Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выкрадаючы моладзь, урад выкрадае будучыню». Студэнтаў пакідаюць у СІЗА КДБ


​Cтудэнтцы БДУ, прэс-сакратарцы «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» Ксеніі Сырамалот і студэнту БДУ, актывісту «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» Ягору Канецкаму прад’яўлена абвінавачаньне па ч.1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Знаходжаньне пад вартай у СІЗА КДБ ім працягнулі на два месяцы.

Пра гэта Свабодзе паведамілі сваякі студэнтаў.

12 лістапада ў Ксеніі Сырамалот і Ягора Канецкага, а таксама ў студэнтак БДПУ Касі Будзько і Яны Арабейкі, студэнткі БДАМ Марыі Каленік, студэнта БДУ і гульца «Што? Дзе? Калі?» Ільлі Трахтэнбэрга, студэнта МДЛУ Глеба Фіцнэра, адлічанай студэнткі БНТУ Вікторыі Гранкоўскай прайшлі ператрусы. Таксама на 12 лістапада ў СІЗА КДБ знаходзіліся сябра Каардынацыйнай рады і прадстаўніца Сьвятланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям і выкладчык БДУІР Вольга Філатчанкава.

Паводле сястры 20-гадовай Ксеніі Сырамалот Касі, Ксенія адчувае сябе «больш-менш нармальна, прасіла перадаць рэчы».

«Некаторыя лісты ёй даходзяць, але далёка ня ўсе», — кажа яна.

Калі адвакат пойдзе да яе наступны раз, пакуль невядома, у яго ўзялі падпіску аб неразгалошваньні.

Затрымалі Ксенію 12 лістапада пасьля вобшуку на кватэры бацькоў.

«Прыйшлі ў 9 раніцы, калі маці і Ксюша яшчэ спалі. Маці настаяла, каб памянялі панятых. Забралі тэхніку, хацелі забраць нейкія кнігі, пыталіся ці насамрэч іх чытаеце, але ніякай забароненай літаратуры там не было, — кажа сястра, — Маці дамаглася, каб сястры далі пасьнедаць, папіць гарбаты. Казалі, што забіраюць на допыт, але пакінулі на ўвесь час. Двойчы дазволілі патэлефанаваць у той жа дзень. Мы прадыктавалі ёй імя адваката, хаця ёй там прапаноўвалі нейкага іншага».

Выкладчыкі напісалі вельмі добрую характарыстыку на Ксенію Сырамалот, якую падпісаў дэкан факультэта філязофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзі Гігін.

«За час вучобы зарэкамэндавала сябе добрасумленнай, дысцыплінаванай і актыўнай студэнткай. З вучэбным плянам спраўляецца, сярэдні бал акадэмічнай пасьпяховасьці 8,42. Запазычанасьці па дысцыплінах ня мае, цяжкасьцяў у вучобе не адчувае. Пасьпяхова абараніла курсавыя работы па заканчэньні 2 і 3 курсаў. Пропускаў лекцый і сэмінараў без паважнай прычыны раней не дапускала, — гаворыцца ў характарыстыцы. — Ксенія добразычлівая, спагадная, ініцыятыўная, крэатыўная студэнтка. Заўсёды ветлівая і тактоўная ў адносінах са студэнтамі і выкладчыкамі, карысталася заслужаным аўтарытэтам у групе».

Паводле сястры Касі, выкладчыкі могуць сказаць пра Ксенію толькі добрае.

«Пыталіся, як дапамагчы. Справа пра выключэньне пакуль ня йдзе. Студэнты імкнуцца яе падтрымаць», — кажа яна.

Маці 21-гадовага Ягора Канецкага, якая цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі, сказала Свабодзе, што сыну прадʼявілі абвінавачаньне і ўтрыманьне пад вартай працягнулі на два месяцы.

«Перадачы яму перадаваць можна, выглядае і адчувае ён сябе добра, калі прапусьціць адзін месяц заняткаў, то можа паўстаць пытаньне аб адлічэньні».

Нацыянальны студэнцкі саюз Беларусі «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» у сваёй заяве патрабуе неадкладна вызваліць затрыманых.

«Нашыя сябры і сяброўкі зараз у СІЗА КДБ. Ксюша, Яна, Кася, Ягор, Глеб і іншыя патрапілі туды праз тое, што ўрад Беларусі не шануе таленавітых, яскравых, ініцыятыўных і разумных студэнтаў. Выкрадаючы моладзь, урад выкрадае будучыню ва ўсіх жыхароў Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG