Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інтэлігенцыя стаіць тварам у цэглу. Там ёй і месца», — прафэсар Смалянчук, аштрафаваны за мітынг


Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук

Гісторыка з Горадні Алеся Смаленчука сёлета затрымалі на мітынгу і аштрафавалі на 270 рублёў. Ён расказаў Свабодзе, што склаў у торбу на выпадак арышту, чым адрозьніваюцца 1937-ы і 2020-ы і як аднойчы беларусы за некалькі месяцаў стварылі партыю са 100 тысяч чалавек.

Алесю Смаленчуку 61 год. Прафэсар, доктар гістарычных навук. Пераможца сёлетняй прэміі Францішка Багушэвіча за манаграфію пра «айца БНР» Рамана Скірмунта. Аўтар манаграфіяў пра гісторыю Беларусі, укладальнік гадавіка «Homo historicus», адзін з кіраўнікоў праекту «Гарадзенскі палімпсэст». Працуе ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук і ў Варшаўскім унівэрсытэце. Выходзіць на акцыі пратэсту ў Горадні зь бел-чырвона-белым шалікам з надпісам «Жыве Беларусь».

Сьцісла

  • Я прызнаў, што ўдзельнічаў у шэсьці, але не прызнаў сябе вінаватым.
  • Калі мяне цягнулі ў аўтазак, вочы ў хлопцаў гарэлі: толькі дай магчымасьць, руку падымі, адразу ўсё атрымаеш.
  • У гісторыі Беларусі гэта нармальная зьява, калі інтэлігенцыя стаіць тварам у сьценку. Там ёй і месца.
  • Аўтара беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча катавалі каля году. Праз выбітыя ў яго сьведчаньні арыштавалі сотні чалавек.
  • Калі Беларусь скочваецца да таталітарызму, абавязак гісторыка — супрацьстаяць гэтаму.
  • У 1926 годзе была падобная сытуацыя, калі беларусы за некалькі месяцаў стварылі партыю з сотні тысяч чалавек. Яны перасталі падпарадкоўвацца польскай уладзе, бо верылі, што заўтра тут будзе Беларусь.
  • У рэгіёнах на акцыі пратэсту выходзіць менш людзей, бо яны адчуваюць большую залежнасьць ад мясцовых уладаў. У Менску прасьцей дыстанцыявацца.
  • Сёлета, у адрозьненьне ад 1937 году, у людзей менш страху. Вырасла «непужанае» пакаленьне. Рэпрэсаваных сёлета таксама менш.
  • Нягледзячы на ўсе намаганьні, гэтая дзяржава развальваецца.

«Калі інтэлігенцыя стаіць тварам у цэглу»

— Вы прыйшлі ў суд з рэчамі. Ці ўсьцешыліся вы, калі вам далі штраф?

— З аднаго боку, быў рады, што мяне не адправілі ў турму, зь іншага — было непрыемна. Ня тое, што мне шкада грошай, але я сябе вінаватым не прызнаў. Я быў бы згодны, калі б судзілі міліцыянтаў, якія білі людзей, а не людзей, якія мірна рэалізоўвалі сваё права на свабоду думкі. Нехта з калег пачаў біць у далоні (пасьля прысуду. — РС), іншыя сядзелі смутныя, бо адбывалася рэч, якая не павінна адбывацца ў нармальнай дзяржаве.

Варыянту, што мяне апраўдаюць, я не дапускаў. Я прызнаў, што ўдзельнічаў у шэсьці. Падобна, судзьдзя быў троху зьдзіўлены, бо, з аднаго боку, я прызнаю, што там быў, зь іншага — не прызнаю, што вінаваты. Ён запытаўся, якія высновы я зрабіў. Я зноў расказаў пра неадэкватныя дзеяньні міліцыі.

— Чым вашая торба з рэчамі ў суд адрозьнівалася ад торбы, зь якой вы езьдзіце ў Варшаву на працу?

