У Фрунзэнскім судзе Менску працягваецца працэс над палітвязьнямі: 26-гадовым Максімам Паўлюшчыкам і 25-гадовай Марыяй Бабовіч.
Іх вінавацяць у хуліганстве і наўмысным пашкоджаньні маёмасьці, што пацягнула шкоду ў буйным памеры — паводле ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218. Справу разглядае судзьдзя Юлія Блізьнюк, дзяржаўная абвінаваўца — Аліна Касьянчык.
У залі 25 прысутных, другі дзень працэсу пачаўся з апытаньня абвінавачаных, якія знаходзяцца ў клетцы пад аховай 4 міліцыянтаў.
Максім Паўлюшчык сказаў, што 9 верасьня спачатку быў на гульнявых аўтаматах, а потым прыйшоў да станцыі мэтро каля чатырох ночы, быў каля мэмарыялу, дзе загінуў адзін з удзельнікаў пратэстаў, там былі кветкі, іншыя надпісы. Тут убачыў Марыю, 2 бляшанкі водаэмульсійнай фарбы і пэндзаль.
Першыя 4 літары пісала Марыя. Ён папрасіў пэндзаль і працягнуў «бубем», зрабіў памылку. Ад пачатку надпіс павінен быў быць «Не забудзем». Потым стала вядома, што едзе міліцыя, але вырашылі нікуды не сыходзіць, не танцавалі і ня бегалі, як пра гэта казаў сьведка-міліцыянт. Кажа, што ў яго на руках была фарба, а ў Марыі на красоўках. Ён кажа, што 8-9 верасьня не ўжываў алькаголю (сьведка міліцыянт казаў, што ён быў п’яны). Максім сказаў, што раскайваецца. Ён сказаў, што нанесеная шкода ўжо аплачаная. Максім не прызнае, што надпіс быў цынічны і што ён нанёс шкоду маёмасьці.
Маці і бацька Максіма — інваліды другой групы, а будучая жонка цяжарная.
Марыя Бабовіч сказала, што 9 верасьня вечарам паехала ў госьці. Калі вярталася дахаты, ля мэтро «Пушкінская» сустрэла незнаёмых людзей, мужчына папрасіў дапамагчы зрабіць надпіс «Не забудзем». Калі напісала 4 літары, зьявіўся Максім Паўлюшчык, які папрасіў пэндзаль і дапісаў фразу. Калі даведаліся, што едзе міліцыя, вырашылі яе чакаць. Яна сказала, што выліла фарбу на асфальт, каб не наносілі іншыя надпісы, каб ад яе пазбавіцца, і фарба запэцкала вопратку.
Марыя сказала, што ведала значэньне надпісу «ў сувязі з апошнімі падзеямі».
«Я проста дапамагала людзям зрабіць гэты надпіс. — сказала яна. — Гэта быў мэмарыял; мне, як і ўсім беларусам вядома, што адбылося 9 жніўня на тым месцы. Там забілі Аляксандра Тарайкоўскага, і там паўстаў мэмарыял, людзі прыносяць кветкі і запальваюць зьнічы. У пэўнай меры гэта зьвязана з надпісам».
Паводле Марыі, надпіс азначаў, што нельга забыць Тарайкоўскага, тое, што зь ім адбылося. Мэты ўчыніць хуліганства ў яе не было, кажа Марыя. Яна ведала, чаму на гэты месцы зьбіраліся пісаць, і пагадзілася дапамагчы. Яна не малявала сэрцайка ў надпісе, яго напісаў Максім.
Пісалі грунтоўкай, якая змываецца вадой. Марыя кажа, што прызнае віну. Яна ня лічыць надпіс цынічным і што гэтым надпісам апаганіла плітку.
На першым пасяджэньні «Гаррамаўтадар» назваў новую суму шкоды — 211 рублёў замест 7,5 тысячы (спачатку меркавалася, што плітку давядзецца мяняць, але потым надпіс проста змылі). Заяўленая прадпрыемствам сума шкоды складае да 40 базавых велічынь, а гэта, на думку адвакатаў, не падпадае пад крымінальную адказнасьць. Яны прасілі зьмяніць меру стрыманьня, аднак судзьдзя адхіліла хадайніцтва. Максім Паўлюшчык і Марыя Бабовіч падчас суду сядзелі ў клетцы пад аховай.
Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, Максім Паўлюшчык і Марыя Бабовіч напісалі на плітцы ходніку «цынічны надпіс, які зьневажае пачуцьці грамадзян і дэманструе грэбаваньне маральнымі каштоўнасьцямі» і нанесьлі шкоду ў буйным памеры «Гаррамаўтадару» у 7 тысяч 516 рублёў 31 капейку. Пры гэтым нанясеньне надпісу «істотна зьмяніла эстэтычныя характарыстыкі тратуарнай пліткі».
Лінгвістычнае заключэньне акадэміка да справы не далучылі
У працэсе над Бабовіч і Паўлюшчыкам судзьдзя адмовілася далучыць да матэрыялаў справы заключэньне акадэміка Лукашанца адносна фразы «Не забудзем» на той падставе, што фактычна абвінавачаныя напісалі іншую фразу — «Не забудем».
Аднак да матэрыялаў справы адвакатам удалося далучыць экспэртызу адносна таго, што надпіс можна было сьцерці з дапамогай шліфоўкі і гэта каштавала б 1 рубель за квадратны мэтар. Калі ўлічыць нават указаны Гаррамаўтадарам мэтраж, то агульны кошт складае 137 рублёў.Паводле адваката, насамрэч мэтраж значна меншы, бо Гаррамаўтадар лічыў яшчэ і прылеглую да надпісу плошчу.Працяг працэсу прызначаны на заўтра.
Паралельна ў судзе Фрунзэнскага раёна 1 сьнежня пачаўся працэс над Дзянісам Граханавым, Ігарам Самусенкам, Уладзіславам Гулісам — таксама за надпіс на тратуары на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага ў першыя дні пасьлявыбарчых пратэстаў.