Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 рэчаў, якія варта ведаць пра парлямэнцкія выбары ў Вэнэсуэле


Лідэр вэнэсуэльскай апазыцыі Хуан Гуайдо на антыпрэзыдэнцкім мітынгу ў Каракасе, сакавік 2019 г.
Лідэр вэнэсуэльскай апазыцыі Хуан Гуайдо на антыпрэзыдэнцкім мітынгу ў Каракасе, сакавік 2019 г.

У Вэнэсуэле 6 сьнежня праходзяць выбары ў 277-мандатны Нацыянальны сход. Большасьць апазыцыйных партый байкатуе гэтыя выбары, называючы іх падманам.

Выбары адбываюцца на тле двухгадовай барацьбы за ўладу паміж прэзыдэнтам Нікалясам Мадурам і лідэрам апазыцыі Хуанам Гуайдо, якога падтрымлівае большасьць дэпутатаў у цяперашнім парлямэнце.

Што варта ведаць пра выбары ў гэтай лацінаамэрыканскай краіне, зь якой рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымлівае даволі блізкія кантакты?

1. Пераможа прапрэзыдэнцкая кааліцыя

Чакаецца, што выбарчая кааліцыя прэзыдэнта Нікаляса Мадуры беспраблемна атрымае большасьць у Нацыянальным сходзе, бо асноўныя апазыцыйныя партыі, якія падтрымліваюць Хуана Гуайдо, байкатуюць галасаваньне.

25 апазыцыйных партый прынялі такое рашэньне, бо і выбарчыя камісіі, і Вярхоўны суд Вэнэсуэлы кантралююцца прыхільнікамі Мадуры. Яны сьцьвярджаюць, што калі б яны прынялі ўдзел, вынік і так быў бы сфальсыфікаваны на карысьць кааліцыі Мадуры, а таму яны выбралі байкот, каб не «надаваць легітымнасьці выбарам».

2. Будуць праблемы зь міжнародным прызнаньнем

ЭЗ, ЗША і Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаў заявілі, што выбары не адпавядаюць прымальным стандартам дэмакратычнай празрыстасьці і таму яны ня будуць лічыць іх вынікі легітымнымі.

Аднак парлямэнт, кантраляваны прыхільнікамі Мадуры, хутчэй за ўсё, будзе прызнаны такімі яго саюзьнікамі, як Расея, Кітай, Турэччына і Іран, а таксама Куба і Нікарагуа.

3. Нікаляс Мадура атрымае паўнату ўлады

Калі кантроль над Нацыянальным сходам пяройдзе ад Гуайдо да Мадуры, то прэзыдэнт, як чакаецца, выкарыстае гэтую сытуацыю для прыняцьця заканадаўства, якое яшчэ больш узмоцніць яго палітычны і эканамічны кантроль над Вэнэсуэлай.

4. Ня ўся апазыцыя стаіць непахісна за Гуайдо

У апошнія месяцы Хуан Гуайдо сутыкнуўся з пытаньнямі і сумневамі сярод антыпрэзыдэнцкай апазыцыі наконт далейшай апазыцыйнай стратэгіі, у тым ліку рашэньня байкатаваць выбары. Яго прызнаньне як «часовага прэзыдэнта» прыблізна 60 дзяржавамі сьвету грунтавалася на яго пасадзе кіраўніка Нацыянальнага сходу. Невядома, як з гэтым прызнаньнем будзе пасьля 6 сьнежня і як павядуць сябе партыі, якія цяпер падтрымліваюць Гуайдо і байкот выбараў.

5. Палітычны тупік наўрад ці скончыцца

Калі Нікаляс Мадура і яго прыхільнікі адновяць кантроль над Нацыянальным сходам, гэта толькі ўмацуе цяперашнія пазыцыі за і супраць яго як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні.

Пазасыстэмная апазыцыя будзе вымушаныя шукаць пазасыстэмныя шляхі спыненьня прэзыдэнцтва Мадуры. Гэта можа прывесьці да ўзмацненьня напружанасьці і новага супрацьстаяньня.

Што варта ведаць пра гісторыю дваяўладзьдзя Гуайдо-Мадура ў Вэнэсуэле

  • На працягу апошніх 20 гадоў Вэнэсуэлай кіруе сацыялістычная партыя (Partido Socialista Unido de Venezuela). З 1999 да сваёй сьмерці ў 2013 годзе прэзыдэнтам краіны быў Уга Чавэс. Наступнікам Чавэса стаў ягоны найбольш верны таварыш Нікаляс Мадура.
  • Пры прэзыдэнту Мадуру эканоміка Вэнэсуэлы абрынулася. Прыблізна 4,5 мільёна чалавек пакінулі 28-мільённую краіну з эканамічных прычын.
  • Пасьля сьмерці Чавэса таваразварот між Беларусьсю і Вэнэсуэлай упаў з 1,3 млрд даляраў да пары мільёнаў даляраў.
  • У сьнежні 2016 году апазыцыйныя партыі атрымалі большасьць у Нацыянальным сходзе — парлямэнце краіны. У адказ Мадура стварыў Канстытуцыйны сход, які складаецца выключна з прыхільнікаў ураду і паўнамоцтвы якога перавышаюць паўнамоцтвы Нацыянальнага сходу. З таго часу абедзьве заканадаўчыя структуры знаходзяцца ў канфлікце.
  • Мадура быў афіцыйна пераабраны ў 2018 годзе, але вэнэсуэльская апазыцыя і пераважная большасьць міжнароднай супольнасьці прызналі выбары сфальсыфікаванымі. Лідэр Нацыянальнага сходу Хуан Гуайдо назваў Мадуру «ўзурпатарам» і 23 студзеня 2019 году абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам. Такім чынам, у краіне цяпер «два прэзыдэнты» і «два парлямэнты».
  • Часовым кіраўніком дзяржавы Гуайдо прызналі ЗША, 13 лацінаамэрыканскіх дзяржаў, большасьць дзяржаў Эўразьвязу. Мадура назваў тое, што адбылося, спробай перавароту і заявіў аб разрыве дыпляматычных адносін са Злучанымі Штатамі. У яго падтрымку выказаліся Расея, Беларусь, Іран, Кітай, Куба, Нікарагуа, Сырыя і Турэччына.
  • У першай палове 2019 году ў Вэнэсуэле адбываліся масавыя пратэсты супраць рэжыму Нікаляса Мадуры. Улады, каб зьбіць пратэставыя настроі, рэзка абмежавалі доступ жыхароў краіны да інтэрнэту, часова заблякавалі некалькі папулярных у краіне сацыяльных сетак, а таксама сайты і тэлеканалы інфармацыйных службаў CNN і ВВС за рэпартажы пра акцыі пратэсту. Супраць пратэстоўцаў на вуліцах урад выкарыстаў бронемашыны, сьлезацечны газ. Больш за 100 чалавек загінулі. Арыштаваных удзельнікаў пратэстаў катавалі.
  • У студзені 2020 году Мадура зрабіў спробу раскалоць Нацыянальны сход, не дапусьціўшы апазыцыю на галасаваньне за новае кіраўніцтва заканадаўчага органу. Праўладны дэпутат Люіс Эдуарда Пара абвясьціў сябе старшынём Нацыянальнай асамблеі, хоць быў абраны бяз кворуму. Прыхільнікі Гуайдо сабраліся ў іншым месцы і перавыбралі сьпікерам яго — у падтрымку Гуайдо прагаласавалі 100 дэпутатаў 167-мандатнага парлямэнту.
  • У жніўні 2020 году Мадура выдварыў з Вэнэсуэлы амбасадара Эўразьвязу ў адказ на санкцыі, якія Брусэль увёў супраць некаторых вэнэсуэльскіх чыноўнікаў.
  • У верасьні 2020 году Рада правоў чалавека ААН апублікавала даклад спэцыяльнай місіі па вывучэньні сытуацыі ў Вэнэсуэле, у якім сьцьвярджаецца: «Місія знайшла разумныя падставы меркаваць, што з 2014 году ўлады і сілы бясьпекі Вэнэсуэлы плянавалі і ўчынялі сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека, некаторыя зь якіх, уключаючы адвольныя забойствы і сыстэматычнае ўжываньне катаваньняў, складаюць злачынствы супраць чалавечнасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG