Курсант 4 курсу факультэту міліцыі Акадэміі МУС Уладзіслаў Бацян пакінуў шэрагі супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. У відэазвароце ён патлумачыў, што не жадае станавіцца зброяй у руках нелегітымнай улады.
«Я да апошняга спадзяваўся, што спыніцца гвалт з боку пэўных падразьдзяленьняў і супрацоўнікаў у дачыненьні да мірных пратэстоўцаў. Прайшло два месяцы, але сытуацыя не зьмяняецца. Нас, курсантаў, таксама рыхтуюць да падаўленьня пратэстаў. Я ня маю намеру выконваць супрацьпраўныя загады».
Ён зьвярнуўся да курсантаў Акадэміі і заклікаў кінуць вучобу і «стаць на бок народу».
Таксама Ўладзіслаў Бацян расказаў пра тое, як стаў сьведкам укіду галасоў падчас датэрміновага галасаваньня.
«У пэрыяд перадвыбарчай кампаніі я сам стаў сьведкам адкрытай фальсыфікацыі галасоў. Гэта адбылося раніцай, калі выбарчы ўчастак яшчэ ня быў адкрыты. Я знаходзіўся ў той момант на службе і ахоўваў памяшканьне для перадвыбарчага галасаваньня. Прыйшоў старшыня камісіі, зачыніўся ў малым пакоі, дзе знаходзіўся сэйф зь бюлетэнямі, і пачаў закідваць у скрыню бюлетэні. Я хацеў паведаміць пра гэта начальніку, але мае аднагрупнікі сказалі, што самі сутыкнуліся з такім. Аднаго з супрацоўнікаў, які далажыў пра гэта начальніку, выклікалі ў ідэалягічны аддзел і правялі зь ім выхаваўчую гутарку на тэму таго, што яго гэта не датычыцца. Адкрыта прызнаюся, што ў той момант я пабаўся пра гэта сказаць каму-небудзь. Я стаў сьведкам злачынства».
Паводле Бацяна, пасьля падліку галасоў вынікі папярэдняга галасаваньня на ўчастку моцна розьніліся з дадзенымі назіральнікаў. Розьніца яўкі была ў тры разы.
«Лукашэнка працягвае выкарыстоўваць супрацоўнікаў сілавых ведамстваў для ўтрыманьня ўлады. Зьвяртаюся да супрацоўнікаў сілавых структур: хопіць маўкліва выконваць злачынныя загады. Хопіць зьбіваць свой народ», — заявіў Уладзіслаў Бацян.