Кандыдат у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн апярэдзіў свайго апанэнта-рэспубліканца і дзейнага прэзыдэнта Дональда Трампа ў Пэнсыльваніі.
На пачатковым этапе падліку Трамп меў перавагу больш як у 600 тысяч галасоў. Цяпер ён адстае на 5587 галасоў. Працягваецца падлік бюлетэняў, атрыманых па пошце.
Калі Байдэн пераможа ў Пэнсыльваніі, ён набярэ 20 галасоў і забясьпечыць перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША.
Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ўсё яшчэ застаюцца невядомымі: кандыдат ад дэмакратаў Джо Байдэн бліжэйшы да таго, каб набраць большасьць галасоў у Калегіі электараў, а дзейны прэзыдэнт Дональд Трамп запатрабаваў спыніць падлік галасоў у асобных штатах. Рэспубліканцы падалі некалькі пазоваў аб парушэньнях пры падліку галасоў.
Прэзыдэнт Трамп у чацьвер увечары ўпершыню за апошнія два дні выступіў з публічнай прамовай і заявіў, што выбары былі «падтасаваныя». Ён падкрэсьліў, што ў яго «скралі» галасы, паведамляе агенцтва Reuters.
Акрамя таго, ён папярэдзіў, што судовы працэс у сувязі з пазовамі, якія будзе падаваць ягоны штаб, можа завяршыцца ў Вярхоўным судзе.
Ні Трамп, ні Байдэн пакуль не набралі неабходных для перамогі 270 галасоў электараў.