Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Думаю, што я не апошняя». З Інстытуту гісторыі звальняюць яшчэ адну супрацоўніцу, якая пратэставала супраць гвалту


Кацярына Крывічаніна.
Кацярына Крывічаніна.

Са старшай навуковай супрацоўніцай Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Кацярынай Крывічанінай не працягнулі кантракту.

Яе звальняюць у сувязі з завяршэньнем тэрміну кантракту 31 сьнежня 2020 году, гаворыцца ў дакумэнце, які падпісаў намесьнік дырэктара ў навуковай працы Вадзім Лакіза.

Кацярына Крывічаніна займаецца гісторыяй міжнароднага супрацоўніцтва ў мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

«Я спыталася ў Вадзіма Лакізы, зь якой прычыны са мной не працягваюць кантракту? Мне сказалі, што ўсё згодна з заканадаўствам, сышоў яго тэрмін. Пытаюся, а якія да мяне прэтэнзіі як да навукоўца? "Прэтэнзій няма, у нас будзе рэарганізацыя"— адказаў ён».

Кацярына Крывічаніна кажа, што зь мінулага году яна зьяўляецца яшчэ і старшынёй прафсаюзнай арганізацыі інстытуту.

«Ёсьць нормы, якія абавязваюць наймальніка працягваць кантракт на тэрмін паўнамоцтваў старшыні прафсаюзнай арганізацыі. На гэта мне Вадзім Лакіза сказаў, што ўсё, маўляў, згодна з заканадаўствам. Але гэта пытаньне мы яшчэ будзем вывучаць».

Паводле Кацярыны, асноўнай прычынай звальненьня стала яе актыўная грамадзянская пазыцыя.

«Усё пачыналася з прафсаюзу яшчэ год таму, бо на кіраўніцтва прафсаюзу прайшлі ня тыя кандыдатуры, якія хацела адміністрацыя, – кажа яна. – Цяпер мы пісалі заявы на імя старшыні ФПБ Орды пра палітычную сытуацыю ў краіне, і мяне адразу пачалі выклікаць да дырэктара, казалі, каб я сыходзіла па ўласным жаданьні. Але мы не спыніліся, выходзілі на акцыі, у нас шасьцёх супрацоўнікаў арыштоўвалі. Алесь Жлутка адбывае «суткі» ў Жодзіне, заўтра паедзем яго сустракаць. Нас пастаянна выклікалі, вялі размовы».

Учора стала вядома, што не працягнулі кантракт з калегам Кацярыны Крывічанінай, кандыдатам навук Аляксеем Шаландам.

«Я думаю, што я не апошняя: Шаланда, я, пойдуць яшчэ іншыя актыўныя ўдзельнікі ўнутрыінстытуцкага пратэставага руху. Тыя, хто выходзіў на акцыі і падпісваў заявы», – сказала Кацярына Крывічаніна.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG