Новая рубрыка Свабоды: «Цытаты, якія дапамагаюць жыць». Дасылайце нам свае ўлюбёныя цытаты, якія судакранаюцца зь цяперашнім часам беларусаў і Беларусі і з надзённымі для беларускай рэчаіснасьці пытаньнямі: Як годна жыць? Што рабіць і думаць? Як супрацьстаяць барбарству, гвалту і хлусьні?
Фэлікс Аксёнцаў:
Life is what happens to you while you’re busy making other plans.
Жыцьцё — гэта тое, што з табой адбываецца, пакуль ты заняты іншымі плянамі».
Гэтыя словы прыпісваюць Джону Ленану. На самой справе, ён пазычыў іх у амэрыканскага аўтара коміксаў Алена Саўндэрза (нічога больш пра яго, на жаль, я ня ведаю). Яны раз-пораз дапамагаюць мне вяртацца да рэчаіснасьці, жыць тут і цяпер, не губляць вастрыні ўспрыманьня.
Калі я наведваю чужую краіну, я ніколі не пытаюся, добрыя там законы ці кепскія. Я пытаюся толькі, ці яны выконваюцца.
Кажуць, што гэта перафразаванае старажытнае японскае прыслоўе, якое скарысталі ў сваім фантастычным апавяданьні расейскія пісьменьнікі браты Стругацкія. Гэтая цытата цяпер часта ўсплывае ў памяці. Бо неабмежаваная ўлада няздольная выконваць аніякіх законаў, нават і сваіх уласных. Якім жа коштам мы гэта зразумелі!
Чым быць хочаш? — Ня быць скотам…
Радкі Янкі Купалы — унівэрсальныя. Яны — па-за межамі часу, мовы і мастацтва. Адвечнае пытаньне да самога сябе — і адзіны магчымы адказ.
Выбар рэдакцыі:
У прагрэсіўнай краіне зьмена — рэч непазьбежная. Зьмена — рэч пастаянная.
Гэта выказваньне брытанскага палітыка Бэнджаміна Дызраэлі (1804–1881), які двойчы займаў пост прэм’ер-міністра Аб’яднанага Каралеўства (1868; 1874–1880).
Самы эфэктыўны спосаб справіцца са зьменай — дапамагчы стварыць яе.
Гэтыя словы прыпісваюць Л.У. Лайнэту (L.W. Lynett), аднаму з мэнэджэраў кампаніі IBM у 1960-х гадах.
Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.