Лідэрка беларускіх пратэстаў Сьвятлана Ціханоўская правяла онлайн-сустрэчу зь міністаркай замежных спраў Нарвэгіі Інэ Мары Эрыксэн Сёрэйдэ. Яны абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі і магчымасьці дапамогі з боку Нарвэгіі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.
Святлана Ціханоўская адзначыла, што цяпер найважней падтрымаць страйк рабочых, студэнтаў і ўсіх, хто далучыўся да страйку. Таксама яна падзякавала Нарвэгіі за жорсткую палітыку ў дачыненьні да рэжыму, падтрымку санкцый у дачыненьні да Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў і ініцыяваньне «маскоўскага мэханізму» збору дадзеных пра злачынствы сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў.
На сустрэчы зь міністаркай абмяркоўвалі пакет дапамогі для праваабаронцаў, СМІ, культурных дзеячоў, спартоўцаў, выключаных са спартовых фэдэрацыяў за актыўную грамадзянскую пазыцыю. Ціханоўская падкрэсьліла, што вельмі важна аказваць дапамогу рабочым і студэнтам, якія ў гэты момант асабліва цярпяць ад рэпрэсіяў, зазнаюць за свой пратэст звальненьні, адлічэньні і крымінальны перасьлед. Нарвэскі бок цікавіла пытаньне «Беларуськалію», бо буйная нарвэская хімічная кампанія Yara закупляе ўгнаеньні менавіта ў Беларусі.
Нарвэская міністарка гаварыла аб намінацыі на Нобэлеўскую прэмію міру Сьвятланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкалы і Марыі Калесьнікавай, аб прызнаньні жаночага руху ў Беларусі і падтрымцы беларусаў, якія змагаюцца за свабоду. Сьвятлана адзначыла, што калі намінацыя дазволіць вызваліць палітычных зьняволеных, гэта будзе яе галоўнае дасягненьне.
Сустрэча зь Інэ Мары Эрыксэн Сёрэйдэ мелася адбыцца ў Осла, але Ціханоўская цяпер на карантыне, таму яе перанесьлі ў онлайн. Тым ня менш, Святлана плянуе сустрэцца з кіраўніцтвам Нарвэгіі ў будучыні асабіста.
Раней на гэтым тыдні Сьвятлана Ціханоўская правяла важную размову зь міністрам замежных справаў Эстоніі. Яны абмеркавалі, куды накіраваць дапамогу памерам 500 тысяч эўра, што вылучыла Эстонія на падтрымку грамадзянскай супольнасьці. Абмяркоўвалася і пытаньне скліканьня Рады бясьпекі ААН у пытаньні злачынстваў супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі — пасьля таго, як будзе апублікаваны даклад АБСЭ паводле «маскоўскага мэханізму».