Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З унівэрсытэту транспарту звольнілі выкладчыка, які адседзеў «суткі» за пікет салідарнасьці і троліў кіраўніцтва фота з вусамі


Пратэст студэнтаў і выкладчыкаў ў Гомлі 11 верасьня. Яўген Малікаў — крайні зьлева
Пратэст студэнтаў і выкладчыкаў ў Гомлі 11 верасьня. Яўген Малікаў — крайні зьлева

19 лістапада — апошні працоўны дзень выкладчыка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту (Гомель), гісторыка і краязнаўца Яўгена Малікава. У верасьні ён адбыў пяцідзённы арышт за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Яўген Малікаў
Яўген Малікаў

«Звальненьне ў сярэдзіне сэмэстру (хто цяпер палову нагрузкі будзе дачытваць?) паказвае іх унутраную сутнасьць, дакладней, выключную палітычную мэтанакіраванасьць усяго гэтага працэсу», — напісаў кандыдат навук у фэйсбуку.

11 верасьня Яўген Малікаў выйшаў на пікет у падтрымку арыштаванага калегі, выкладчыка ГДТУ імя Сухога Вадзіма Бельскага. Па вяртаньні зь пікету яго каля дома затрымала міліцыя. Выкладчыку прысудзілі пяць дзён арышту.

Вымова — за здымак з вусамі?

30 кастрычніка ён зьмясьціў «УКантакце» іранічны пост са сваім новым іміджам — з вусамі.

«Я вось думаю, калі нашы мясцовыя аграфэадалы баяцца не законаў, а чалавека з вусамі, можна мне і пакінуць гэтыя вусы — буду апанэнтаў пужаць імі, як таракан. Прыспушчу маску, выстаўлю адзін вус вонкі і грозна выдам: „Што вы сказалі?“».

Выкладчык сьцьвярджае, што за гэты пост і здымак ён атрымаў вымову.

«Мае літаратурныя спробы пяра, апублікаваныя пастом там, дзе з вусамі, былі некаторымі асобамі ўспрыняты як «спроба дыскрэдытацыі». Але ў якасьці жэсту нэўтралізацыі патэнцыйнага канфлікту я прыбраў у тым сваім пасту разважаньні пра рабаўладальнікаў, «хлопотное дельце», цяжкую артылерыю і іншыя дэталі.

19 лістапада выкладчык даведаўся, што яго звальняюць з працы. Гэтаму папярэднічалі дзьве вымовы, 11 і 18 лістапада. «Пры тым, што за папярэднія 16 гадоў працы не было ўвогуле ніводнай», — піша Яўген Малікаў.

Першая вымова, паводле Малікава, была менавіта за «пост з вусамі». Другая грунтавалася на факце адміністрацыйнага арышту выкладчыка, некарэктных выказваньнях у сацыяльных сетках, што «можа аказаць нэгатыўны ўплыў на студэнтаў».

«У прынцыпе, можна было дачакацца канца сэмэстру альбо кантракту, але не — непасрэдна цяпер, за восем дзён, напярэдадні сэсіі, каб не навучыў яшчэ чаму кепскаму, напрыклад гісторыі архітэктуры Беларусі XVIII стагодзьдзя!! А яшчэ горш — XX стагодзьдзя!» — выказаўся гісторык.

Абразіў усіх: загадчыка катэдры, дэкана і, можа, нават прэзыдэнта

Паводле яго, на сходзе ва ўнівэрсытэце рэктар Юры Кулажанка паведаміў, што Яўген Малікаў «абразіў загадчыка катэдры, дэкана факультэту, назваўшы іх „аграфэадаламі“ і „рабаўладальнікамі“, магчыма, абразіў і кіраўніцтва ВНУ, і прэзыдэнта».

Малікаў усьцешаны, што студэнты і выпускнікі ўнівэрсытэту пішуць яму словы падтрымкі. «Значыцца, студэнты разгледзелі ў свой час у маёй працы нешта такое, што згадваецца імі добрым словам нават праз 5-10 гадоў пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту. Значыць, тое, што я рабіў гэтыя 16 гадоў, было правільным і не пустым», — лічыць гісторык.

«Ніхто яго за вусы не звальняў»

Рэктар БелДУТ Юры Кулажанка на мінулых выбарах быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі.

19 лістапада ў камэнтары БелаПАН Юры Кулажанка зазначыў, што выкладчыка звольнілі не з палітычных матываў.

«Гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Яўген Малікаў мусіць акуратней выказвацца і не абражаць людзей. Ён нават у публікацыі ў СМІ хоча прыцягнуць палітыку. Ніхто яго за вусы не звальняў і не караў, а ён у сваіх опусах абражаў і загадчыка катэдры, і дэкана, якія яго на працу бралі, якія яму дапамагалі і ў навуковай працы, старэйшыя за яго нашмат, і ў мяне на гэты конт ёсьць дакладны́я. Гэта на віду ва ўсіх, і ў студэнтаў у тым ліку. Як потым да студэнтаў ісьці?», — патлумачыў рэктар.

Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG