Апошнімі днямі тэлеграм-каналы адзін за адным выкладваюць аўдыёзапісы тэлефонных размоваў, на якіх гучаць галасы, падобныя да галасоў людзей, набліжаных да Лукашэнкі (нібыта Дзьмітрый Баскаў размаўляе зь Дзьмітрыем Шакутам і Натальляй Эйсмант). Лукашэнка сам быў вымушаны рэагаваць і паабяцаў расказаць праўду наступным тыднем.
Сьцісла:
- Не адказваючы на зьлівы аўдыёзапісаў тэлефонных размоваў, улады прайграюць інфармацыйную вайну.
- Пытаньне пра тое, хто запісаў і зьліў інфармацыю, мае некалькі магчымых адказаў.
- Пры ўмове, што запісы праўдзівыя, зь іх вынікае, што фэдэрацыя хакею Беларусі, як і хакейная каманда прэзыдэнта, — гэта ня толькі пра хакей. Гэта «дах» для нейкіх баявых груп па расправе з апанэнтамі Лукашэнкі.
- Вузкае кола гэтых «рэакцыянэраў», страшна далёкія яны ад народу.
Зьмест размоваў вельмі непрыемны для ўладаў. З словаў Лукашэнкі высьветлілася, што ім спатрэбіцца цэлы тыдзень, каб падрыхтаваць нейкую вэрсію, якая б выглядала праўдападобна і абельвала людзей, чые галасы гучаць на аўдыёзапісах. Самы просты адказ на гэтыя зьлівы — усё няпраўда, хлусьня, гэта мантаж, зроблены заходнімі спэцслужбамі. Але каб гэта давесьці, ня трэба чакаць цэлы тыдзень.
У сучасную эпоху апярэдзіць праціўніка на некалькі дзён — значыць перамагчы ў інфармацыйнай вайне. І вэрсія, агучаная праз тыдзень, будзе мала каму цікавая. Да таго ж рэпутацыя Лукашэнкі і ягонага бліжэйшага атачэньня вельмі нізкая. Таму, што б яны ні сказалі, будзе ўспрымацца большасьцю грамадзкасьці з дакладнасьцю да наадварот.
Першае пытаньне, якое ўзьнікае: хто запісаў і зьліў? Беларускія спэцслужбы ў піку Лукашэнку? Верагодна, аднак людзі, якія гэта зрабілі, рызыкуюць жыцьцём. Такое не даруецца. Тым больш, іх ня так ужо складана вылічыць.
Расейскія спэцслужбы? Дырэктар Службы зьнешняй выведкі Сяргей Нарышкін увесь час выкрывае змовы Захаду супраць Беларусі. Дый цяжка ўявіць, каб расейскія спэцслужбы зьлівалі інфармацыю тэлеграм-каналу «Нехта», які ў Маскве лічаць галоўным правадніком «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі.
Заходнія спэцслужбы? Больш верагодна.
Зьлітыя тэлефонныя размовы вельмі падобныя да праўды. Гледзячы па ўсім, слухаюць старшыню фэдэрацыі хакею Дзьмітрыя Баскава. Менавіта голас, падобны да ягонага, гучыць у абодвух аўдыёзапісах.
Пра што мы даведаліся з гэтых запісаў, пры ўмове, што яны праўдзівыя? Што фэдэрацыя хакею Беларусі, як і хакейная каманда прэзыдэнта — гэта ня толькі пра хакей. Гэта «дах» для нейкіх баявых груп па расправе з апанэнтамі Лукашэнкі. На тле абмеркаваньня пытаньня пра перанос чэмпіянату сьвету па хакеі 2021 году зь Беларусі ў іншую краіну гэтая інфармацыя вельмі актуальная.
Яшчэ адна важная выснова. Доўгі час пра беларускую апазыцыю пісалі словамі клясыка: вузкае кола гэтых рэвалюцыянэраў, страшна далёкія яны ад народу.
Цяпер тое самае можна казаць пра бліжэйшае атачэньне Лукашэнкі. Толькі слова «рэвалюцыянэры» варта замяніць на «рэакцыянэры». Глядзіце, хто наводзіць «парадак» у дварах сталіцы: прэсавая сакратарка прэзыдэнта, адказная за ідэалягічную працу ў дзяржаве, старшыня фэдэрацыі хакею, намесьнік міністра ўнутраных спраў. Пад дахам і кантролем начальніка Службы бясьпекі прэзыдэнта і самога кіраўніка МУС. Больш няма каму? Ня хочуць нагружаць АМАП, даюць яму адпачыць у будзённыя дні? І выходзіць, што замяніць амапаўцаў няма каму?
Самі ўдзельнікі гэтай апэрацыі разглядаюць яе як прыгоду, прыкол, «развлекуху». Так, паехаць па гораду пад аховай супрацоўнікаў МУС «пабалдзець» зь віном «Масандра». А хто будзе супраціўляцца, то «забіраць» і «пакаваць» у багажнік. Усё гэта зь вясёлым сьмехам. На тле забойства Рамана Бандарэнкі гэта выглядае асабліва злавесна.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.