Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ўсё яшчэ застаюцца невядомымі: кандыдат ад дэмакратаў Джо Байдэн бліжэйшы да таго, каб набраць большасьць галасоў у Калегіі электараў, а дзейны прэзыдэнт Дональд Трамп запатрабаваў спыніць падлік галасоў у асобных штатах. Рэспубліканцы падалі некалькі пазоваў аб парушэньнях пры падліку галасоў.
Прэзыдэнт Трамп у чацьвер увечары ўпершыню выступіў з публічнай прамовай за апошнія два дні, заявіўшы пра тое, што выбары былі «падтасаваныя». Ён падкрэсьліў, што ў яго «скралі» галасы, паведамляе агенцтва Reuters.
Трамп заўважыў, што зацягнуты падлік бюлетэняў дазваляе яму выказаць здагадку, што выбары былі падтасаваныя, каб «украсьці» ў яго перамогу.
Акрамя таго, ён папярэдзіў, што судовы працэс у сувязі з пазовамі, якія будзе падаваць ягоны штаб, можа завяршыцца ў Вярхоўным судзе.
Апошні раз прэзыдэнт зьяўляўся на публіцы раніцай у сераду, калі ён заўчасна абвясьціў пра сваю перамогу над дэмакратам Джо Байдэнам. Трамп таксама публічна заклікаў спыніць падлік галасоў, спаслаўшыся на абвінавачаньні ў махлярстве і неправамерных паводзінах арганізатараў выбарчага працэсу.
Ні Трамп, ні Байдэн пакуль не набралі неабходных для перамогі 270 галасоў электараў.
Джо Байдэн быў абвешчаны пераможцам выбараў у Мічыгане і Вісконсіне.
Байдэн наперадзе ў колькасьці галасоў электараў зь лікам 253:214. Аднак падлік галасоў усё яшчэ працягваецца ў чатырох штатах, вынікі галасаваньня ў якіх і вызначаць выбары: у Джорджыі, Пэнсыльваніі, Арызоне і Нэвадзе.
Трамп перамагае ў Пэнсыльваніі, а Байдэн апярэджвае свайго суперніка ў Арызоне, Нэвадзе і Джорджыі, прычым ва ўсіх выпадках разрыў паміж кандыдатамі мінімальны.
Паводле выбарчага заканадаўства, галасы ў Калегіі электараў дастаюцца пераможцу галасаваньня ад кожнага штату, у залежнасьці ад колькасьці насельніцтва, з двума выключэньнямі — штаты Мэйн і Нэбраска.
Калі Байдэн зможа ўтрымаць лідэрства ў галасаваньні ў Арызоне зь яе 11 галасамі электараў і ў Нэвадзе з 6 галасамі, ён атрымае 270 галасоў і будзе выбраны Калегіяй электараў 46-м прэзыдэнтам ЗША.
Трампу неабходна ўтрымаць усе штаты, у якіх ён цяпер перамагае, і заваяваць лідэрства ў Нэвадзе або Арызоне, дзе цяпер яго апярэджвае Байдэн.