Паведамленьне пра гэта апублікавана на афіцыйным сайце для інфармацыі аб таргах, піша Крым.Реалии.
За вінзавод заплацілі 5 млрд 327 млн расейскіх рублёў (прыкладна 152 мільёны беларускіх рублёў). Другі ўдзельнік аўкцыёну ТАА «Эстейт Групп» прапанаваў за вінзавод 5,3 мільярда расейскіх рублёў. Гэтая кампанія была створаная ў кастрычніку 2020 году са статутным капіталам 10 тысяч расейскіх рублёў (прыкладна 285 беларускіх рублёў), адзначае выданьне «Медуза». Раней экспэрты адзначалі, што рэальны кошт заводу істотна вышэйшы.
«Южный проект» зарэгістраваны ў Санкт-Пецярбургу і на 99,9 % належыць банку «Россия». Раней гэтая кампанія купіла завод шампанскіх вінаў «Новый Свет» у Судаку ў Крыме за 1,5 млрд расейскіх рублёў (прыкладна 43 мільёны беларускіх рублёў). Асноўным акцыянэрам і былым старшынём рады дырэктараў банку «Россия» ёсьць Юрый Кавальчук, які ўваходзіць у «блізкае кола» прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Выданьне «Проект» нядаўна назвала яго другім чалавекам у Расеі.
Пасьля анэксіі Крыму міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць Кавальчука. Банк «Россия» зараз працуе на паўвостраве, ён таксама знаходзіцца пад санкцыямі.
Міністэрства замежных справаў Украіны выказала рашучы пратэст у сувязі з продажам крымскага вінзаводу.
Пасьля анэксіі Крыму завод нацыяналізавалі ўлады РФ, а потым было прынятае рашэньне аб яго прыватызацыі.