Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія»: сьмерці ад COVID-19 у статыстыцы схавалі ў «хваробы сыстэмы кровазвароту»


Аляксандар Мрочак
Аляксандар Мрочак

Былы дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія» Аляксандар Мрочак у інтэрвію расейскаму тэлеканалу «Дождь» выказаўся наконт магчымага заніжэньня ў Беларусі статыстыкі сьмяротнасьці ад каранавірусу.

«Беларусы нічым не адрозьніваюцца ад эўрапейцаў, і наша нацыя ніякім чынам не адрозьніваецца ва ўспрыняцьці ковіднай інфэкцыі, дый любой іншай інфэкцыі, ад іншых нацыянальнасьцяў. Таму натуральна, што заўсёды выклікае падазрэньні зьніжаная сьмяротнасьць ад COVID-19», — сказаў Мрочак.

Ён дадаў, што раней разважаў наконт таго, з чым гэта можа быць зьвязана — «магчыма, перакрыжаваны імунітэт, актыўная імунізацыя ад грыпу ці БЦЖ» — але і эпідэміёлягі, і інфэкцыяністы ў цэлым не пагадзіліся з гэтай пазыцыяй.

На яго думку, павышаную сьмяротнасьць ад «хваробаў сыстэмы кровазвароту» ў афіцыйнай статыстыцы гэтага году нельга патлумачыць нічым іншым, як сьмерцямі ад каранавірусу, якія схавалі пад іншым дыягназам.

«Хваробы сыстэмы кровазвароту складаюць у статыстыцы 58% сьмерцяў у Беларусі, абганяючы значна іншыя краіны. Я думаю, і такія факты ў мяне ёсьць (не скажу, што па ўсіх тысячах сьмерцяў), што можна ставіць дыягназ „ішэмічная хвароба сэрца“, не зьвяртаючы ўвагі на тое, што пацыент памёр ад лёгачнай недастатковасьці, зьвязанай з ковіднай інфэкцыяй»,— дадаў Мрочак.

6 верасьня ў справаздачах ААН знайшлася статыстыка сьмяротнасьці ў Беларусі, зь якой вынікае, што сьмяротнасьць за красавік–чэрвень 2020 году ў Беларусі перавысіла сярэднюю ў гэтыя месяцы за апошнія 5 гадоў прыкладна на 5500 чалавек: сёлета ў чэрвені рост сьмяротнасьці ў Беларусі супраць мінулага чэрвеня склаў 3753 чалавекі, у траўні — 1309, у красавіку — 543 чалавекі.

Паводле афіцыйных зьвестак, па стане на 30 чэрвеня ад каранавірусу ў Беларусі памерлі 398 пацыентаў — амаль у 14 разоў менш, чым прырост статыстыкі сьмяротнасьці за красавік-чэрвень. Згодна з тымі ж зьвесткамі, ад 1 ліпеня да сёньня памерлі яшчэ 307 пацыентаў з COVID-19.

Аляксандар Мрочак — вядомы беларускі кардыёляг, заслужаны дзеяч навукі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар мэдыцынскіх навук, прафэсар, былы дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія».

27 жніўня Міністэрства аховы здароўя звольніла Мрочака з пасады кіраўніка РНПЦ «Кардыялёгія», нягледзячы на тое, што цэнтры зьбіралі подпісы пад калектыўнай заявай у абарону свайго дырэктара. Сам Мрочак зьвязвае рашэньне з тым, што лекары клінікі выходзілі на пікеты ў непрацоўны час. Яго абвінавацілі ў тым, што ня змог утрымаць калектыў і не забараніў людзям выказваць грамадзянскую пазыцыю наконт сытуацыі ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG