13 і 14 сьнежня Сьвятлана Ціханоўская будзе зь візытам у Бэрліне, а да 16 сьнежня — у Брусэлі, паведаміў БелаПАН паводле прэсавай службы Ціханоўскай.
У Брусэлі Ціханоўская сустрэнецца з
- прэмʼер-міністрам Бэльгіі Аляксандрам дэ Кро,
- высокім прадстаўніком Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпам Бурэлем,
- намесьніцай старшыні Эўрапейскай Камісіі Верай Ёўравай,
- эўракамісарам у пытаньнях пашырэньня і палітыкі суседзтва Олівэрам Вархэі,
- спэцыяльным прадстаўніком Эўразьвязу ў правах чалавека Іманам Гілмарам,
- прэзыдэнтам Эўрапейскага Парлямэнту Давідам Сасолі.
Ціханоўская таксама выступіць на сумесным пасяджэньні камітэтаў замежных справаў, разьвіцьця, правоў чалавека і дэлегацыі для сувязяў зь Беларусьсю.
16 сьнежня пройдзе цырымонія ўручэньня прэміі Сахарава. Яе ляўрэатам стала група дзеячоў дэмакратычнай апазыцыі, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава, Вераніка Цапкала, Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі, нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, зьняволены муж Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі, заснавальнік тэлеграм-каналу Nexta Сьцяпан Пуціла, Алесь Бяляцкі з праваабарончай арганізацыі «Вясна» і палітвязень Мікалай Статкевіч. Ляўрэата прэміі абраў прэзыдыюм Эўрапарлямэнту, у які ўваходзяць сьпікер і старшыні ўсіх сямі фракцыяў.
У Бэрліне Сьвятлана Ціханоўская сустрэнецца з
- прэзыдэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам,
- прэзыдэнтам Бундэстагу Вольфгангам Шойбле,
- віцэ-прэзыдэнтам Кляўдыяй Рот,
- кіраўнікамі камісіяў замежных справаў і правоў чалавека,
- дарадцам канцлера Ангелы Мэркель у замежнай палітыцы Янам Гэкерам.
Ціханоўскую запрасілі на экумэнічную малітву і дыскусію ў Бэрлінскім саборы і на акцыю салідарнасьці беларускай дыяспары «Разам».
Яна таксама сустрэнецца зь Сьвятланай Алексіевіч.
Мэта гэтых візытаў — «выканаць самую неадкладную задачу: спыніць гвалт і беззаконьне супраць беларусаў як першы крок да палітычнага дыялёгу, які павінен прывесьці да вырашэньня палітычнага крызісу ў Беларусі і новых прэзыдэнцкіх выбараў», — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы Ціханоўскай.