Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць чалавек судзяць за надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Тарайкоўскага

абноўлена

Народны мемарыял памяці Аляксандра Тарайкоўскага, 17 жніўня 2020
Народны мемарыял памяці Аляксандра Тарайкоўскага, 17 жніўня 2020

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску паралельна праходзяць адразу два судовыя працэсы па крымінальных справах за надпіс на тратуары на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага ў першыя дні пасьлявыбарчых пратэстаў.

1 сьнежня пачаўся працэс над Дзянісам Граханавым, Ігарам Самусенкам, Уладзіславам Гулісам. Судзьдзя — Юлія Крэпская.

Падсудныя ў клетцы пад аховай, у залі каля 30 чалавек. Адвакат Самусенкі заявіў хадайніцтва, каб да справы далучылі экспэртызу выразу «Не забудзем», праведзеную акадэмікам Лукашанцам. У ёй гаворыцца, што ў выразе няма цынічнасьці і зьнявагі пачуцьцяў грамадзян, грэбаваньня маральнымі каштоўнасьцямі.

На пачатку суду стала вядома, што «Гаррамаўтадар» заявіў новую суму шкоды — 255 рублёў 99 капеек (раней было 10 182 рублі 52 капейкі). Прадстаўнік прадпрыемства, кіраўнік упраўленьня «Цэнтар» Генадзь Фралоў сказаў, што ранейшая сума была заяўленая на выпадак, калі спатрэбіцца замена пліткі. Плітку мяняць не давялося, бо надпісы былі ліквідавалі з дапамогай адмысловай устаноўкі.

Два суды за надпіс «Не забудзем»

Паралельна ў Фрунзэнскім судзе Менску працягваецца працэс над палітвязьнямі: 26-гадовым Максімам Паўлюшчыкам і 25-гадовай Марыяй Бабовіч. За аднаўленьне надпісу «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага іх вінавацяць у хуліганстве і наўмысным пашкоджаньні маёмасьці, што пацягнула за сабой шкоду ў буйным памеры — паводле ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218.

Суд адмовіўся зьмяніць меру стрыманьня

У зьвязку з тым, што заяўленая «Гаррамаўтадарам» сума шкоды складае меней за 40 базавых, трое адвакатаў падсудных заявілі хадайніцтва аб зьмяненьні меры стрыманьня Граханаву, Гулісу і Самусенку на любую іншую (на падпіску аб нявыезьдзе), не зьвязаную з утрыманьнем пад вартай.

Дзяржаўны абвінаваўца выступіла супраць, маўляў, для гэтага няма падстаў. Судзьдзя Юлія Крэпская пасьля перапынку хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня не задаволіла.

Надпіс каля месца сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага
Надпіс каля месца сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага

Што кажа абвінавачаньне

У абвінавачаньні гаворыцца, што Граханаў, Гуліс і Самусенка наўмысна нанесьлі двума аэразольнымі балёнчыкамі з чырвонай і белай фарбай цынічны надпіс «Не забудзем!», які зьневажае пачуцьці грамадзян. Гэта прычыніла шкоду ў буйным памеры.

Паводле абвінавачаньня, надпіс істотна зьнізіў эстэтычныя якасьці пліткі.

Граханаў, Гуліс і Самусенка віну прызналі часткова: прызналі, што нанесьлі надпіс, але лічаць, што надпіс ня быў цынічны і што плітка пашкоджаная не была.Абвінавачаныя пачалі даваць паказаньні.

«Чалавек загінуў, а крымінальную справу не пачалі»

Дзяніс Граханаў сказаў, што 9 верасьня ўначы, каб не перашкаджаць людзям, на ровары паехаў да мэтро «Пушкінская», у заплечніку былі балёнчыкі з фарбай, каб напісаць на ходніку «Не забудзем!». Дастаў балён і пачаў пісаць чырвонай фарбай, напісаў 3–4 літары, потым белай. Двое хлопцаў вырашылі дапамагчы, гэта былі Гуліс і Самусенка.

Дзяржаўная абвінаваўца, якая знаходзіцца ў судзе бяз маскі, падрабязна распытвала, сярод іншага, навошта і дзе Граханаў набыў балёнчыкі, якой яны былі вытворчасьці, як наносіўся надпіс. Потым зьявіліся невядомыя ў балаклавах, Граханаў пабег да ровара, бо людзі ў балаклавах не прадставіліся, падбеглі з крыкамі. Граханаў зьехаў на ровары дадому. 10 верасьня яго затрымалі.

Граханаў сказаў пра матывы сваіх дзеяньняў: на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага ўтварыўся мэмарыял, туды прыносілі тысячы кветак, аднак органы не пачалі крымінальнай справы па факце забойства. Ён сказаў, што менавіта на гэтым месцы зьяўляліся іншыя надпісы такога ж зьместу цягам жніўня і на пачатку верасьня, камунальнікі засыпалі іх сольлю альбо зафарбоўвалі. Ён бачыў, як надпісы пісаліся нават у прысутнасьці супрацоўнікаў міліцыі.

«Чалавек загінуў, а крымінальную справу не пачалі, і гэта мяне, як і многіх людзей, абурыла», — сказаў Граханаў.

Ён хацеў аддаць даніну памяці і смутку загінуламу Тарайкоўскаму і яго сям’і. Надпіс нікога не зьневажае, тысячы кветак, прынесеных на тое месца, сьведчаць пра гэта. Ён сказаў, што не было думкі, што надпіс можа папсаваць плітку, плітка не была разбураная. Калі ён пазьней прыехаў на гэтае месца, то ягоны надпіс фактычна быў сьцёрты, бо «літары былі тоненькія і фарба рэдзенькая». Ён сказаў, што на плітцы ходніка ёсьць разьметка роварнай дарожкі, якую зрабілі дарожныя службы.

Граханаў не прызнаў, што надпіс быў цынічны і выявіў непавагу да грамадзтва і што надпісам ён зьнішчыў плітку і зьменшыў яе эстэтычныя якасьці. Ён сказаў, што гатовы пакрыць выдаткі «Гаррамаўтадару» — 255 рублёў.

Перапынак у судзе да 10.30 чацьвярга.

Забойства Тарайкоўскага і змаганьне ўладаў з народым мэмарыялам

10 жніўня падчас акцыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў 34-гадовы мянчук Аляксандар Тарайкоўскі. Тарайкоўскі стаў першай вядомай ахвярай гвалту сілавікоў падчас пратэстаў.

Агенцтва Associated Press апублікавала відэа, зробленае 10 жніўня 2020 году. На запісе відаць, як ён падае пасьля стрэлаў сілавікоў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.

Паводле былога намесьніка камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігара Макара, у Тарайкоўскага страляў супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі на дыстанцыі ад 50 мэтраў, хоць да ахвяры было 20–25 мэтраў.

Бацька Тарайкоўскага таксама перакананы, што сына застрэлілі сілавікі.

У лістападзе Сьледчы камітэт прыпыніў праверку па факце сьмерці Тарайкоўскага. Крымінальную справу не распачалі, падазраваных у сьмерці няма. ​

Змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

11 жніўня каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага зьявіўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніку. Людзі прыносілі да імправізаванага мэмарыялу кветкі і вянкі.

У жніўні камунальнікі пад кантролем міліцыі спрабавалі засыпаць літары пяском і рэагентамі, аднак кожны раз менчукі аднаўлялі надпіс. У верасьні людзі ў масках зафарбавалі надпіс «Не забудзем».

Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу на месцы сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.

Максім Паўлюшчык (26 год), Уладзіслаў Гуліс (25) — 2 гады калёніі.
Ігар Самусенка (25), ​Дзяніс Граханаў (42) — 1,5 года «хіміі»
Марыя Бабовіч (25) — 1,5 года «хатняй хіміі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG