У падтрымку свабоды масмэдыя ў Беларусі выступілі кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў Латвіі Эдвардс Рынкевічс і Літвы Лінас Лінкявічус на Ўсясьветнай канфэрэнцыі свабоды прэсы, арганізаванай UNESCO і Міністэрствам замежных спраў Нідэрляндаў, піша БелаПАН.
Рынкевічс зьвярнуў «асаблівую ўвагу на драматычную сытуацыю з СМІ ў Беларусі». Ён расказаў аб праграмах падтрымкі, навучаньня і лячэньня, якія прапануе Латвія, і заклікаў узмацніць падтрымку незалежных СМІ ў Беларусі.
Лінкявічус заклікаў беларускія ўлады пакласьці канец усім формам гвалту над журналістаамі, адвольным арыштам і затрыманьням, а таксама расьсьледаваць парушэньні свабоды СМІ.
«Свабода выказваньня думак і свабода друку — кутні камень дэмакратыі. Такім чынам, наш абавязак — гарантаваць бясьпечнае мэдыяасяродзьдзе, павысіць бясьпеку журналістаў і пакласьці канец беспакаранасьці за злачынствы супраць іх. Літва асуджае прымяненьне гвалту і рэпрэсіі супраць журналістаў», — сказаў Лінкявічус.