— Трохі прадукты былі. Узяў тое, што трапіла пад руку: сыр і хлеб. Ваду забыўся. Цёплая бялізна. І кніжку ўзяў — Джордж Колінгвуд «Ідэя гісторыі». Вядомы брытанскі гісторык, чытаў некалькі разоў, хацеў перачытаць.

— У РАУСе вы некалькі гадзін стаялі тварам да сьцяны, як злачынца. Што адчувае ў такі момант інтэлігентны чалавек, як вы?

— Цэглы лічыў. Уся гэтая сытуацыя зразумелая. Я ж ня першы, хто там быў. Размаўляў з тымі, хто нас ахоўваў. Спачатку крычалі, потым з усімі абыходзіліся падкрэсьлена ветліва, толькі на «вы».

— Пра што вы гаварылі?

Адзін з афіцэраў, якія глядзелі тэлеграм-каналы, сказаў «Мянты не звальняюцца, звальняюцца толькі баязьліўцы», бо пісалі, нібыта «мянты звальняюцца». Потым прыстаў да мяне з пытаньнем: «Вось вы прафэсар, чаго вы сюды? Вам хіба пасьля прэмію дадуць?» Я кажу: «Вы не зразумееце».

— Чаму яны вас не зразумеюць?

— Я спачатку не хацеў зь імі весьці гутарку наогул. Што я буду тлумачыць? Я сумняюся, што яны ня ведаюць, што выбары сфальсыфікаваныя. Чалавек, які задаваў пытаньні, зьняў маску, назваў сваё прозьвішча — Нечыпарэнка, з крымінальнага вышуку. Не амапавец, яўна афіцэр, які жыве дома, а не ў казармах. Што я яму буду тлумачыць? Ня бачу сэнсу ў размове з такімі людзьмі і ў такой сытуацыі.

Я як гісторык згадваю падзеі 1930-х гадоў у Савецкім Саюзе, калі ў галовах масы людзей, ня толькі тых, хто забіваў у Курапатах, сядзела адна праўда — Сталін, Савецкі Саюз, маса ворагаў народу. Уражаньне, што ў галовы гэтых людзей таксама гэта ўбітае. Калі мяне цягнулі ў аўтазак, вочы ў гэтых хлопцаў гарэлі: толькі дай магчымасьць, руку падымі, адразу ўсё атрымаеш. Такое жаданьне пабіць, якое цяжка нечым патлумачыць. Ёсьць дазвол начальства, ёсьць велізарная ўлада ў іх руках у выглядзе дручка — што хачу, тое і раблю з табой.

«Калі інтэлігенцыя стаіць тварам у цэглу»

— Якой была для вас гэтая сытуацыя ў дворыку — прыніжальнай, сюррэалістычнай, сьмешнай?

— Калі б я ня быў гісторыкам ХХ стагодзьдзя, можа, былі бы складаныя разважаньні і пачуцьці. ХХ стагодзьдзе — гэта эпоха аўтарытарных і таталітарных дзяржаваў. Ведаючы гісторыю Беларусі, гэта абсалютна нармальная зьява, то бок яна ўпісваецца ў тэндэнцыю, калі інтэлігенцыя стаіць тварам у цэглу. Там ёй і месца, іншага месца для яе няма.

Я раблю зборнік дакумэнтаў 1939 году. Я там пішу даведку пра акадэміка Тарашкевіча, стваральніка граматыкі, максымальна заслужанага чалавека для беларускай культуры. Яго арыштавалі ў 1937 годзе, у студзені 1938-га яго асудзілі на сьмерць як польскага шпіёна, але ён быў закатаваны ў лістападзе 1938-га году. Прафэсара амаль год катавалі, выбіваючы зь яго прызнаньні, прызнаньні, прызнаньні. То бок ён ужо ня быў чалавекам. Я потым знайшоў іншы дакумэнт: у выніку паказаньняў Тарашкевіча было арыштавана ці 314, ці 414 чалавек. Там ужо не было жывога чалавека. Там была груда мяса, зьбітая, запалоханая, якая ўжо не ўсьведамляла, што ён робіць, нейкія пробліскі сьвядомасьці былі. Але трымалі пры жыцьці, каб толькі падпісваў, падпісваў, падпісваў.

