральнай плошчы я зь імі пагуляўся, сышоў спакойна дамоў — таксама не бяз траўмаў: у мяне было 4-5 гематом на галаве, адна зь іх — на патыліцы — дагэтуль не прайшла, ёсьць такая падскурная гематома, якая не рассмакталася. Прыйшоўшы дадому, я разумею, што жахліва баліць галава, трохі кепскавата, ёсьць лёгкае страсеньне. Я прымаю рашэньне гэтым самым вечарам зьезьдзіць у бальніцу, зрабіць КТ. Я спартовец, ці мала, пакажа нейкі тромб ці яшчэ праблемы.

Толькі я ад’ехаў ад дома — мэтраў 200-300 — мне насустрач паехалі тры машыны з уключанымі маячкамі. Я нават і падумаць ня мог, што гэта да мяне ехалі сілавікі. Я спакойна паехаў далей у бок бальніцы, і літаральна мэтраў за 200 ад лякарні мяне падразае машына зь сілавікамі, адчыняюцца заднія дзьверы, мне кідаюць сьвятлошумавую гранату пад пярэднюю частку машыны, яна выбухае.

Я бачу, што з той самай машыны выбягае некалькі сілавікоў — гэта супрацоўнікі спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня, якія мяне затрымлівалі, — яны адразу абабеглі машыну, я толькі пасьпеў націснуць кнопку блякаваньня машыны, але з боку кіроўцы шкло было апушчана. Пакуль яны беглі, сталі біць машыну дубінкамі і крычалі: «Выходзім з машыны, працуе СОБР!» Я памятаю выразныя словы: «Працуе СОБР». На што я падняў рукі, паклаў іх на руль і разумеў, што аказваць супраціў няма сэнсу, таму што ў іх можа быць баявая зброя, і яны проста могуць застрэліць, і ты нічога потым нікому не дакажаш, дый сэнсу ўжо ня будзе нешта даказваць. Я падняў рукі, паклаў на руль, сказаў: «Хлопцы, у чым праблема? Выходжу», — на што яны адказалі ударамі ў галаву.

У групы захопу звычайна такія ўзмоцненыя пальчаткі з мэталічнымі ўстаўкамі, імі можна прычыніць вельмі сурʼёзныя калецтвы. Два супрацоўнікі, якія падбеглі з майго боку, сталі біць мяне кулакамі ў галаву. Пару ўдараў яны пасьпелі нанесьці мне ў скроневую косьць — тут зьлева было расьсячэньне, гематома была. Я пасьпеў падставіць рукі, стаў абараняцца рукамі. У мяне вось таксама ёсьць старыя пацёртасьці — гэта рукі былі расьсечаныя ад іх пальчатак.

Аляксей Кудзін (у бэйсболцы) падчас разгону мірнай акцыі пратэсту, Маладэчна, 10 жніўня 2020
Аляксей Кудзін (у бэйсболцы) падчас разгону мірнай акцыі пратэсту, Маладэчна, 10 жніўня 2020

Затым я спрабаваў адчыніць дзьверы, але мяне адразу не выпускалі. Яны білі мяне ў машыне, я спрабаваў выйсьці з машыны, каб вызваліцца і даць сабе прастору. Памятаю, што пачуў, як нешта пляснула, і ў грудной клетцы адчуў апёк і дзікую боль. Адкінуўся на сядзеньне, усё ж потым адчыніў дзьверы, мяне адразу паклалі на зямлю, закруцілі рукі за сьпіну, надзелі кайданкі, паклалі мяне на капот маёй машыны, абшукалі. Адзін з супрацоўнікаў, калі мяне выцягнулі з машыны, ён быў самага высокага росту, ён нахіліўся нада мной і на вуха мне сказаў: «Леха, блін, нам сказалі, што ты мянта заваліў».

Я адразу пазнаў гэтага супрацоўніка — ён таксама адзін са спартоўцаў. У нас шмат спартоўцаў служыць у гэтых падразьдзяленьнях. Я ў адказ яму кажу: «Я нікога не валіў». У маім разуменьні «заваліць» — гэта застрэліць або кагосьці зарэзаць, гэта значыць пазбавіць чалавека жыцьця. Я кажу, што нікога не валіў, і што гэта непаразуменьне. Потым мяне пасадзілі ўжо ў машыну, на якой яны прыехалі.

Мяне потым спыталі: «Што рабіць з машынай?» Я кажу: «Дайце тэлефон — ён у машыне ляжыць, набярыце жонцы, альбо малодшаму брату. Я скажу, каб прыехалі па машыну, што вось такая сытуацыя». Гэты супрацоўнік узяў мой тэлефон, набраў мне, у мяне рукі былі ў кайданках за сьпінай, але ён сам да вуха мне паднёс тэлефон, я растлумачыў жонцы ў двух словах сытуацыю, каб яны прыехалі забралі машыну. Звычайна так ня робіцца. Калі група захопу працуе, яны затрымліваюць і дастаўляюць адразу туды, куды ім сказалі цябе даставіць, а твая машына застаецца проста стаяць, ім да гэтага няма справы.

— Аляксей, вас тады затрымалі на 12 сутак, потым вас адпусьцілі, потым быў хатні арышт, і потым вам удалося выехаць зь Беларусі?

— Так, цалкам дакладна.

— Якія цяпер у вас пляны? Ці ёсьць пляны вярнуцца ў Беларусь?

— Пляны адназначна ёсьць вярнуцца. Я патрыёт сваёй краіны, я абавязкова вярнуся ў сваю краіну і буду нармальна разьвіваць далей спорт у сваёй краіне, выступаць за сваю краіну.

— Зьявілася інфармацыя, што з 20 сьнежня ў Беларусі абвясьцілі аб забароне выезду за мяжу. Такое ўражаньне, што даюць магчымасьць выехаць усім тым, хто хоча выехаць цяпер як мага хутчэй. Што кажуць вашы сябры, якія засталіся ў краіне?

— Мы стэлефаноўваемся, яны кажуць, што прававое бязьмежжа, поўны маразм. Проста ў людзей забіраюць права на выезд, на перамяшчэньне, — усё парушаецца.

— Што б вы сказалі спартоўцам, якія застаюцца ў Беларусі?

— Я б сказаў, першае — гэта трымацца за сваю свабоду, не паддавацца нейкаму ціску, таму што на спартоўцаў вельмі шмат ціснуць, тым больш з гэтым праўладным лістом — каб яны яго падпісвалі. Я ж падпісаў адкрыты ліст за сумленныя выбары і хацеў бы, каб спартоўцы менш паддаваліся на ўсялякія правакацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG