На Магілёўшчыне ў райцэнтры Горкі пасьля 15 дзён адміністрацыйнага арышту выпусьцілі з ізалятара супрацоўніка мясцовых ачышчальных збудаваньняў Сяргея Крушава.
Ён разам з калегамі Аляксандрам Касухам, Валерыем Пасікавым ды Валянцінам Басам запісаў відэазварот, каб падтрымаць суайчыньнікаў, якія бароняць свае правы, дамагаюцца правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў ды асуджаюць гвалт.
Горацкі суд палічыў іхны выступ несанкцыянаваным пікетаваньнем. 28 кастрычніка Пасікава і Касуху аштрафавалі, а неўзабаве звольнілі «па згодзе бакоў». З Валянцінам Басам таксама спынілі працоўныя адносіны пасьля таго, як ён адседзеў 7 дзён у ізалятары. Самі работнікі лічаць, што прычына спыненьня працоўных адносін — публічная падтрымка прыхільнікаў пераменаў.
47-гадоваму Сяргею Крушаву прысудзілі найбольшы тэрмін. Ён мяркуе, што яго маглі «палічыць» арганізатарам «пратэставай акцыі», бо ён запісваў відэа і рассылаў ролік у мэдыя. У ягоным доме правялі вобшук, забралі кампутар і мабільныя тэлефоны.
Сяргея затрымалі а 9-й раніцы 28 кастрычніка. Ён кажа, што ягоную справу разглядаў судзьдзя Зайцаў у ізалятары. Да суду ў няволі прабыў 9,5 гадзіны, але гэты час ня быў залічаны ў адбыцьцё пакараньня, і ён пераседзеў. Вызвалілі яго 12 лістапада ў 18.30.
Паводле Сяргея, судзьдзя ўпікаў, што ён і ягоныя калегі выступілі супраць улады. Сам жа суразмоўца настойвае: відэазваротам яны падтрымалі сумленных людзей. Прызнаецца, што не чакаў такога водгуку. Зьдзіўлены жорсткасьцю пакараньня — ня быў да такога гатовы.
«Мы не ўчынялі злачынства, — абураецца Сяргей. — Я дапускаў, што могуць аштрафаваць, гледзячы па тым, што адбываецца ў краіне. Але каб да судовага пакараньня яшчэ і звальняць, то не...»
Суразмоўца кажа, што ягоны працоўны лёс вырашыцца заўтра. Спадзяецца, што яго могуць пакінуць на прадпрыемстве. На ім робіць ад 2015 году.
Пакуль Сяргей Крушаў сядзеў на «сутках», звольнілі зь вясковай школы ягоную жонку і пляменьніка — абое настаўнікі. Яны запісалі відэазварот у падтрымку рэпрэсаваных калегаў і студэнтаў ды распаўсюдзілі яго ў сацыяльных сетках.
Суразмоўца кажа, што не гатовы гаварыць пра ўчынак родных, бо не пасьпеў пра яго пагутарыць зь імі.
На ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары ён не наракае. Адзначае, што ахоўнікі да яго ставіліся прыязна.