Колькасьць затрыманых на «Маршы гонару» ўва ўсёй краіне дасягнула амаль 600 чалавек. Сьпіс затрыманых абнаўляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Абсалютная бальшыня затрыманых у Менску, дзе сілавікі намагаліся ня даць людзям сабрацца ў агульную калёну. На пратэстоўцаў палявалі нават тады, калі дэманстрацыя фармальна скончылася і ўдзельнікі разыходзіліся малымі групамі.
Затрымлівалі таксама ў Берасьці, Віцебску, Гомлі, Горадні, Магілёве, Бабруйску, Маладэчне, Жлобіне, Кобрыні.
На думку прааабаронцаў, канчатковы лік будзе большым. У гэтым пераліку і некалькі дзясяткаў журналістаў — праваахоўнікі зрабілі ўсё, каб ня даць «зьняць карцінку».
Як адзначаюць назіральнікі, марш 11 кастрычніка паводле маштабу ўжываньня сілы і спэцсродкаў параўнальны зь першымі акцыямі пасьля асноўнага дня прэзыдэнцкіх выбараў 9–12 жніўня.
Людзей жорстка білі, закідвалі сьвятлашумавымі гранатамі, труцілі сьлезацечным газам, палівалі аранжавай жыжкай з вадамётаў.