Чакаецца, што электары зацьвердзяць перамогу Байдэна, нягледзячы на тое, што Трамп і яго прыхільнікі не прызнаюць вынікі выбараў, заяўляючы пра фальсыфікацыі.
Кожны з штатаў паводле Канстытуцыі мае пэўную колькасьць электараў — іх столькі, колькі прадстаўнікоў ад штату засядае ў Кангрэсе (ад трох да 55 —найбольшая колькасьць электараў ад Каліфорніі). Акрамя таго, трох электараў мае сталічная акруга Калюмбія. Усяго іх 538.
Калегія не зьбіраецца ў нейкім адным месцы — галасаваньне арганізавана асобна ў кожным штаце. Мяркуецца, што электары галасуюць за таго кандыдата, які атрымаў у штаце большасьць галасоў. У гісторыі бывалі выпадкі, калі электары адмаўляліся падтрымліваць кандыдата, за якога мусілі аддаць свой голас — у 2016 годзе так зрабілі адразу 5 электараў-дэмакратаў і двое рэспубліканцаў. Такія выпадкі, тым ня менш, рэдкія, і яны ніколі не зьмянялі выніку выбараў.
Трамп і яго юрысты спрабавалі перашкодзіць зацьвярджэньню перамогі Байдэна, падаючы пазовы ў суды, а таксама дамагаючыся ад заканадаўчых сходаў шэрагу штатаў, каб яны дыскваліфікавалі электараў-дэмакратаў. Ніводзін з гэтых крокаў не прывёў да посьпеху. Прэзыдэнт, тым ня менш, працягвае настойваць, што перамогу Байдэна нельга прызнаваць. Большасьць камэнтатараў лічыць, што сьцьвярджэньні Трампа і яго каманды пра фальсыфікацыі ня маюць доказаў, да такой жа думкі прыйшлі і суды.
Вынікі выбараў прэзыдэнта 6 студзеня павінен фармальна зацьвердзіць Кангрэс.
Чальцы Кангрэсу маюць права аспрэчыць вынікі галасаваньня ў кожным з штатаў — прычым калі іх аспрэчыць хаця б адзін дэпутат у кожнай палаце, у Палаце прадстаўнікоў і ў Сэнаце можа прайсьці галасаваньне аб прызнаньні вынікаў галасаваньня ў тым ці іншым штаце.
Многія камэнтатары лічаць, што да гэтага наўрад ці дойдзе — але нават калі дойдзе, наўрад ці прыхільнікі Трампа даб’юцца посьпеху, бо дэмакраты захавалі большасьць у Палаце прадстаўнікоў і хутчэй за ўсё адкінуць усе спробы ануляваць вынік выбараў у тым ці іншым штаце.
Уступленьне на пасаду новага прэзыдэнта заплянаванае на 20 студзеня.