Стоячы тварам да сьцяны, я ведаў, што гэта нармальнае месца беларускага інтэлігента. Я стараўся рэляксаваць, гледзячы на цэглы. Хлопцы стаялі побач вясёлыя: справа сказаў, што ён беспрацоўны, зьлева — ахоўнік нападпітку, а пасярэдзіне прафэсар стаяў.

— Вы калі-небудзь раней аказваліся ў падобнай сытуацыі?

Ад пачатку беларускіх падзей былі сытуацыі, калі заставаўся крок да затрыманьня. У Горадні, калі няма жаданьня бегаць ад АМАПу, вялікі шанец патрапіць. Я быў гатовы. Лёс беларускага гісторыка ў ХХ–ХХІ стагодзьдзі — гэта сытуацыя сюррэалізму, калі трэба даказваць, што гэтая сымболіка не фашыстоўская або нешта іншае.

— У РАУС казалі, што вам у Польшчы дадуць прэмію. Як вашае кіраўніцтва паставілася да затрыманьня і суду?

— Кіраўніцтва ведае, са спачуваньнем паставіліся, гатовыя аплаціць штраф. Прэмію ня выдалі. Мне выдаюць прэміі за навуковыя працы. Польская інтэлігенцыя, партыі праяўляюць салідарнасьць зь беларускай рэвалюцыяй. Я сам перакладаў некалькі лістоў на беларускую мову ад польскіх гісторыкаў, этнолягаў, Інстытуту славістыкі.

«Калі Беларусь скочваецца да таталітарызму, абавязак гісторыка — супрацьстаяць гэтаму»

— Чаму вы выходзіце на акцыі пратэсту?

— Я сяджу за кампутарам, потым адчуваю, што сядзець ужо немагчыма. Я бяру БЧБ і выходжу на вуліцы. Беларусь пратэстуе супраць несправядлівасьці. Я далучаюся да гэтых пратэстаў. На судзе казаў, што гэта абавязак гісторыка — калі Беларусь скочваецца да таталітарызму, супрацьстаяць гэтаму.

— Што вас натхняе выходзіць?

— Ёсьць пачуцьцё, што трэба выходзіць. Гэта стала часткай жыцьця. Як бы ні было небясьпечна, трэба прысутнічаць. Гэта абавязак і гісторыка, і чалавека. Гісторык павінен удзельнічаць у такіх рэчах, тады лепш разумееш падзеі гісторыі, калі не сядзіш, абкладзены дакумэнтамі ў архіве.

— Пытаньне пра рэгіёны. Калі лічыць, што ў Менску на нядзельныя маршы выходзіць 100 тысяч чалавек, то гэта 5% насельніцтва гораду. Калі б у Горадні выйшла 5%, гэта было б 17 тысяч чалавек. Але ў апошнія нядзелі выходзіла 100–200 гарадзенцаў. Чаму?

— У рэгіёнах людзі па ўнутраным самаадчуваньні менш свабодныя, адчуваюць большую залежнасьць ад мясцовых уладаў. Менск — велізарны горад, там больш можна дыстанцыявацца. Тут менш людзей і значна лягчэй трапіць кудысьці. Калі ўсё зьменіцца і скажуць, што больш ніхто ня будзе перашкаджаць выходзіць на вуліцы, думаю, вуліцы і плошчы гарадоў будуць запоўненыя імгненна, і «ямыбацькі» зьнікнуць.

— Ці можаце вы ацаніць, якія памылкі рабілі пратэстоўцы за гэтыя два месяцы?

— Усё робяць людзі, якія ня маюць досьведу, таму ня хочацца гаварыць пра памылкі. Мяне зьдзівіла, куды ў гэтай сытуацыі зьніклі палітычныя партыі, якія маюць досьвед палітычнай дзейнасьці 20–25 гадоў. Не відаць і не чуваць. А пра іншых цяжка казаць, бо гэта жывы досьвед, і памылкі — гэта нармальна.

