Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Андрэй Хадановіч


Марш «Народны Ўльтыматум» у Менску, 25 кастрычніка 2020 г.
Марш «Народны Ўльтыматум» у Менску, 25 кастрычніка 2020 г.

Новая рубрыка Свабоды: «Цытаты, якія дапамагаюць жыць». Дасылайце нам свае ўлюбёныя цытаты, якія судакранаюцца зь цяперашнім часам беларусаў і Беларусі і з надзённымі для беларускай рэчаіснасьці пытаньнямі: Як годна жыць? Што рабіць і думаць? Як супрацьстаяць барбарству, гвалту і хлусьні?

Андрэй Хадановіч:

У дні, калі мы адзначаем 90-годзьдзе Ўладзіміра Караткевіча, грэх не згадаць словы «Чалавек носіць сваё неба з сабою». Цытата вядомая й растыражаваная настолькі, што друкавалася на цішотках — дарэчы, у памылковай вэрсіі, з даданым наперадзе словам «кожны». Словы сапраўды належаць Караткевічу і прамаўляюцца ў аповесьці «Ладзьдзя Роспачы» яе героем Гервасіем Вылівахам. Каб дакладней разумець іх сэнс, лепей не вырываць іх з кантэксту. Гервасій прамаўляе іх ужо ў ладзьдзі, што плыве падземнымі хвалямі ў валадарства Сьмерці:

— Там мы стаялі пад чыстым небам, — вінавата сказаў палачанін. — А тут такая цемра. Такая сьвінячая цемра!

— Кінь. Чалавек носіць сваё неба з сабою.

Сваё неба — то бок сваё сьвятло, свае, калі хочаце, свабоду, годнасьць і чалавечнасьць, якіх ня варта губляць перад абліччам небясьпекі і нават сьмерці. Цытата служыць унівэрсальным магічным суцяшэньнем і падтрымкай, што дадае моцы ўласна тады, калі бачыш навокал «сьвінячую цемру». А значыць, павінна «працаваць» і сёньня, у Беларусі, якая крочыць да сьвятла, пазмагацца за якое ніколі й нікому ня позна. Дарэчы, крылаты выраз «Позна бывае толькі ў труне» таксама належыць Гервасію Выліваху.

З замежных афарызмаў найчасьцей згадваю й лічу вельмі актуальнай тут і цяпер думку польскага паэта, мысьляра і сатырыка Станіслава Ежы Леца «Людзі самотныя таму, што замест мастоў будуюць муры». У аўтара «Непрычасаных думак» былі папярэднікі, у тым ліку з нашых землякоў. «Разьбіць, разьбіць муры паміж народамі», — мроіў Людвіг Заменгоф, і нават прыдумаў для гэтай мэты штучную мову эспэранта. А непасрэдным пасьлядоўнікам Леца стаў Джон Ленан, чый пяты сольны альбом атрымаў назву «Муры і масты» (Walls and Bridges).

Выглядае на тое, што думка пра разбурэньне муроў разам з аднайменнай песьняй сёлета нарэшце авалодала й нашымі розумамі. А вось сам Лец часам трактаваў тэму з горкай іроніяй: «Ну, дапусьцім, ты праб’еш галавой сьцяну. Але што ты будзеш рабіць у суседняй камэры?». Усё жыцьцё яго больш хвалявала будаваньне мастоў між людзьмі. Думка зрабілася скразной у ягонай творчасьці і спарадзіла некалькі файных вершаў. Найдасканалейшы зь іх — «Масты» — яшчэ і аўтабіяграфічны, бо аўтар нарадзіўся ў Львове, дзе не цячэ ніякай ракі і, адпаведна, мастоў бракуе. Дазвольце працытаваць гэты верш цалкам у сваім перакладзе:

Мой горад жыхароў не прывучыў да рэк,
таму на мост гляджу ў зьдзіўленьні недарэчным —
і вобразы ўначы ірвуцца
з-пад павек,
і гойдае рака апоры ў руху вечным.

Стаю над хвалямі, адводзячы душу.
Пад аркамі мастоў сплывае час паволі,
пакуль шуміць вада, як чарада ўвушшу,
і топіць вечары ў зялёным алькаголі.

Час не спрыяў мастам. Я сам падпальваў кнот
пад палямі ў рацэ, страляў па грудзі ў твані.
Ад куляў і агню шыпела кроў балот,
і бераг пасівеў ад попелу дазваньня.

Ад выбуху ў вачах нябёсы — дагары,
ды ўстояла зямля. А значыць, не сканаем.
Гляджу, як ратаваць выходзяць цесьляры
масты над Віслаю, Влтавай і Дунаем.

Як файна берагі злучаюцца наўпрост.
І хоць не назаву вясёлку мостам Бога,
над рэкамі крыві будую ўласны мост,
каб сын умеў хадзіць і па мастах Ван Гога.

Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык вершаў і песень.

Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG