Беларускі партал Tut.by атрымаў міжнародную прэмію імя Паўла Шарамета. Ёй узнагароджваюць за сьмеласьць і адданасьць журналісцкім стандартам прадстаўнікоў СМІ з краін «Усходняга партнэрства».
Прэмію ўручаць 8 сьнежня ў Брусэлі на 12-й штогадовай Асамблеі.
У папярэднія гады прэмію атрымлівалі
- украінскі журналіст з Крыму Мікалай Сямена,
- незалежны азэрбайджанскі журналіст-дасьледнік Афган Мухтарлы,
- малдаўская журналістка Натальля Морар і супольнасьць мясцовых журналістаў-дасьледнікаў з арганізацыі RISE Moldova.
Tut.by – чацьвёрты ляўрэат прэміі Шарамета.
Журналістка парталу Кацярына Барысевіч цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары за матэрыял пра тое, што жыхар «плошчы Перамен» Раман Бандарэнка быў цьвярозы, калі яго пасьля зьбіцьця і выкраданьня невядомымі прывезьлі зь міліцыі ў шпіталь з траўмамі, ад якіх ён памёр.
Вядомы журналіст Павал Шарамет загінуў у цэнтры Кіева раніцай 20 ліпеня 2016 года ў выніку выбуху аўтамабіля. Вінаватых у забойстве дагэтуль не знайшлі.