Дакумэнт прадставіла міністар працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касьцевіч, паведамляе «Інтэрфакс-Захад». Новы закон прадугледжвае ўзмацненьне дысцыпліны і адказнасьці цывільных службоўцаў у мэтах «збліжэньня іхнага праўнага статусу з вайскоўцамі».
Забясьпечыць службовую дысцыпліну чыноўнікаў хочуць аналягічна вайсковым статутам і пастановам вайсковых арганізацыяў.
У праекце закону, паводле Касьцевіч, замацавалі агульныя патрабаваньні да этычных паводзінаў цывільных службоўцаў, а патрабаваньні дысцыплінарных статутаў пашырылі ня толькі на месца працы, але і на «паводзіны ў побыце».
У выпадку невыкананьня статутаў да такіх службоўцаў будуць ужываць «меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня». Праект закону замацоўвае цэласную сыстэму дзяржаўнай службы, якая складаецца зь дзяржаўных цывільнай і вайсковай службаў, а таксама службы ў ваенізаваных арганізацыях.