Беларуску Натальлю Хершэ са Швайцарыі арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у жаночым маршы ў Менску 19 верасьня. Цяпер яе падазраюць у супраціве супрацоўніку ўнутраных спраў з прымяненьнем гвалту (артыкул 363.2 КК).
Брат Натальлі Генадзь жыве ў Маладэчне, раней працаваў доктарам, цяпер у фармацэўтычнай кампаніі. Ён расказаў Свабодзе, што сястра прыехала ў Беларусь амаль два тыдні таму, яна спынілася на кватэры ў Менску ў сваёй сяброўкі.
«Натальля хацела на свае вочы пабачыць, што адбываецца ў Беларусі, і ўзяць удзел у мірных акцыях, — кажа брат затрыманай. — У той дзень яна была разам з усімі, хто прыйшоў ратаваць хлопчыка Арцёма, якога забралі ў прытулак у маці-актывісткі. Пасьля таго, як Арцёма вярнулі бацькам, Натальля разам зь іншымі жанчынамі пайшла на „Марш салідарнасьці“».
Генадзь кажа, што сачыў за гэтым маршам онлайн і ўбачыў у калёне сваю сястру з разгорнутым бел-чырвона-белым сьцягам.
«Яна даволі яркая асоба і трапіла на здымкі, — гаворыць ён. — Калі пайшла інфармацыя пра затрыманьні, я ёй патэлефанаваў. Чую жаночы голас: „Якое права вы маеце нас затрымліваць? Што мы парушылі?“ Потым Натальля сказала мне, што яе затрымалі. Яшчэ мы перапісваліся праз Вайбэр, калі яна была ўжо ў аўтазаку. У той дзень схапілі каля 300 чалавек, і мы спадзяваліся, што яе хутка адпусьцяць, бо яна нічога не парушала. Але яе не адпусьцілі, як і яшчэ 17 чалавек, а даставілі ў турму на Акрэсьціна».
Пра тое, што сястра на Акрэсьціна, Генадзь даведаўся толькі ў панядзелак, бо ў міліцыі раней яму не давалі інфармацыі. 22 верасьня яе справу разглядаў Савецкі суд і пакараў 15 днямі арышту паводле артыкулу 23.34 аб масавых мерапрыемствах.
«Я ня мог зразумець, чаму такое жорсткае пакараньне, бо сотні ж чалавек адпусьцілі, — кажа Генадзь. — Пра рашэньне суду я даведаўся ад дзяжурнага адваката».
Брат: Крымінальная справа, бо нібыта сарвала балаклаву з амапаўца
Пазьней Генадзь даведаўся, што Натальлі таксама інкрымінуюць абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 363.2 (супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных спраў з прымяненьнем гвалту альбо пагрозай яго прымяненьня) за тое, што яна нібыта сарвала балаклаву з амапаўца. Генадзь зьвярнуўся да ўдзельніц маршу, якія былі разам з Натальляй. Мужчына просіць іх адгукнуцца.
«Былі выпадкі, калі жанчыны зрывалі маскі з амапаўцаў, — кажа ён. — Але гэта ніякая не крымінальная справа, калі жанчына зрывае маску з чалавека, які робіць гвалтоўныя дзеяньні і не прадстаўляецца. Яе затрымлівалі чацьвёра. Я думаю, што гэтыя беспадстаўныя абвінавачаньні рассыплюцца».
«У аўтазак яе цягнулі чатыры амапаўцы, і адзін быў без балаклавы, — кажа Генадзь. — Я ня думаю, што такая далікатная жанчына магла прымяніць гвалт да сілавіка. Сёньня адвакату дазволілі сустрэчу з Натальляй у ІЧУ».
Паводле Генадзя, Натальлю судзілі як грамадзянку Беларусі, але яна мае і пашпарт Швайцарыі, дзе выйшла замуж і жыве больш за дзесяць гадоў. У швайцарскай амбасадзе Генадзю абяцалі, што таксама наведаюць Натальлю ў зьняволеньні.
Узяла адпачынак, каб прыехаць у Беларусь
Натальля ў Беларусі скончыла эканамічны ўнівэрсытэт і працавала бухгальтаркай. Але зьехала за мяжу, бо ёй не падабалася палітычная сытуацыя ў краіне і яна ня бачыла тут для сябе ніякіх пэрспэктыў.
«У яе быў адпачынак, і яна вырашыла прыехаць у Беларусь. Яна сказала, што ня можа застацца ўбаку, бо лічыць сябе беларускай». Паводле Генадзя, яго сястру, грамадзянку Швайцарыі трымаюць у заняволеньні з надуманых прычынаў.
Генадзь падтрымлівае сваю сястру і кажа, што мірныя пратэсты абавязкова будуць мець вынік.
«Народнае мірнае паўстаньне дасьць вынік. Натальля казала, што ня можа быць у гэтыя хвіліны не ў Беларусі, і яна прыляцела сюды, каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. І гэтую далікатную жанчыну асудзіць на 15 сутак ды яшчэ прышыць крымінальную справу — гэта сваволя. Гэта помста гэтых уладаў, гэтых людзей у масках, якія не разумеюць, што твораць. Але ранейшай Беларусі ўжо ня будзе. Рэжым прагніў, і тайная інаўгурацыя гэта ярка паказала», — сказаў Генадзь.