Рыгора Памяранцава затрымалі ў нядзелю на праспэкце Машэрава ў Менску. Калі ён разам з жонкай і сынам ішлі па вуліцы, побач спыніліся мікрааўтобусы і амапаўцы пачалі хапаць людзей навокал.
«Калі схапілі мяне, тата спрабаваў выхапіць мяне з рук амапаўцаў і яго таксама затрымалі», – пацьвердзіў Свабодзе сын Памяранцава.
Усю сям’ю завезьлі аўтазакам у РУУС. Сына адпусьцілі праз 7 гадзін, маці праз 13. Самому Памяранцаву прысудзілі 13 содняў арышту.
Сем месяцаў, да студзеня 2016 году, Памяранцаў узначальваў Нацыянальнае агенцтва турызму Беларусі. Адной з прычынаў сыходу стала «няпэўнасьць ролі агенцтва і брак магчымасьці ўплываць на разьвіцьцё турыстычнай галіны». Але галоўнай прычынай стала тое, што беларускае заканадаўства забараняе чыноўнікам мець рахункі за мяжой і ўласны бізнэс.
Да гэтага Памяранцаў быў топ-мэнэджэрам кампаніяў у Латвіі, Расеі і Грузіі.
З 2019 году Рыгор Памяранцаў працуе мэнэджэрам разьвіцьця бізнэсу карпарацыі TAL Aviation Group, якая рэпрэзэнтуе інтарэсы авіякампаніяў і гатэляў ува ўсім сьвеце.