Сьледчы камітэт Беларусі заявіў, што падазраваным паводле артыкула 342 КК стаў 231 чалавек. Артыкул 342 Крымінальнага кодэксу гаворыць аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Сайт TUT.BY паведаміў раней, — засьцерагаючыся, што інфармацыю пакуль не ўдалося пацьвердзіць афіцыйна, — што дзясяткі затрыманых на маршы ў Менску 1 лістапада абвінавачваюцца менавіта паводле гэтага артыкула.
«Мужа па адміністрацыйнай справе затрымалі ў нядзелю ў раёне вуліцы Сядых, але сьледчы ў РАУС дапытваў ужо па крымінальнай справе, — сказала TUT.BY мянчанка Марына. — Цяпер муж — падазраваны па арт. 342 КК, яго павезьлі ў Жодзіна. Сьледчы сказаў адвакату, што многія затрыманыя праходзяць падазраванымі па крымінальнай справе».