Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз зьбіраецца блякаваць перамовы Беларусі з МВФ аб крэдытах і аб уступленьні ў СГА


У распараджэньні Радыё Свабода аказаўся шматстаронкавы «Агляд дачыненьняў ЭЗ — Беларусь», які сёньня быў разасланы лідэрам краін Эўразьвязу для вывучэньня і падрыхтоўкі да наступнага паседжаньня Рады міністраў замежных спраў ЭЗ, якое адбудзецца 7 сьнежня.

У аглядзе пералічваюцца галіны, у якіх супрацоўніцтва зь Беларусьсю плянуецца абмежаваць або зусім прыпыніць, а таксама тыя, дзе супрацоўніцтва будзе павялічана — гэта тычыцца пераважна дапамогі грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ і чалавечых кантактаў.

Мэта агляду — прывесьці ў дзеяньне высновы Рады і скарэктаваць адносіны зь Беларусьсю за кошт скарачэньня супрацоўніцтва з цэнтральнымі органамі ўлады. «Гэта стане моцным сыгналам для ўладаў Беларусі і максымізуе рычагі ўзьдзеяньня ЭЗ на ўлады Беларусі з тым, каб яны паважалі прынцыпы дэмакратыі, вяршэнства закону і правы чалавека».

Эўразьвяз сваімі дзеяньнямі будзе дамагацца наступнага:

  • спыніць усе рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека ў адносінах да асобаў, якія ўдзельнічаюць у прадэмакратычным руху, незалежных СМІ і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
  • вызваліць, рэабілітаваць палітычных вязьняў і выплаціць ім фінансавую кампэнсацыю;
  • гарантаваць бясьпечныя ўмовы для вяртаньня асоб, якія знаходзяцца ў палітычнай і прымусовай эміграцыі;
  • садзейнічаць сур’ёзнаму, вартаму даверу і інклюзіўнаму палітычнаму працэсу, які прывядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам АБСЭ / БДІПЧ;
  • забясьпечыць гарантыі павагі да правоў чалавека, у тым ліку свабоды перакананьняў і іх свабоднага выказваньне, сходаў і асацыяцыяў, а таксама свабоды сродкаў масавай інфармацыі.

У той жа час у высновах Рады ўтрымліваецца заклік узмацніць падтрымку беларускага народу і грамадзянскай супольнасьці і працягнуць узаемадзеяньне ў пытаньнях, якія ўяўляюць цікавасьць для ЭЗ.

Таксама ў аглядзе разгледжаны пакет супрацоўніцтва, які можа быць прапанаваны Беларусі пасьля таго, як адбудзецца мірны пераход да дэмакратыі.

«Рашэньні аб прыпыненьні, скарачэньні або захаваньні пэўных мерапрыемстваў па супрацоўніцтве, — гаворыцца ў Аглядзе, — павінны прымаць пад увагу некалькі фактараў: з аднаго боку, неабходнасьць пасылаць пераканаўчыя сыгналы і аказваць ціск на ўлады, а з другога боку, неабходнасьць захоўваць каналы камунікацыі адкрытымі, падтрымліваць насельніцтва і грамадзянскую супольнасьць, а таксама інтарэсы ЭЗ».

Такім чынам, як мяркуецца, двухбаковае супрацоўніцтва, сустрэчы і кантакты зь беларускімі дзяржаўнымі структурамі павінны быць у прынцыпе скарочаныя да таго часу, пакуль улады ня будуць паважаць прынцыпы дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека.

Паколькі ЭЗ поўны рашучасьці разьвязаць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, у аглядзе прапануецца працягнуць дыялёг па правах чалавека.

Эканамічны ціск

ЭЗ вырашыў спыніць перамовы аб уступленьні Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю:

«Афіцыйныя перамовы зь Беларусьсю адносна яе ўступленьня ў СГА, асабліва па пытаньнях доступу да рынкаў, хоць і адпавядаюць гандлёвай палітыцы ЭЗ, скіраванай на падтрымку шматбаковай гандлёвай сыстэмы, павінны быць прыпыненыя», — гаворыцца ў Аглядзе.

Таксама прапануюцца абмежавальныя захады ў сфэры гандлю, мытні, межаў, статыстыкі, фітасанітарнага кантролю, эканамічнага і фінансавага дыялёгу, прымежнага супрацоўніцтва і іншых сфэрах. Разам з тым адзначаецца, што супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў галіне эканамічнага разьвіцьця будзе працягнутае ў рамках плятформы «Ўсходняга партнэрства» ў справе эканамічнага разьвіцьця і рынкавых магчымасьцяў.

