Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты, якія дапамагаюць жыць


Калісьці, добрых гадоў сорак таму, у маёй галаве засела адна цытата. І яна час ад часу ўсплывала ў памяці цягам гэтых чатырох дзесяцігодзьдзяў:

Людзі і галіны ломяцца;
Хвалі жыцьцё, пакуль ходзіш і прачынаесься;
Яно толькі пазычанае.

Сёлета я нарэшце крыху пагугліў і знайшоў, што цытата паходзіць зь верша невядомага мне аўстралійскага паэта Дэйвіда Кэмпбэла (David Campbell). У арыгінале яна выглядае так:

Men and boughs break;
Praise life while you walk and wake;
It is only lent.

Падумалася мне, што яна, цытата, занадта прыгожая, каб трымаць яе толькі ў сваёй памяці. Таму я сказаў пра гэтае трохрадкоўе жонцы, і яна захацела ўзяць яго як эпіграф да аднаго са сваіх апавяданьняў, зборнік якіх мяркуе выдаць у наступным годзе ў Беластоку…

Гэта мой лірычна-сямейны ўступ да таго, штó я і мае калегі зь беларускай Свабоды хочам прапанаваць чытачам і слухачам нашага радыё ў бліжэйшы час.

Менавіта, мы будзем зьвяртацца да вас з просьбамі, і агульнымі, і асабістымі, каб вы прысылалі нам свае ўлюбёныя цытаты, якія істотныя для вас і, магчыма, акажуцца ня менш істотнымі для іншых. А мы будзем публікаваць гэтыя цытаты на нашым рэдакцыйным сайце і на іншых плятформах, на якіх распаўсюджваем свае матэрыялы.

Наш праект мае агульную назву «Цытаты, якія дапамагаюць жыць». Не скрываем, што хочацца атрымаць ад вас перш за ўсё выказваньні, якія нейкім чынам судакранаюцца зь цяперашнім часам беларусаў і Беларусі і з надзённымі для беларускай рэчаіснасьці пытаньнямі — як годна жыць? што рабіць і думаць? як супрацьстаяць барбарству, гвалту і хлусьні?

Крыніцы цытатаў могуць быць самыя розныя — Біблія, антычныя аўтары, клясыкі сусьветнай і беларускай літаратуры, нашы сучасьнікі, — прытым ня толькі вядомыя пісьменьнікі і мысьляры, але і «людзі з вуліцы», пратэстоўцы і палітвязьні.

Калі захочаце даслаць нам і кароткі камэнтар наконт таго, чаму вы выбралі якраз такія цытаты, гэта будзе таксама нялішняе.

Куратарам гэтай цытатнай рубрыкі на сайце Свабоды буду я. А таму прапановы цытатаў дасылайце на адрас маёй электроннай пошты — maksymiukj@rferl.org — альбо праз Messenger на маёй старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.

Як хтосьці сказаў, беларусы — народ кніжнікаў, і мне думаецца, што наш цытатны праект мае добрыя пэрспэктывы, каб пратрымацца нейкі даўжэйшы час і папоўніць нашу калектыўную скарбніцу чалавечай рэфлексіі і думкі, якую варта аднаўляць і захоўваць.

Намаўляючы прыхільнікаў Свабоды прысылаць нам «цытаты з пазытывам для нашага часу», я хачу ўнесьці і сваю долю ў гэты праект, таму на добры пачатак згадаю тут дзьве цытаты апошняга часу, якія зачапіліся ў маёй памяці.

Першая — з інтэрвію беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, якое яна дала Свабодзе неўзабаве пасьля таго, як беларусы выйшлі на пратэсты пасьля афіцыйнага абвяшчэньня перамогі Лукашэнкі на выбарах 9 жніўня, а ўлада зрэагавала на гэтыя пратэсты крывавым гвалтам:

Я ўдзячная (людзям на пратэстах. — РС) за тое, што яны ратуюць нашу годнасьць. Я проста ўлюбляюся ва ўласны народ у гэтыя апошнія тыдні. Гэта зусім іншыя людзі, зусім іншая моц у гэтых людзях. Раней у мяне было нейкае расчараваньне — цяпер няма.

Думаю, нічога тут ня трэба тлумачыць. У гэтых простых словах — сутнасьць таго найважнейшага, што беларусы перажылі і адчулі гэтым летам і гэтай восеньню.

Другая цытата — зь відэа Марыі Калесьнікавай, якое яна запісала да свайго арышту, прадчуваючы, што яе сёлетняя палітычная ангажаванасьць можа скончыцца зьняволеньнем. Арыштавалі Марыю Калесьнікаву 8 верасьня, відэа зьявілася на Ютубе прыблізна празь месяц:

Калі вы гледзіце гэтае відэа, значыць, мяне арыштавалі. Але я ўпэўненая, што мне цяпер ня страшна. Спадзяюся, што ня страшна і вам.

Вярнуць годнасьць і перамагчы страх — дзьве рэчы, якія беларусам сёлета ўдаліся. На чарзе — вяртаньне сабе палітычнай суб’ектнасьці і перамога над злом.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG