Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сілавікі баяцца яго выпускаць». Чаму за кратамі застаецца мэнэджар PandaDoc Віктар Куўшынаў


Віктара Куўшынава прывезьлі на допыт у кайданках
Віктара Куўшынава прывезьлі на допыт у кайданках

Аляксандра Дзікан, жонка Віктара, расказала Свабодзе, як жыве пасьля пераезду ў Кіеў і што думае пра справу мужа.

Пра затрыманьні супрацоўнікаў менскага офіса кампаніі PandaDoc стала вядома 2 верасьня. Прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў прыйшлі ў будынак і заблякавалі там амаль усіх супрацоўнікаў, правялі ператрус, апыталі частку затрыманых. У выніку 4 мэнэджараў арыштавалі і абвінавацілі па артыкуле 210 КК у выкраданьні сродкаў шляхам злоўжываньня службовым становішчам у асабліва буйным памеры.

11 кастрычніка, неўзабаве пасьля сэнсацыйнага візыту Лукашэнкі ў СІЗА КДБ, быў вызвалены дырэктар менскага прадстаўніцтва PandaDoc Дзьмітры Рабцэвіч. Яго зьмясьцілі пад хатні арышт. Выйшлі з-за кратаў таксама галоўны бухгальтар Юлія Шардыка і эйчар Уладзіслаў Міхалап. Дырэктар па прадукце Віктар Куўшынаў, адзіны з тых, каму прад’явілі абвінавачаньні, застаецца пад вартай.

«Было вельмі складана зьяжджаць»

«З мужам кантакт падтрымліваю, — расказвае Свабодзе Аляксандра Дзікан. — Адвакат да яго ходзіць амаль кожны дзень. Потым расказвае мне, як справы ў мужа, як ён сябе адчувае. Але толькі наколькі дазваляе сьледзтва, усе яны давалі падпіску аб неразгалошваньні. Я пра Віцю проста нешта даведваюся. Прашу адваката таксама запытацца ў мужа, што ён думае пра нейкія нашыя сямейныя справы. Пра садзік дзіцяці, альбо іншае нешта. Узгадняю, як сябе паводзіць ці як размаўляць са СМІ. Лісты таксама даходзяць ад мужа, але вы ж разумееце, што там цэнзура. Таму ў лістах толькі нешта агульнае Віктар піша. Перадае прывітаньні сыну, гаворыць, што ў яго ўсё ў парадку».

Аляксандра Дзікан
Аляксандра Дзікан

Неўзабаве пасьля ператрусу дома ў Віктара і Аляксандры, а таксама прад’яўленьня яму афіцыйных абвінавачваньняў, жанчына зьехала з краіны. Цяпер яна разам з сынам і маці жыве ў Кіеве.

«Вельмі складана было, я не хацела зьяжджаць, — кажа Аляксандра пра рашэньне зьехаць з краіны. — Адвакат перадаваў актыўныя просьбы мужа пра гэта, і я набыла квіткі на самалёт зь Менску ў Кіеў. Але за дзень да вылету зьявілася інфармацыя, што супраць мяне таксама могуць завесьці справу, прыйшлося ехаць раней. Дапамагалі родныя, рэчы зьбіралі літаральна за 30 хвілін. Гэта было дзеля сына. Былі пагрозы, што забіраюць дзяцей у актывістаў. Было вельмі складана псыхалягічна. Я толькі нядаўна крыху апамяталася. Спачатку забралі мужа, потым чуткі, што могуць затрымаць і мяне, пераезд. Я за сваё жыцьцё ніводнага правапарушэньня ня зьдзейсьніла, а тут такое».

«На мужа маглі ціснуць празь мяне»

У Кіеве Аляксандра працуе на сваім ранейшым месцы, выконвае заданьні дыстанцыйна. Сына Рэдэрыка дапамагае даглядаць маці, якая пераехала разам зь ёй. Аляксандра кажа, што больш за ўсё яе цяпер турбуе, чаму муж застаецца за кратамі.

«Я не магу сказаць дакладна, чаму мужа не адпускаюць, — кажа Аляксандра. — У кампаніі ён адказвае за выніковы прадукт, ён дырэктар па разьвіцьці прадукту. Да адміністрацыйнай часткі кампаніі Віктар ня мае ніякага дачыненьня. Паводле абвінавачваньня, там гаворка ідзе пра нявыплату падаткаў, нешта такое. Ніякага дачыненьня да гэтых пытаньняў Віктар ня мае і ня меў. Ягоных подпісаў няма на такіх дакумэнтах. Але ж усе разумеюць сапраўдныя прычыны справы. Адпаведна, мы робім высновы пра прычыны затрыманьня. Віктар адбываў адміністратыўны арышт у ліпені, калі была чарга да ЦВК пасьля нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі. 11 сутак тады атрымаў. І ўвогуле мы актыўныя людзі, з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй».

Віктар Куўшынаў зь сям'ёй.
Віктар Куўшынаў зь сям'ёй.

Аляксандра расказвае, што пасьля арышту мужа выйшаў сюжэт на БТ, дзе згадвалася пра Цэнтар па прасоўваньні правоў жанчын, які падтрымала PandaDoc. Да працы Цэнтру Аляксандра мела непасрэднае дачыненьне. Кажа, што ўся аказаная яму фінансавая дапамога была неабходным чынам аформленая і пайшла выключна на працу Цэнтру. Аднак дзяржаўныя СМІ падалі гісторыю ледзьве не як фінансаваньне пратэстаў.

«Я так думаю, што на мужа маглі ціснуць празь мяне, — кажа Аляксандра. — Дэталяў я ня ведаю. Адвакат мне таксама шмат не расказвае, каб не перажывала. Але я разумею ўсё, раблю высновы. І яшчэ я ведаю свайго мужа, ён вельмі прынцыповы чалавек. Ён адмовіцца падпісваць прызнальныя паказаньні альбо абгаворваць іншых людзей. На відэа для БТ ён таксама ня будзе здымацца. Нехта гэта зрабіў і выйшаў. А Віктар сказаў, што падпісваць нічога ня стане і здымацца на відэа таксама ня будзе. Стаў такім „моцным арэшкам“ для іх. Магчыма, сілавікі ня ўпэўненыя, што муж пасьля вызваленьня стане маўчаць. Віктар добра падрыхтаваны, на яго не падзейнічаюць гэтыя „гэбісцкія падыходы“. У выніку сілавікі баяцца яго выпусьціць зь іншымі. Бо ўсе выходзяць запалоханыя».

«Сын расказвае суседзям, што тата ў турме»

Аляксандра кажа, што кантактавала з тымі калегамі мужа, якія выйшлі на волю празь месяц пасьля затрыманьня.

Аляксандра Дзікан
Аляксандра Дзікан

«Але я не магу, напэўна, расказваць, пра што пачула ад іх, — кажа яна. — Людзі вельмі моцна запалоханыя, яны выйшлі з зусім іншай карцінай сьвету. Я ўражаная, наколькі моцна там апрацоўваюць людзей. Больш нічога не магу вам расказаць, на жаль. Я нічога асаблівага не даведалася, але зразумела, наколькі моцны ціск аказваецца на людзей за кратамі. Гэта простыя людзі, якія не былі гатовыя да такога. Яны ня ўдзельнічалі ў пратэстах, не былі актывістамі».

У Кіеве Аляксандра з сынам і маці жыве ўжо амаль два месяцы. Кажа, што побыт наладзіўся, сын знайшоў ужо новых сяброў. Дзе бацька, ад малога не хаваюць.

«Праз тыдзень сыну будзе тры гады, 2 лістапада, — расказвае Аляксандра. — І я ад самага пачатку вырашыла нічога не хаваць ад яго. Рэдэрык ведае, дзе ягоны тата, ён ведае, што такое турма. Спачатку я прыдумляла пра камандзіроўку, але сын усё бачыў, ён усё ведае. Пытае, што гэта за дрэнныя дзядзькі, што за гранаты, што за выбухі. Сын жа бачыў, як забіралі Віктара, гэта адбывалася пры ім. Бачыў, як мы ўначы зьяжджалі зь Беларусі, як ехалі 20 гадзін. Пытаўся пра ўсё, цяпер усё ведае. Цяпер у Кіеве, калі знаёміцца зь іншымі дзецьмі, то расказвае ім, што тату забралі ў турму дрэнныя людзі. Я ўсё тлумачу. Кажу, што мы пераможам і вернемся дадому. Цяпер сын ужо супакоіўся. Напачатку было бачна, што ён моцна перажывае».

«Мне цяпер відавочна, што рэжыму канец»

Па словах Аляксандры, яна адчувае цяпер вялікую падтрымку. Суседзі па Менску пэрыядычна расказваюць ёй пра падзеі «на раёне», пішуць пра зьяўленьне падазроных аўтамабіляў каля дому Аляксандры і Віктара.

«Пакуль я буду ў Кіеве, — кажа Аляксандра. — Не хачу рызыкаваць, у нас малое дзіця. І ёсьць верагоднасьць, што мяне затрымаюць, калі я вярнуся. Чакаю вызваленьня мужа. Калі яго выпусьцяць па падпісцы аб нявыезьдзе, то мы ня зможам пабачыцца ў бліжэйшы час. Але самае галоўнае ўсё адно, каб Віктара выпусьцілі. Пакуль назіраю. І, ведаеце, мне цяпер збоку некаторыя рэчы больш відавочнымі сталі, чым былі тады, калі я варылася ўнутры. Мне цяпер відавочна, што рэжыму хутка будзе канец, што гэта толькі пытаньне часу. Засталося толькі чакаць перамогі беларускага народу, перамогі дабра».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG