Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народ не даруе». Апазыцыйныя Лукашэнку сілавікі аб’ядноўваюцца


Андрэй Астаповіч (другі зьлева) на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Цэнтры беларускай салідарнасьці ў Варшаве.
Андрэй Астаповіч (другі зьлева) на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Цэнтры беларускай салідарнасьці ў Варшаве.

Андрэй Астаповіч, былы старшы сьледчы беларускага Сьледчага камітэту, які адмовіўся ўдзельнічаць у перасьледзе пратэстоўцаў, стварае за мяжой аб’яднаньне By_Pol. Яго мэта — збор доказаў аб зробленых сілавікамі злачынствах і дапамога тым з калегаў, хто вырашыць перайсьці на бок народу.

Мэта на пэрспэктыву — падрыхтаваць рэформу праваахоўных органаў Беларусі, расказаў Андрэй Астаповіч карэспандэнту «Север.Реалии».

— Адна з галоўных задач By_Pol — збор доказаў злачынстваў сілавікоў. Гэта вы для будучай Гаагі зьбіраеце?

— Пра Гаагу вы правільна сказалі, асабліва калі гэты рэжым затрымаецца. Мы зьбіраем доказы ў тым выглядзе, у якім іх можна нават паводле дзейнага цяпер заканадаўства выкарыстоўваць у судзе. А яшчэ — на новых сумленных выбарах, якія абяцае Сьвятлана Ціханоўская.

Як вы думаеце, на чым будзе будавацца палітычная праграма ў кандыдатаў? Любы, хто захоча стаць прэзыдэнтам, будзе прасоўваць крымінальную адказнасьць для тых, хто біў, забіваў, гвалтаваў людзей і падтрымліваў усімі шляхамі гэтую незаконную ўладу. І будуць стварацца спэцыялізаваныя структуры для такіх расьсьледаваньняў. Нашы матэрыялы могуць ім быць карысныя.

Я бачу і яшчэ адну важную задачу — прызнаць на міжнароднай арэне злачыннымі арганізацыямі структуры тыпу АМАП і ГУБАЗіК (галоўнае ўпраўленьне для барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі) і забараніць супрацоўнікам уезд у тыя месцы, дзе яны, скажам, адпачываць любілі. Я спадзяюся, потым і Расея ўключыцца ў гэты працэс, адмовіцца ад Лукашэнкі і будзе супрацоўнічаць у Беларусі ўжо з новай уладай.

І тады тым сілавікам уцякаць будзе ўжо няма куды. Пакуль Лукашэнка чапляецца за ўладу, будзе ціск на гэтыя структуры, каб яны не адчувалі сябе так свабодна, каб разумелі, што як было раней, ужо дакладна ня будзе. Не даруе наш народ таго, што адбылося.

— У вас ужо ёсьць статыстыка па злачынствах беларускіх сілавікоў?

— Праз «Цэнтар беларускай салідарнасьці» прайшло ўжо 450 чалавек. Агульную колькасьць тых, хто выехаў у Польшчу, пакуль мы ўстанавіць з прычыны ўсіх гэтых падзей не змаглі. Канкрэтныя выпадкі атрымалі, змаглі ўстанавіць датычнага чалавека з супрацоўнікаў, прапісалі склад злачынства, склалі для сябе дакумэнты, пайшлі да наступнага. Знайшлі відэазапіс, апазналі супрацоўніка сваімі шляхамі.

Самыя распаўсюджаныя магчымыя склады злачынства — настаўляў зброю на мірнага пратэстоўца, закідваў гранатамі. Ёсьць некалькі выпадкаў згвалтаваньня, колькасьць пакуль не магу называць, ёсьць зьбітыя. У адкрытых крыніцах ёсьць дадзеныя пра забойствы.

— Вы сказалі пра «апазнаньні супрацоўніка сваімі шляхамі». Падтрымліваеце дэананімізацыю беларускіх сілавікоў, у тым ліку з дапамогай кампутарных праграм?

— У тым выглядзе, у якім яна адбываецца, — не. Таму што для такіх баз бяруцца старыя дадзеныя. Бывае, што названыя там супрацоўнікі некалькі гадоў таму звольніліся, сышлі з сыстэмы, зьехалі ў іншыя краіны ці пачалі займацца іншымі справамі. А кампутарныя праграмы? Вы верыце ў гэта? Людзей з тых фота апазнавалі іх жа знаёмыя, давалі спасылкі на сацсеткі, потым гэта ўсё апрацоўвалася ў ролікі.