«Калі гэтая ўлада ня сыдзе, то зьбяжыць»

— Ці праводзіце вы аналёгіі паміж іншымі пэрыядамі гісторыі і цяперашняй сытуацыяй?

— У мяне адразу была аналёгія зь Беларускай сялянска-работніцкай грамадой 1926 году. Зь вясны па сьнежань колькасьць партыі зь некалькіх дзясяткаў чалавек дасягнула 100 тысяч. Тады польскія ўлады перасталі кантраляваць сытуацыю ў Заходняй Беларусі. Людзі верылі, што заўтра тут будзе Беларусь, не выконвалі нічога, не плацілі падаткі. Але тут ёсьць адна істотная розьніца. Калі ў 1927 годзе арыштавалі кіраўнікоў грамады, партыя проста зьнікла, як вялікі балён, напампаваны паветрам.

1926–1927 гады — час палітычных пераменаў у Польшчы, фактычна дзяржаўны пераварот, Пілсудскі вярнуўся да ўлады. Па адной з вэрсій, беларускія сяляне былі ўпэўненыя, што дзяржава дазволіла і падтрымлівае Грамаду. Польская паліцыя пасьля перавароту была разгубленая. Калі раней яны білі беларусаў за тое, што яны хочуць Беларусь, то тут яны ня ведалі, як памяняецца палітыка. Беларусы думалі, што гэта дзяржаўны праект, і таму так масава далучыліся да гэтай партыі.

Другі момант — гэта часы «Салідарнасьці» ў Польшчы. Але адрозьненьне ў тым, што асноўнай сілай былі рабочая кляса, забастоўкі, страйкі, поўны эканамічны каляпс.

— Сёньня 2020 год часта параўноўваюць з 1937-м. Што вы пра гэта думаеце?

— Паралелі ёсьць. Але ў 1937-м не было такіх масавых выступаў супраць улады. Яшчэ раней усіх запалохалі. Ішлі патаемныя вынішчэньні. Пра расстрэлы ведалі толькі суседнія вёскі і маўчалі.

Цяпер няма страху ў людзей. Гэта вынік, думаю, таго, што вырасла новае пакаленьне, якое ведае пра 1937 год праз гісторыкаў. Курапаты ня сталі месцам памяці ўсяго беларускага грамадзтва. Вырасла пакаленьне, якое ня мае страху, які сядзеў у савецкіх людзях. Цяпер дзякуючы СМІ немагчыма схаваць тое, што адбываецца.

Толькі «польскіх шпіёнаў» у Савецкім Саюзе НКВД у 1937 годзе рэпрэсаваў 140 тысяч, больш за 90% зь іх расстралялі, зь іх 21 тысяча — беларусаў. У БССР, дзе тады жыло 5,5 мільёна чалавек, рэпрэсавалі 600 тысяч чалавек, кожнага дзявятага. А іхнія сем’і, людзі, якія ведалі, што суседа забралі? Рэпрэсаванае было ўсё грамадзтва. Сёлета вядома пра прыкладна 15 тысяч затрыманых у Беларусі.

— Чым, як і калі скончацца пратэсты?

— Думаю, што неўзабаве скончацца, у канцы гэтага году, пачатку наступнага. Нягледзячы на ўсе намаганьні, гэтая дзяржава развальваецца. Даўно Качанавай не відаць. Куды падзеўся Макей? Такое ўражаньне, што цяпер вакол Лукашэнкі засталіся толькі сілавікі, міністры. У хлусьню пра 200–300 тысяч на «мэгамітынгу» ніхто ня верыць. Уражаньне, што ўсё сыплецца. Як яны гэта стрымаюць, я не ўяўляю. Верны саюзьнік Расея, падобна, перастае даваць грошы. Падаецца, гэтая сыстэма развальваецца. Калі гэтая ўлада ня сыдзе, то зьбяжыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG