Доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука аштрафавалі на 270 рублёў у судзе Ленінскага раёну Горадні 23 кастрычніка.
Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў мітынгу пратэсту.
Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук прыйшоў на суд з рэчамі, якія маглі спатрэбіцца ў разе арышту. Падтрымаць яго прыйшлі горадзенскія гісторыкі Алесь Краўцэвіч, Іна Соркіна, артыстка горадзенскага драматычнага тэатру Валянціна Харытонава, якую затрымлівалі ў той жа дзень, што і Смаленчука, жонка навукоўца Клаўдзія Смалянчук.
Прафэсара прызналі вінаватым ва ўдзеле ў недазволеным масавым мерапрыемстве 20 верасьня. Тады марш пратэстоўцаў ішоў менш за гадзіну. Амапаўцы заблякавалі шэсьце ў цэнтры гораду на вуліцы Вялікай Траецкай і Віленскім завулку, жорстка затрымалі дэманстрантаў. Сярод дзясяткаў затрыманых былі гісторык Алесь Смалянчук, артысты тэатру Сяргей Курыленка і Валянціна Харытонава, гарадзенка Вераніка на 30-м тыдні цяжарнасьці.
На Смаленчука тады склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП і выпусьцілі празь некалькі гадзін. Падчас допыту ў РАУС міліцыянт пажартаваў, што прафэсару ў Польшчы выплацяць прэмію за затрыманьне. Справу разглядаў судзьдзя Мікалай Сяргейка.
Алесю Смаленчуку 61 год. Пераможца сёлятняй прэміі Францішка Багушэвіча за манаграфію пра «айца БНР» Рамана Скірмунта. Аўтар манаграфіяў пра гісторыю Горадзеншчыны, укладальнік гадавіка «Homo historicus», адзін з кіраўнікоў праекту «Гарадзенскі палімпсест».
Працуе ў Варшаўскім унівэрсытэце.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.