Сапраўдныя ж праграмы такога кшталту каштуюць вельмі дорага. Для падлучэньня аднаго доступу патрабуецца 150 тысяч даляраў. Мне здаецца, гэтая інфармацыя аб праграме дэананімізацыі была ўкідам, які зрабілі, каб напалохаць людзей, якія, нават знаходзячыся ў сыстэме праваахоўных органаў, ня вельмі разьбіраюцца ў тым, як што працуе. У рэальнасьці, калі б яна працавала, ужо раскрылі і паказалі б абсалютна ўсіх супрацоўнікаў.

— Хто фінансуе By_Pol?

— Няма фінансаваньня. Цэнтар беларускай салідарнасьці даў нам памяшканьне, купіў тэхніку, таму што мой кампутар застаўся ў Расеі, а тэлефоны — у лясах Беларусі, дзе я хаваўся. Цэнтар фармаваўся на ахвяраваньні звычайных людзей, нашы беларускія айцішнікі з усяго сьвету слалі ахвяраваньні.

— А былым сілавікам, якія прыйшлі ў By_Pol, і сабе — вы плаціце зарплату?

— Я, як і частка маіх супрацоўнікаў, знаходзімся ў статусе ўцекачоў, найбліжэйшыя шэсьць месяцаў мы ня маем права працаваць. Атрымліваем дапамогу — 750 злотых у месяц. Паўгода працаваць ня можам, але знайшлі спосаб быць карыснымі сваёй краіне. Пра нас даведалася Сьвятлана Ціханоўская і захацела сустрэцца. Мы пагутарылі, яна зразумела, наколькі важна тое, што мы робім, і з намі пачалі паволі супрацоўнічаць астатнія ўдзельнікі пратэставых рухаў.

— Пра сваволю беларускіх сілавікоў многія даведаліся дзякуючы тэлеграм-каналу Nexta. Вы супрацоўнічаеце зь імі?

— У пэўным сэнсе супрацоўніцтва ёсьць, хоць асабіста мы ня мелі зносін. Я ведаю, што інфармацыя нашага штабу выкарыстоўваецца гэтым СМІ.

Абарона і рэформа

— Назва «Прафсаюз для беларускіх сілавікоў» гучыць нечакана. Вы зьбіраецеся абараняць беларускі АМАП? Няўжо не людзей ад АМАПу?

— Вы памятаеце маю гісторыю, як я бегаў па лясах Эўразіі ад сваіх жа калегаў? Супрацоўнік — частка сыстэмы. Быццам бы ён мае законныя падставы прымаць тыя ці іншыя рашэньні, а па факце — не: сыстэма хуценька раздушыць яго, прыйдуць калегі, якія зацікаўленыя працаваць інакш, начальства, кіраўніцтва, і яны ўсе будуць аказваць ціск, перасьледаваць і гэтак далей.

Зараз праходзіць інфармацыя аб тым, што сілавікі, якія выступілі на баку народу, ужо знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі ў жудасных умовах, яшчэ горай, чым цывільныя людзі. КДБ, служба ўнутранай бясьпекі — усе гэтыя сыстэмы адразу ж пастукаюцца да цябе ў дзьверы, затрымаюць, незаконна правядуць усе ператрусы і сфальсыфікуюць справу, таму што ты валодаеш канкрэтнымі ведамі і інфармацыяй, якая можа нашкодзіць цяперашняй уладзе. З табой разьбяруцца нашмат хутчэй, чым з астатнімі.

Нават да пачатку ўсіх падзей супрацоўнік быў неабаронены па вельмі многіх напрамках, нават у пляне сацыяльнага забесьпячэньня. На паперы гэта ўсё прапісана, а рэальна нічога не рэалізуецца. Мы хочам памяняць гэтую сытуацыю.

— Якія рэформы праваахоўных органаў Беларусі трэба праводзіць у першую чаргу?

— У нас усе крычаць: «Чаму ў краіне столькі сілавікоў?» Трэба пачаць з скасаваньня афіцэрскіх пасад для супрацоўнікаў, якія адказваюць за бытавое забесьпячэньне. Там не павінна быць выслуга ў 20 гадоў, таму што там няма ніякай небясьпекі, гэта не афіцэр падводнай лодкі або афіцэр паліцыі, якога могуць забіць. Такі ж кадравік «на гражданцы» павінен працаваць да 60.

Другое — трэба пазбаўляцца ад дубляваньня сыстэм. У нас ёсьць пракуратура — наглядны орган, але ў Сьледчым камітэце ёсьць так званае КПК — кіраўніцтва працэсуальнага кантролю, якое дублюе нагляд унутры сыстэмы. У іншых падразьдзяленьнях праваахоўных органаў таксама ёсьць падобныя службы-аддзелы. Навошта гэтае дубляваньне і размазваньне сіл?

Варта разгледзець пытаньне аб дэкрыміналізацыі некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Там, дзе я працаваў, каля 40% накіраваных спраў былі пра прэвэнтыўны нагляд за людзьмі, якія вызваліліся зь месцаў пазбаўленьня волі. Не прыйшоў своечасова дадому, напіўся — зрабіў адміністрацыйнае правапарушэньне. Пасьля трох парушэньняў зноўку заводзяць крымінальную справу. Расьсьледаваньнем займаецца сьледчы па асабліва важных справах, павялічваецца нагрузка, рэальныя справы расьсьледаваць няма каму.

Або з крадзяжамі, якія падпадаюць пад наш артыкул 205, частка 1. Там кошт правядзеньня расьсьледаваньня несупастаўны зь невялікай нанесенай шкодай.

Асабісты выбар і люстрацыі

— А як наконт тых, хто сёньня пагадзіўся выконваць злачынныя загады і дзейнічае ў інтарэсах Лукашэнкі? Люстрацыі будуць?

— У нас ёсьць артыкул 20 Крымінальнага кодэксу. Калі ўдзельнік злачыннай банды ня быў арганізатарам і каардынатарам, не рабіў цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, пачаў супрацоўнічаць са сьледзтвам, то ён вызваляецца ад крымінальнай адказнасьці. Калі чалавек быў у гэтым, але сам асабіста нікога не забіў, не пакалечыў, то ён вызваляецца ад пакараньня.

І якія тады ёсьць законныя падставы яго звольніць з органаў і не даваць яму там працаваць? На этычным узроўні — так, ёсьць, ты ўсё-ткі запляміў свае пагоны. Але мы ж падыходзім з пункту гледжаньня захаваньня законнасьці. Мітынгі ў Беларусі вырасьлі з прычыны таго, што наша ўлада пачала парушаць разнастайныя законы ў адносінах да сваіх грамадзян. Мы ж не жадаем прыпадабняцца цяперашняй уладзе.

Але калі супрацоўнік зрабіў цяжкія злачынствы, ён ня зможа застацца без пакараньня, атрымліваць пэнсію, яго стаж нікуды ня пойдзе. Кожны робіць свой выбар тады, калі пачынае страляць, гвалтаваць і забіваць.

— А дзе праходзіць мяжа паміж выкананьнем загаду і грамадзянскай сьвядомасьцю?

— У кожнага яна свая. Мая гісторыя нават не пра тое, каб кагосьці біць, мне хапіла проста сутыкнуцца з тым, што ў нейкай малой ступені быў вымушаны закрываць вочы на парушэньне закону ці нават нейкім чынам удзельнічаць у ім, міжволі дазваляючы нейкім супрацоўнікам зьнішчаць доказы сваёй злачыннай дзейнасьці або фальсыфікаваць у дачыненьні да некага нейкія дакумэнты.

— Калі капітанам даводзілася закрываць вочы на злачынствы, то што тады адбываецца на ўзроўні генэралаў?

— Многія вайсковыя часткі задзейнічаныя не былі. У пераважнай масе запэцкаліся тыя, хто набліжаны да прэзыдэнта. Лукашэнка асабіста прызначае кожнага палкоўніка і вышэй. Часьцей за ўсё гэта самыя набліжаныя да яго людзі, таму яны ўсёй душой за яго, і там адмысловай гаворкі зь імі не атрымаецца.

— Калі іх усіх звольніць, то адкуль браць новыя кадры?

— Вы думаеце, ён лепшых спэцыялістаў прызначае ці тых, каму можа давяраць? Ня факт, што яго людзі — самыя якасныя і разумныя. У нас многія ўсё жыцьцё працуюць, але ў давер не ўваходзяць, іншадумцы, напрыклад, сядзяць на нейкіх пасадах і зварухнуцца ня могуць. А гэтыя ўсе старшыні, міністры — так, недурныя людзі, але іх набіраюць зыходзячы з таго, што гэты чалавек можа зрабіць менавіта для Лукашэнкі.

— Як вы ацэньваеце сёньняшні ўзровень пратэсту ў Беларусі?

— Пакуль людзі будуць змагацца, ніякіх шанцаў ва ўладаў няма. Гэта агонія цяперашняй улады. Яна робіць пастаянныя памылкі, пачынае мяняць аднаго начальніка на іншага, той разумее, што ён таксама два месяцы можа адпрацаваць — і яго здадуць-прададуць, скінуць на яго віну.

Людзі не здаюцца, яны ня хочуць улады Лукашэнкі і яго злачыннай групоўкі. Ніхто не забудзе таго, што адбылося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG