3 сьнежня пачынаецца суд над беларускай са Швайцарыі Натальляй Хершэ, якую абвінавачваюць у супраціўленьні супрацоўніку міліцыі пры выкананьні ім службовых абавязкаў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Натальля зьняла балаклаву зь міліцыянта, за гэта на яе і завялі крымінальную справу.
Беларуска Натальля Хершэ стала жыве ў Швайцарыі цягам 12 гадоў. Там жа жывуць яе дарослыя дзеці. Калі сарваўся адпачынак, які Натальля з мужам Робэртам хацела правесьці ў цёплых краінах, вырашыла прыехаць на радзіму і пабачыць на ўласныя вочы, што адбываецца ў Беларусі.
Пасялілася ў Менску ў сяброўкі. Хадзіла на акцыі пратэсту ў Менску і Маладэчне, дзе жыве яе брат Генадзь. Плянавала пагасьціць на радзіме пару тыдняў, а засталася тут надоўга.
Затрымалі спачатку на 15 сутак, пасьля завялі крымінальную справу
Натальлю Хершэ затрымалі на жаночым маршы 19 верасьня ў Менску. Тады каля гандлёвага цэнтру «Айсбэрг» на скрыжаваньні вуліц Сурганава і Якуба Коласа былі жорсткія затрыманьні жанчын. Натальля трапіла на фота некалькіх карэспандэнтаў.
Спачатку жанчыну пасадзілі на 15 сутак паводле артыкулу 23.34 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Зьмясьцілі на Акрэсьціна. А потым завялі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку ўнутраных спраў з прымяненьнем гвалту (артыкул 363.2 Крымінальнага кодэксу) — за тое, што яна нібыта сарвала балаклаву з амапаўца.
У «Валадарцы» шасьцёра — у камэры на чацьвярых
Амаль два месяцы жанчына правяла ў жодзінскай турме № 8, а тыдзень таму, перад судом, Натальлю Хершэ перавялі ў менскі СІЗА № 1 на Валадарскага. Пра гэта расказаў Свабодзе брат Натальлі Генадзь, які жыве ў Маладэчне. Раней ён працаваў доктарам, цяпер у фармацэўтычнай кампаніі.
«Трымаецца Натальля вельмі стойка. Сапраўдная змагарка — як Марыя Калесьнікава, зь якой сястра перасякалася ў жодзінскай турме.
Умовы на Валадарцы яшчэ горшыя, чым у Жодзіне. Камэра разьлічаная на чатыры чалавекі, а ў ёй трымаюць шэсьць. Пяць жанчын кураць, а Натальля не. І для яе гэта вельмі цяжка. Пра гэта мне расказала сёньня адвакатка, якая наведала сястру апошні раз перад судом», — кажа Генадзь.
Спачатку з Натальляй працавала адна адвакатка, але яна захварэла на COVID-19 і перадала справу сваёй каляжанцы (таксама зь Менскай абласной калегіі адвакатаў), працягвае Генадзь.
«Яны вельмі добра паладзілі, новая адвакатка ўжо двойчы за апошні тыдзень сустракалася з Натальляй у СІЗА на Валадарскага. Літаральна гадзіну таму я зь ёй размаўляў. Адвакатка кажа, што размова была вельмі канструктыўная, яны разам выпрацавалі тактыку для суду», — паведаміў Генадзь.
У Жодзіне Натальля сустрэлася з журналісткай Кацярынай Андрэевай
Адвакатка расказала брату Натальлі, што ў апошнюю ноч у Жодзіне да яе ў камэру прывялі журналістку Кацярыну Андрэеву. Яны пасьпелі крыху пагаварыць, Каця расказала Натальлі апошнія навіны з волі. Але турэмнікі вельмі хутка зарыентаваліся, што дзяўчаты — аднадумцы, і перавялі Кацярыну Андрэеву ў іншую камэру.
Апошнім часам лісты сталі даходзіць да Натальлі, і брат пачаў пісаць часьцей, «часам на беларускай мове».
«Апошні ліст быў на 8 старонках фармату А4. Заўсёды адпраўляю іх заказнымі. Дык вось, у апошні дзень у Жодзіне ў камэру прыйшоў турэмнік і паведаміў, што Натальлі прыйшла заказная карэспандэнцыя. А яе павялі ў амбуляторыю. Калі Натальля вярнулася, суседкі абрадавалі яе, што прыйшло два ліста. Але ў выніку Натальлі так і не аддалі іх. Яна вельмі засмуцілася і мне ў апошнім лісьце з жодзінскай турмы напісала, што гэта сваволя і зьдзек. А вось ці даходзяць на Валадарку мае лісты, я ня ведаю», — кажа брат Натальлі.
Ён спадзяецца на судзе ўпершыню за апошнія два з паловай месяцы ўбачыць сястру. Марыць перадаць ёй кнігу Оруэла «1984».