У галіне макрафінансавага супрацоўніцтва вырашана, што «запыт Беларусі ў МЗС ЭЗ аб фінансавай дапамозе прыпынены, і адпаведныя перамовы таксама цалкам прыпыненыя».

Што тычыцца МВФ, то, як гаворыцца ў Аглядзе, «членам Выканаўчай Рады ЭЗ будзе прапанавана працягваць процідзеяньне выдзяленьню фінансавых сродкаў Беларусі да таго часу, пакуль не адбудзецца пераход да дэмакратыі (МВФ афіцыйна паведаміў пра спыненьне перамоваў з уладамі Беларусі)».

Апэрацыі Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку (ЕІБ) і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЕБРР), у прыватнасьці падтрымка дзяржаўнага сэктару і наўпроставая дапамога беларускім уладам на цэнтральным узроўні, як гаворыцца ў Аглядзе, «павінны быць скарочаныя да максымальна магчымай ступені. Такім чынам, у прынцыпе ня варта праводзіць ніякіх апэрацый у дзяржаўным сэктары».

Разам з тым сьцьвярджаецца, што, у прынцыпе, апэрацыі з прыватным сэктарам без удзелу дзяржавы могуць працягвацца, але іх трэба вельмі пільна правяраць, каб сродкі даходзілі да прыватнага сэктару без умяшаньня дзяржавы.

Кантакты з грамадзянскай супольнасьцю

Эўразьвяз плянуе разьвіваць зь Беларусьсю публічную і культурную дыпляматыю.

Асобны пункт Агляду называецца «Падтрымка грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ». У гэтым разьдзеле, у прыватнасьці, гаворыцца:

«ЭЗ будзе максымальна падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць і незалежныя СМІ, каб умацаваць іх устойлівасьць перад жорсткімі рэпрэсіямі, мець магчымасьць прадстаўляць насельніцтву Беларусі прафэсійную і незалежную інфармацыю і быць гатовым прыняць актыўны ўдзел у разьвіцьці і кансалідацыі дэмакратычнай Беларусі.

Некалькі бягучых праграм ENI ў падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, зацьверджаных перад выбарамі 9 жніўня, працягваюцца.

Пасьля фальсыфікацыі выбараў 9 жніўня і пасьлявыбарчых рэпрэсій была мабілізаваная дадатковая акцыя памерам 2,7 мільёна эўра, якая ўжо дзейнічае для аказаньня юрыдычнай, матэрыяльна-тэхнічнай і мэдычнай дапамогі ахвярам жорсткіх рэпрэсій.

Таксама дзейнічае праект у памеры 1 мільён эўра для падтрымкі незалежных СМІ.

На дадатак да гэтай экстранай дапамогі рыхтуецца выдзяленьне народу Беларусі сярэднетэрміновага пакету падтрымкі памерам 30 мільёнаў эўра. Пакет прадугледжвае пастаянную падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ; моладзі (уключаючы мабільнасьць і стыпэндыі), падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу і аховы здароўя (у тым ліку для барацьбы з пандэміяй COVID-19)».

Таксама ў аглядзе сьцьвярджаецца, што цяпер вывучаюцца іншыя магчымыя меры падтрымкі насельніцтва, грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ. У гэтым кантэксьце, гаворыцца ў дакумэнце, патэнцыйна важную ролю адыгрываюць публічная дыпляматыя і стратэгічная камунікацыя. Улічваючы вельмі варожае асяродзьдзе, падтрымка ЭЗ павінна быць досыць стрыманай, каб ня ставіць атрымальнікаў пад небясьпеку і зьмяншаць рызыку дэзынфармацыі.

На дадатак да вышэйназваных праектаў, краінам-сябрам ЭЗ прапануецца спрасьціць дастаўку візаў і адмовіцца ад візавых збораў для грамадзян Беларусі, у прыватнасьці для актывістаў грамадзянскай супольнасьці.

«Плян Маршала» для Беларусі

Нарэшце, у адмысловым разьдзеле Агляду сьцьвярджаецца, што цяпер, у адпаведнасьці з просьбай Эўрапейскай рады да Эўракамісіі, рыхтуецца «Комплексны плян эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі». У гэтым пляне падрабязна апісваецца тэхнічная і фінансавая дапамога, якую ЭЗ выдзеліць для падтрымкі працэсу рэформаў і для дапамогі новай дэмакратычнай Беларусі для задавальненьня яе фінансавых патрэбаў.

Сьцьвярджаецца, што

«гэты плян мог бы ўключаць пакет пераходнага супрацоўніцтва, магчымую макрафінансавую дапамогу, разблякаваньне Інвэстыцыйнай плятформы добрасуседзтва і актывізацыю апэрацый ЕІБ і ЕБРР».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG