Два чалавекі і адну кампанію пакаралі за саўдзел у фальсыфікацыі выбараў на карысьць Нікаляса Мадуры.
Гэта кампанія Ex-Cle Soluciones Biometricas C.A., якая займаецца біямэтрычнымі тэхналёгіямі. У Міністэрстве фінансаў ЗША лічаць, што кампанія спрыяла рэжыму Мадуры на парлямэнцкіх выбарах.
Пад санкцыі таксама трапілі аргентынец і вэнэсуэлец, зьвязаныя з Soluciones Biometricas.
Міністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын заявіў, што «рэжым Мадуры, які фальсыфікуе выбары, дэманструе грэбаваньне дэмакратычнымі памкненьнямі вэнэсуэльскага народу».
Выбары ў вэнэсуэльскі парлямэнт прайшлі 6 сьнежня. Паводле афіцыйных вынікаў, большасьць у ім атрымалі хаўрусьнікі Мадуры. ЗША, Эўразьвяз і больш за дзесяць краінаў Лацінскай Амэрыкі гэтых вынікаў не прызналі і заявілі, што выбары былі несумленнымі.