Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд ЗША адхіліў спробу рэспубліканцаў аспрэчыць перамогу Байдэна ў Пэнсыльваніі


Прыхільнікі Джо Байдэна ў сталіцы Пэнсыльваніі — Філадэлфіі.
Прыхільнікі Джо Байдэна ў сталіцы Пэнсыльваніі — Філадэлфіі.

Вярхоўны суд у аўторак адхіліў спробу рэспубліканцаў прызнаць несапраўднымі каля 2,5 мільёна бюлетэняў, адпраўленых па пошце ў Пэнсыльваніі на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, і тым самым аспрэчыць перамогу Джо Байдэна ў гэтым штаце.

Суд вынес кароткую пастанову, адхіліўшы запыт, зроблены кангрэсмэнам Майкам Кэлі, саюзьнікам Трампа, і яшчэ шэрагам прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі ад Пэнсыльваніі. Яны падалі пазоў пасьля выбараў, сьцьвярджаючы, што новыя правілы галасаваньня па пошце, уведзеныя ўладамі Пэнсыльваніі ў 2019 годзе, супярэчаць заканадаўству штата.

Пэнсыльванія стала адным з штатаў, вынікі галасаваньня ў якіх сталі вырашальнымі для перамогі Джо Байдэна ў агульнанацыянальным маштабе. Улады Пэнсыльваніі, штата на паўночным усходзе ЗША, ужо афіцыйна пацьвердзілі вынікі выбараў.

Рашэньне было падтрымана ўсімі судзьдзямі, у тым ліку шасьцю кансэрватарамі, трое зь якіх былі прызначаныя на пасаду Дональдам Трампам.

Трамп сьцьвярджае, што менавіта ён стаў пераможцам выбараў, бяздоказна заяўляючы аб шырокамаштабных фальсыфікацыях пры падліку галасоў у некалькіх штатах, уключаючы Пэнсыльванію. Дэмакраты абвінавачваюць Трампа ў імкненьні падарваць давер грамадзтва да сумленнасьці выбараў у Злучаных Штатах і да дэмакратыі ў цэлым.

Аўтары пазову сьцьвярджалі, што закон аб галасаваньні па пошце, які дазваляе выбаршчыкам свабодна галасаваць з дапамогай адпраўкі паштовых бюлетэняў і быў прыняты заканадаўчым сходам Пэнсыльваніі ў 2019 годзе, зьяўляецца парушэньнем канстытуцыі штату. Заканадаўчы сход Пэнсыльваніі кантралюецца Рэспубліканскай партыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG