Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК дагэтуль не распачаў крымінальную справу па факце гібелі Аляксандра Тарайкоўскага


Аляксандар Тарайкоўскі
Аляксандар Тарайкоўскі

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менску дагэтуль не распачало крымінальную справу па факце гібелі Аляксандра Тарайкоўскага падчас пратэстаў каля станцыі мэтро «Пушкінская» 10 жніўня, паведаміла «Прававой ініцыятыве» прадстаўніца бацькі забітага Альвіна Мінгазава.

Сьледчы камітэт афіцыйна яшчэ праводзіць праверку па факце гібелі Тарайкоўскага і 10 лістапада павінен альбо завесьці крымінальную справу, альбо адмовіць у ёй.

Адвакатка і прадстаўніца бацькі забітага Альвіна Мінгазава распавяла, што ёй складана весьці працу па гэтай справе, паколькі афіцыйна яе не прызналі прадстаўніком правоў і законных інтарэсаў пацярпелага. Наогул, бацька Тарайкоўскага будзе афіцыйна лічыцца пацярпелым толькі ў выпадку пачатку крымінальнай вытворчасьці.

Паводле Мінгазавай, 6 кастрычніка яны накіравалі ў Сьледчы камітэт заяву ад бацькі Тарайкоўскага аб завядзеньні крымінальнай справы, азнаямленьні з судовай мэдыцынскай экспэртызай, далучэньні відэаматэрыялаў. Відэазапісы далучылі, але справу не распачалі, з заключэньнем судовай мэдыцынскай экспэртызы блізкіх не азнаёмілі, бо гэта «не прадугледжана крымінальна-працэсуальным кодэксам».

Аднак Мінгазавай удалося правесьці ўласнае адвакацкае расьсьледаваньне і даведацца некаторыя падрабязнасьці сьмерці Тарайкоўскага.

«Нам удалося здабыць відэаматэрыялы, якія былі далучаны да справы. Мы знайшлі прамога сьведку забойства. Таксама быў зроблены запыт у гарадзкую станцыю хуткай мэдыцынскай дапамогі аб прадстаўленьні копіі карты выкліку брыгады тэрміновай дапамогі і копіі журналу запісу выклікаў. Названыя дакумэнты прадаставілі бацьку загінулага. Зь іх вынікае характар раненьня — кулявое ў грудзі ў вобласьць сэрца. Пры гэтым пры аглядзе цела ніякай выхадной адтуліны са сьпіны сваякі ня бачылі».

Альвіна Мінгазава адзначае, што будзе дамагацца аб’ектыўнага і ўсебаковага расьсьледаваньня сьмерці Аляксандра і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці.

Сьледчы камітэт 11 жніўня пачаў праверку па факце сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага і ў яе межах прызначыў судова-мэдычную экспэртызу. Паводле заканадаўства, яна можа трываць цягам трох месяцаў.

Агенцтва Associated Press апублікавала відэазапіс, зроблены 10 жніўня 2020 году. На ім зьнятая сьмерць падчас пратэсту чалавека, якога пазналі як Аляксандра Тарайкоўскага.

На запісе відаць, як ён падае і потым ляжыць бяз руху, а спэцназаўцы ідуць проста на яго. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Аляксандар Тарайкоўскі загінуў пасьля таго, як у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG