Перамовы аб новых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі павінны пачацца яшчэ сёлета, як і іх прызначэньне.
З такой заявай Сьвятлана Ціханоўская выступіла падчас візыту ў Данію, дзе, сярод іншага, абмеркавала дапамогу замежных дзяржаў у арганізацыі перамоваў пра выбары.
Як паведаміла прэс-служба палітыка, у Ціханоўскай адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
«На ёй абмяркоўваліся перамовы аб новых выбарах і краіны, якія могуць удзельнічаць у арганізацыі гэтых перамоваў. Сьвятлана зрабіла акцэнт, што перамовы аб новых выбарах павінны пачацца ў 2020 годзе і новыя выбары таксама павінны быць прызначаныя да канца году», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Ціханоўскай.
Ціханоўская сустрэлася з дацкім міністрам замежных спраў Епе Кофадам, які адзначыў, што Данія стварае Фонд новай дэмакратыі, каб падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць — у тым ліку і ў Беларусі.
Акрамя таго, экс-кандыдатка сустрэлася з прэм’ерам Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн.
Ціханоўская падкрэсьліла, што прыйшоў час думаць аб пераходным пэрыядзе ў Беларусі і абмяркоўваць пакеты рэформаў, якія дапамогуць яго ажыцьцявіць.
Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі дацкіх недзяржаўных гуманітарных арганізацый, прадстаўнікамі прафсаюзнага руху Даніі і Эўропы, узяла ўдзел у круглым стале Дацкага інстытуту супраць катаваньняў DIGNITY.