Цяпер у ЗША падводзяцца вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Нагадаем, што, нягледзячы на тое, што ў бюлетэні ўпісаныя імёны кандыдатаў, на самой справе ў ЗША няма прамых выбараў прэзыдэнта.
Амэрыканцы аддаюць свае галасы калегіі электараў. Па ўсёй краіне электараў 538
У кожным штаце свая колькасьць, якая залежыць ад колькасьці насельніцтва штату. Самая вялікая колькасьць электараў — ад Каліфорніі, іх 55. Які з кандыдатаў набярэ найбольшую колькасьць галасоў у штаце (дэмакрат альбо рэспубліканец), той і атрымае падтрымку ў калегіі ўсіх 55 электараў Каліфорніі.
Такія правілы фармаваньня прадстаўніцтва штату ў калегіі электараў дзейнічаюць ва ўсіх штатах, акрамя Нэбраскі і Мэйну, дзе галасы разьмяркоўваюцца па-іншаму. Кандыдат, які набраў 270 галасоў чальцоў калегіі электараў, і становіцца прэзыдэнтам ЗША.
Няпэўныя штаты
Некаторыя штаты традыцыйна галасуюць за рэспубліканцаў або дэмакратаў. Але падчас кожных выбараў ёсьць няпэўныя штаты. Нярэдка яны ўплываюць на вынік выбараў. Сёлета экспэрты лічылі штатамі, дзе вынік галасаваньня няпэўны, Флорыду, Пэнсыльванію, Мічыган і Вісконсін. На гэты момант вынікі галасаваньня ў гэтых штатах пакуль невядомыя.
А тое, колькі галасоў кандыдаты атрымаюць наўпрост, на народным галасаваньні, ад шараговых выбарнікаў, толькі ўскосна ўплывае на галасаваньне ў калегіі электараў.
У 2016 годзе, напрыклад, за Гілары Клінтан прагаласавалі амаль на тры мільёны больш чалавек, чым за Дональда Трампа. У гісторыі ЗША было некалькі прыкладаў, калі кандыдат, які набраў менш у народным галасаваньні, выбіраўся прэзыдэнтам калегіяй электараў.
Так было на выбарах у 1876 годзе, калі прэзыдэнтам стаў Ратэрфорд Гейз, у 1888 годзе, калі перамог Бэнджамін Гарысан, і ў 2000 годзе, калі прэзыдэнтам стаў Джордж Буш-малодшы.
Перамагчы можа і той, за каго аддадзена толькі 25%
Сыстэма выбраньня прэзыдэнта электарамі, а не наўпрост праз народнае галасаваньне, падкрэсьлівае фэдэратыўнасьць ЗША як добраахвотнага аб’яднаньня. Чыста арытмэтычна можа скласьціся так, што з народу толькі чвэрць прагаласуе за аднаго кандыдата, 75% — за другога, а калегія электараў выбяра таго, за каго аддадзена ўсяго толькі 25%. Так тэарэтычна можа быць. Але практычна так ніколі не было.
У 2016 годзе перавага Клінтан у народным галасаваньні склала 2% ад тых, хто прагаласаваў.
Склад электараў ад штату вызначае партыя, чый кандыдат набраў большасьць у адпаведным штаце. Ізноў жа чыста тэарэтычна электар можа прагаласаваць насуперак галасаваньню свайго штату і насуперак сваёй партыі. На мінулым прэзыдэнцкіх выбарах такіх электараў аказалася 7 з 538. Але іх рашэньне на агульнае галасаваньне ў калегіі электараў не паўплывала.