Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыстаф Вальц выканае ролю Міхаіла Гарбачова ў сэрыяле ад Paramount


Крыстаф Вальц
Крыстаф Вальц

Аўстрыйскі актор Крыстаф Вальц выканае ролю апошняга генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова ў міні-сэрыяле ад студыі Paramount.

Яго партнэрам у фільме стане актор Майкл Дуглас у ролі 40-га прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана. Пра гэта паведамляе выданьне «Deadline».

Сэрыял заснаваны на кнізе Кенэта Адэльмана «Рэйган у Рэйк’явіку: сорак восем гадзін, якія скончылі Халодную вайну». Адэльман быў дырэктарам упраўленьня кантролю над узбраеньнем і дарадцам Рэйгана. Сэрыял раскажа пра саміт у Ісьляндыі паміж кіраўнікамі СССР і ЗША. Лічыцца, што гэтыя перамовы сталі першым крокам да завяршэньня Халоднай вайны і заклалі асновы для будучай Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці.

Рэжысэрам сэрыялу стане Джэймс Фоўлі, які зьняў эпізоды для шоў «Картачны домік», «Ганібал» і «Мільярды». Як паведамляе «Deadline», аўтары сэрыялу абяцаюць «прадставіць сумленны і падрабязны партрэт Рэйгана ў адзін зь яго найлепшых і самых складаных момантаў».

Крыстафу Вальцу 64 гады. Ён двухразовы ўладальнік прэміі «Оскар» у намінацыі «Найлепшая мужчынская роля другога пляну» за ролю нацысцкага палкоўніка ў фільме «Няслаўныя байструкі» і за ролю доктара Шульца ў фільме «Джанга вызвалены».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG