Пра гэта ў панядзелак, на другі дзень пасьля галасаваньня, абвясьціла выбарчая камісія. 27 апазыцыйных партый, у тым ліку «Дэмакратычнае дзеяньне», «Справядлівасьць перш за ўсё» і «Народная воля», байкатавалі выбары, называючы іх махлярствам.
Нацыянальная асамблея была апошнім дзяржаўным інстытутам, які заставаўся па-за кантролем кіроўнай партыі сацыялістаў. Цяпер ён зноў пераходзіць у рукі паплечнікаў Мадуры — нягледзячы на развал эканомікі, санкцыі ЗША, якія перашкаджаюць экспарту нафты, і выезду з краіны каля пяці мільёнаў грамадзянаў — прыкладна шостай часткі насельніцтва Вэнэсуэлы.
Як заявіла кіраўніца выбарчай камісіі Індзіра Альфонса, за кандыдатаў, якія падтрымліваюць прэзыдэнта Мадуру, выказаліся прыкладна 68% выбарнікаў — ад агульнага ліку 5 мільёнаў 200 тысяч грамадзянаў, якія прыйшлі на ўчасткі. Яўка склала 31%.
Многія вэнэсуэльцы падтрымалі байкот парлямэнцкіх выбараў, да якога заклікалі апазыцыйныя партыі і лідэр апазыцыі, старшыня цяперашняй Асамблеі, Хуан Гуайдо. Ён просіць грамадзянаў узяць удзел ва ўсенародным апытаньні 12 сьнежня, каб выказацца наконт легітымнасьці галасаваньня 6 сьнежня і наконт магчымасьці прызначэньня новага ўраду.
Гуайдо і іншыя апазыцыянэры падкрэсьліваюць, што кабінэт Нікаласа Мадуры няздольны забясьпечыць правядзеньне ў Вэнэсуэле сумленнага выбарчага працэсу.
Апазыцыя перамагла на выбарах у парлямэнт у 2015 годзе. Аднак прыхільнікі Мадуры склікалі так званую Нацыянальную канстытуцыйную асамблею, да якой перайшла частка паўнамоцтваў заканадаўчага органу, а сам Мадура перамог на выбарах прэзыдэнта, якія апазыцыя байкатавала.
ЗША і яшчэ дзясяткі краінаў, у тым ліку многія дзяржавы Лацінскай Амэрыкі, не прызнаюць Нікаласа Мадуру легітымным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы, заяўляючы аб падтрымцы Хуана Гуайдо.