Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі


Дакумэнт прадставіў кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт (рэспубліканец, Нью-Джэрзі), які быў таксама аўтарам і папярэдніх актаў аб дэмакратыі ў Беларусі 2004, 2006 і 2011 гадоў. Як адзначаецца на сайце Палаты прадстаўнікоў ЗША, прапанова аб пераглядзе Акту аб дэмакратыі была ўхваленая безь пярэчаньняў.

«Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі» пашырае паўнамоцтвы прэзыдэнта ЗША ў справе ўвядзеньня новых санкцыяў супраць Беларусі, у тым ліку ў сувязі «са спрэчнымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2020 году і наступнымі рэпрэсіямі з боку ўраду».

«Прэзыдэнт можа накласьці візавыя санкцыі ў дачыненьні да любога іншаземца, які зьяўляецца чальцом ЦВК Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 году, ёсьць дзяржаўнай службовай асобай, адказнай за рэпрэсіі супраць незалежных СМІ; службовай асобай Саюзнай дзяржавы або расейскай фізычнай асобай, якая актыўна ўдзельнічала ў рэпрэсіях супраць прэсы або парушэньнях правоў чалавека, зьвязаных з палітычным рэпрэсіямі ў Беларусі», — сказана ў тлумачэньні да законапраекту.

Абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі зьмяшчае таксама гэткія палажэньні:

— заклікае да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў;

— прызнае Каардынацыйную раду, створаную з ініцыятывы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у якасьці легітымнага інстытуту для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады;

— заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных;

— падтрымлівае імкненьне беларускага народу да свабоды веравызнаньня;

— прадугледжвае аказаньне дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці;

— недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША ў справе «непрызнаньня ўключэньня Беларусі ў „Саюзную дзяржаву“ з Расеяй»;

— заклікае да распрацаваньня стратэгіі ЗША ў справе разьвіцьця тэле- і радыёвяшчаньня, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;

— прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сэктару.

Каб законапраект уступіў у сілу, яго павінен ухваліць Сэнат і падпісаць прэзыдэнт ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG