Аляксандар Лукашэнка павіншаваў кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура з днём нараджэньня, паведаміла БелТА з спасылкай на прэс-службу.
«Я добра інфармаваны пра вашыя намаганьні ў правядзеньні ўнутрынацыянальнага дыялёгу ў мэтах нармалізацыі сытуацыі ў Вэнэсуэле. Спадзяюся, што неўзабаве яны дазволяць пераадолець тыя цяжкасьці, зь якімі сутыкнулася дзяржава», — гаворыцца ў віншаваньні.
У Вэнэсуэле ўжо больш як паўтара года працягваецца барацьба за ўладу паміж леванацыяналістычным урадам на чале зь Нікалясам Мадурам і правацэнтрысцкай апазыцыяй на чале са старшынём парлямэнту Хуанам Гуайдо.
У студзені 2019 году Хуан Гуайдо абвясьціў сябе выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Вэнэсуэлы, што было прызнана больш як 50 дзяржавамі.
Аднак Нікаляс Мадура, на чыім баку армія, па-ранейшаму трымае рэальную ўладу ў краіне.
Сытуацыя Гуайдо крыху нагадвае цяперашнюю міжнародную сытуацыю Сьвятланы Ціханоўскай — ён сустракаецца зь міжнароднымі лідэрамі, за мяжой яго прымаюць як часовага кіраўніка дзяржавы, але ў Вэнэсуэле як выканаўчая, так і заканадаўчая галіны ўлады — пад кантролем Мадуры.
Што варта ведаць пра гэтае дваяўладзьдзе ў Вэнэсуэле?
- На працягу апошніх 20 гадоў Вэнэсуэлай кіруе сацыялістычная партыя (Partido Socialista Unido de Venezuela). З 1999 да сваёй сьмерці ў 2013 годзе прэзыдэнтам краіны быў Уга Чавэс. Наступнікам Чавэса стаў ягоны найбольш верны таварыш Нікаляс Мадура.
- Пры прэзыдэнту Мадуру эканоміка Вэнэсуэлы абрынулася. Прыблізна 4,5 мільёна чалавек пакінулі 28-мільённую краіну з эканамічных прычын.
- У сьнежні 2016 году апазыцыйныя партыі атрымалі большасьць у Нацыянальным сходзе — парлямэнце краіны. У адказ Мадура стварыў Канстытуцыйны сход, які складаецца выключна з прыхільнікаў ураду і паўнамоцтвы якога перавышаюць паўнамоцтвы Нацыянальнага сходу. З таго часу абедзьве заканадаўчыя структуры знаходзяцца ў канфлікце.
- Мадура быў перавыбраны ў 2018 годзе, але вэнэсуэльская апазыцыя і пераважная большасьць міжнароднай супольнасьці прызналі выбары сфальсыфікаванымі. Лідэр Нацыянальнага сходу Хуан Гуайдо назваў Мадуру «ўзурпатарам» і 23 студзеня 2019 году абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам. Такім чынам, у краіне цяпер «два прэзыдэнты» і «два парлямэнты».
- Часовым кіраўніком дзяржавы Гуайдо прызналі ЗША, 13 лацінаамэрыканскіх дзяржаў, большасьць дзяржаў Эўразьвязу. Мадура назваў тое, што адбылося, спробай перавароту і заявіў аб разрыве дыпляматычных адносін са Злучанымі Штатамі. У яго падтрымку выказаліся Расея, Беларусь, Іран, Кітай, Куба, Нікарагуа, Сырыя і Турэччына.
- У першай палове 2019 году ў Вэнэсуэле адбываліся масавыя пратэсты супраць рэжыму Нікаляса Мадуры. Улады, каб зьбіць пратэставыя настроі, рэзка абмежавалі доступ жыхароў краіны да інтэрнэту, часова заблякавалі некалькі папулярных у краіне сацыяльных сетак, а таксама сайты і тэлеканалы інфармацыйных службаў CNN і ВВС за рэпартажы пра акцыі пратэсту. Супраць пратэстоўцаў на вуліцах урад выкарыстаў бронемашыны, сьлезацечны газ. Больш за 100 чалавек загінулі. Арыштаваных удзельнікаў пратэстаў катавалі.
- У студзені 2020 году Мадура зрабіў спробу раскалоць Нацыянальны сход, не дапусьціўшы апазыцыю на галасаваньне за новае кіраўніцтва заканадаўчага органу. Праўладны дэпутат Луіс Эдуарда Пара абвясьціў сябе старшынём Нацыянальнай асамблеі, хоць быў абраны бяз кворуму. Прыхільнікі Гуайдо сабраліся ў іншым месцы і перавыбралі сьпікерам яго — у падтрымку Гуайдо прагаласавалі 100 дэпутатаў з 167-мандатнага парлямэнту.
- У жніўні 2020 году Мадура выдварыў з Вэнэсуэлы амбасадара Эўразьвязу ў адказ на санкцыі, якія Брусэль увёў супраць некаторых вэнэсуэльскіх чыноўнікаў.
- У верасьні 2020 году Рада правоў чалавека ААН апублікавала даклад спэцыяльнай місіі па вывучэньні сытуацыі ў Вэнэсуэле, у якім сьцьвярджаецца: «Місія знайшла разумныя падставы меркаваць, што з 2014 году ўлады і сілы бясьпекі Вэнэсуэлы плянавалі і ўчынялі сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека, некаторыя зь якіх, уключаючы адвольныя забойствы і сыстэматычнае ўжываньне катаваньняў, складаюць злачынствы супраць чалавечнасці».
- У Вэнэсуэле 6 сьнежня маюць адбыцца выбары ў Нацыянальны сход. Больш за 25 партыяў краіны адмовіліся ад удзелу ў гэтых выбарах, якія апазыцыя называе падманам.