Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістку Марыну Кастылянчанку арыштавалі на 15 дзён. Яна назвала абвінавачаньні абсалютнай выдумкай


Марына Кастылянчанка падчас працэсу
Марына Кастылянчанка падчас працэсу

2 лістапада суд Заводзкага раёну Менску арыштаваў праваабаронцу і незалежную журналістку Марыну Кастылянчанку на 15 дзён. Яе абвінавацілі ў незаконным пікетаваньні на вуліцы Багдановіча 30 кастрычніка і супраціве міліцыі.

Кастылянчанка назвала абвінавачаньні абсалютнай выдумкай. Яна сказала, што а 18-й гадзіне сустрэла свайго сябра Аляксандра Бялова пасьля арышту на Акрэсьціна, а ўжо ў 18:45 іх затрымалі ў кавярні на вуліцы Сурганава.

«Я лічу, што гэта палітычны перасьлед за мае палітычныя погляды», — сказала яна.

Праваабаронцы назвалі затрыманьне Марыны Кастылянчанкі адвольным і незаконным.

Акрамя Марыны Кастылянчанкі, у кавярні затрымалі

  • Карыну Гараўскую,
  • Марыю Шаблінскую,
  • Аляксандра і Натальлю Сінкавец,
  • Уладзіслава Машчука,
  • Аляксандра Бялова,
  • Уладзімера Ларыёнава.

Усіх 2 лістапада арыштавалі на 15 дзён.

У той жа дзень у Судзе Фрунзенскага раёну на 15 дзён арыштавалі журналіста БелаПАН Паўла Дабравольскага. Судзьдзя Юлія Блізьнюк палічыла яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 18 кастрычніка.

3 лістапада на 13 сутак арыштавалі фатографа Аляксандра Зяньковіча, паведаміла «Наша ніва».

Ад пачатку году Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала больш як 400 выпадкаў перасьледу журналістаў за іх прафэсійную дзейнасьць. Адзначана пашкоджаньне і канфіскацыя тэхнікі, затрыманьні, зьбіваньне, страляньне гумовымі кулямі, штрафы, адміністрацыйныя арышты за «ўдзел у мітынгах» і «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням міліцыі», крымінальныя справы.

Рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў і журналістаў. Што важна ведаць

  • Праваабаронцы «Вясны» задакумэнтавалі больш за 500 сьведчаньняў катаваньняў.
  • Больш за 30 000 чалавек былі затрыманыя.
  • На пратэстоўцаў завялі больш за 900 крымінальных спраў.
  • Журналісты ў Беларусі адседзелі ўжо больш за 500 дзён адміністрацыйнага арышту.
  • Зафіксавана больш за 400 парушэньняў правоў журналістаў.
  • У краіне 144 палітычныя вязьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG