Адміністрацыя школы аграгарадку Добрая, што ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласьці, спыніла працоўныя адносіны з настаўнікамі Натальляй і Аляксандрам Крушавымі. Прычына — «за прагул без уважлівых прычын».
З загадам аб звальненьні пэдагогаў азнаёмілі 6 лістапада.
Як разьвіваліся падзеі ў вясковай школе
26 кастрычніка Натальля Крушава і яе пляменьнік Аляксандар падтрымалі агульнанацыянальны страйк, да якога заклікала Сьвятлана Ціханоўская, і ня выйшлі на працу.
Па іх словах, напярэдадні яны вусна паведамілі кіраўніцтву пра свой намер правесьці аднадзённую забастоўку. Пасьля страйку мусілі пісаць тлумачальныя. Тады ж на знак пратэсту супраць перасьледу выкладчыкаў і студэнтаў абое выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі.
1 лістапада яны апублікавалі ў сацыяльных сетках відэазварот, у якім выказалі сваё стаўленьне да перасьледу выкладчыкаў і студэнтаў за іншадумства. Абое былі перакананыя, што агучанага ім не даруюць і знойдуць прычыну, каб звольніць.
Нявыхад на працу 26 кастрычніка адміністрацыя ўспрыняла як парушэньне працоўнай дысцыпліны і пастанавіла звольніць пэдагогаў.
«Нам раілі прасіць прабачэньня...»
44-гадовая Натальля Крушава — настаўніца пачатковых клясаў. Яна жонка асуджанага на 15 дзён за палітычны відэазварот супрацоўніка Горацкіх ачышчальных збудаваньняў Сяргея Крушава. На ейны погляд, звальненьнем улада дэманструе іншым настаўнікам, што зь імі будзе, калі яны наважацца на падобнае.
«Нават каб і не падумалі сваю думку агучваць, — адзначае яна. — Калегі раілі нам папрасіць прабачэньня, і тады з нас зьлітуюцца. Але незразумела, за што выбачацца».
Натальля мяркуе, што на рашэньне звольніць іх паўплываў розгалас у незалежных мэдыя. «Мы не замаўчалі адразу, а працягвалі гаварыць», — дадае яна.
«У параўнаньні зь іншымі я нашмат меней страціла. Радуе тое, што мяне падтрымлівае шмат людзей. Веру ў справядлівасьць», — падсумоўвае Натальля Крушава.
«Нешаблённыя погляды ды меркаваньні пэдагогаў...»
22-гадовы Аляксандар Крушаў, яе пляменьнік, адрабіў у вясковай школе настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі больш за два гады. Ён выпускнік магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Разьмеркаваньня не адпрацаваў, а таму давядзецца кампэнсаваць частку навучаньня на «бюджэце».
У настаўніка двое непаўналетніх дзяцей: большаму 2 гады, меншаму 9 месяцаў.
Аляксандар мяркуе, што іхная пазыцыя напалохала ўладную вэртыкаль. На ягоную думку, прычынай для звальненьня сталі «нешаблённыя погляды ды меркаваньні пэдагогаў».
«Такія настаўнікі не патрэбныя цяперашняй уладзе», — кажа ён.