Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Масква нібыта падтрымлівае Лукашэнку, але разам з Захадам рыхтуе кантраляваны транзыт улады», — Сівіцкі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матча ў Сочы, 7 лютага 2020
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матча ў Сочы, 7 лютага 2020

Кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі аналізуе стаўкі Захаду і Крамля ў беларускім канфлікце, лічыць, што неўзабаве мы будзем назіраць новую фазу беларуска-расейскай канфрантацыі, і заяўляе, што хуткі сацыяльна-эканамічны крызіс можа вельмі сур’ёзна зьмяніць кантэкст пратэстаў і радыкалізаваць ягоных удзельнікаў.

Сьцісла:

  • Лукашэнка ўспрымаецца Крамлём як бар’ер на шляху прасоўваньня нацыянальных інтарэсаў Расеі
  • Цапкала, Бабарыка і Ціханоўскі ўспрымаліся Лукашэнкам як палітычныя праекты Крамля
  • Сакрэтная інаўгурацыя Лукашэнкі была ягоным адказам на прапановы, якія вылучыў Пуцін у Сочы
  • Гэта міт, нібыта Расея так палохаецца каляровых рэвалюцыяў. Часам яны прыносяць ёй карысьць
  • Пакуль няма такога моцнага эканамічнага крызісу, — пратэсты будуць захоўваць мірны характар

— Выглядае так, што сёньня аб пазыцыі Расеі ў беларускім палітычным крызісе існуе дзьве думкі. Адны аналітыкі лічаць, што Ўладзімір Пуцін без усялякіх агаворак падтрымлівае Аляксандар Лукашэку і ня хоча дапусціць, каб той страціў уладу ў Беларусі ў выніку народных пратэстаў. Маўляў, як аўтарытарны кіраўнік ён ня можа дапусьціць, каб у суседняй краіне зрынулі іншага аўтарытарнага кіраўніка.

Другая думка грунтуецца на тым, што Крэмль сумесна з эўрапейцамі будзе працаваць над урэгуляваньнем беларускага крызісу і імкнуцца тут адыгрываць як мага большую ролю. У выніку гэтага ўрэгуляваньня Аляксандар Лукашэнка пакіне ўладу.

Да каторай вэрсіі вы схіляецеся, як бачыце мэты Крамля ў беларускім крызісе?

— Я, безумоўна, трымаюся другой пазыцыі. Стаўленьне Крамля да беларускага канфлікту даволі парадаксальнае. З аднаго боку, Масква на рытарычным узроўні падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. Але, зь іншага боку, і Пуцін і іншыя прадстаўнікі расейскай палітычнай эліты падкрэсьліваюць, што ў Беларусі зараз адбываецца сур’ёзны палітычны крызіс, які патрабуе арганізацыі агульнанацыянальнага дыялёгу і рэформы Канстытуцыі.

Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі

Разам з той актыўнасьцю, якую выяўляюць расейскія дыпляматы на заходнім кірунку (маю на ўвазе кансультацыі з Бэрлінам, Парыжам і нават Вашынгтонам у беларускім пытаньні) — усё гэты прадугледжвае арганізацыю транзыту ўлады ад Лукашэнкі да пэўных палітычных сілаў, якія адпавядаюць інтарэсам Крамля.

Можна з упэўненасьцю сказаць, што Лукашэнка ўспрымаецца Крамлём як бар’ер на шляху прасоўваньня расейскіх нацыянальных інтарэсаў у Беларусі. У 2015 годзе ён не разьмясьціў расейскую вайсковую базу, у канцы 2019 году адмовіўся ад паглыбленьня інтэграцыі. Таму Крэмль зацікаўлены ў тым, каб арганізаваць кантраляваны транзыт улады ад Лукашэнкі да новай апазыцыі, якая даволі міралюбна ставіцца да Расеі.

— Але гэты, як вы кажаце, «кантраляваны транзыт улады» Крэмль хацеў бы ажыцьцявіць сам ці ў каапэрацыі з заходнімі краінамі? І ці рэалістычна гэта на фоне ня самых лепшых адносінаў Масквы з Парыжам і Бэрлінам, асабліва пасьля атручэньня Навальнага?

— Мне здаецца, што для Крамля вельмі важна ўцягнуць у гэты перамоўны працэс заходнія краіны — Францыю і Нямеччыну. Як гэта было ў свой час з данбаскім крызісам. Тым самым будзе ўскосна прызнана, што Беларусь ёсьць элемэнтам сфэры ўплыву Расеі.

Я б хацеў нагадаць, што, нягледзячы на пэўную геапалітычную канфрантацыю паміж Масквой і Захадам, ёсьць досьвед Малдовы, дзе ў 2019 годзе Масква сумесна з Брусэлем і Вашынгтонам стварыла так званую «антыалігархічную кааліцыю» і прымусіла пакінуць палітыку і нават краіну шэрага кардынала малдоўскай палітыкі алігарха Ўладзіміра Плахатнюка. З ранейшых прыкладаў можна ўзгадаць «нармандзкі фармат» перамоваў аб Украіне, бо ўсе тыя дакумэнты, якія леглі ў аснову менскіх пагадненьняў аб Данбасе, распрацоўваў Крэмль. Фактычна Захад быў вымушаны прыняць дарожную мапу вырашэньня ўкраінскага крызісу на ўмовах Крамля.

Мне падаецца, што Крэмль зараз трымаецца той самай стратэгіі наконт Беларусі, ідзецца пра прыцягненьне заходніх краінаў у вырашэньне беларускага крызісу.

— Як кажуць у анэкдоце, «засталося ўгаварыць Ротшыльда». У гэтым выпадку засталося далучыць да гэтага сцэнару Аляксандра Лукашэнку. Але ён усяляк дэманструе, што не зьбіраецца пакідаць уладу нават на нейкіх пачэсных умовах агульнага расейска-заходняга сцэнару.

— Так, сапраўды, Лукашэнка дэманструе сваімі апошнімі дзеяньнямі, што ён не прымае гэты расейска-заходні сцэнар. Калі ён і пойдзе на нейкія саступкі, напрыклад, у арганізацыі агульнанацыянальнага дыялёгу, то ён, відавочна, зробіць так, каб гэтыя працэсы адбываліся на ўмовах самога Лукашэнкі. Пакуль ён кантралюе сытуацыю ў Беларусі, навязаць яму нейкія сцэнары звонку, нават з Расеі, будзе вельмі цяжка.

Таму я не выключаю, што пэрыяд «паляпшэньня» беларуска-расейскіх адносінаў вельмі можа хутка скончыцца і мы пяройдзем у фазу новай канфрантацыі паміж Менскам і Масквой, такой, якую мы назіралі падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Гэта будзе зьвязана з тым, што Крэмль будзе ціснуць на Лукашэнку, каб дамагчыся ад яго выкананьня пляну кантраляванага транзыту ўлады, які, найхутчэй, ужо падрыхтаваны Крамлём. Ён абмяркоўваўся падчас візыту Лукашэнкі ў Сочы. І выглядае так, што сакрэтная інаўгурацыя Лукашэнкі была ягоным адказам на прапановы, якія вылучыў Пуцін у Сочы

Вашыя цытаты — «Лукашэнка ўспрымаецца Крамлём як бар’ер на шляху прасоўваньня нацыянальных інтарэсаў Расеі», «Мы пяройдзем у фазу новай канфрантацыі паміж Менскам і Масквой, такой, якую мы назіралі падчас прэзыдэнцкай кампаніі». Але пакуль у рэальнасьці мы назіраем троху іншае — Лукашэнка два месяцы актыўна прагінаецца пад Маскву, сустракаецца з расейскімі губэрнатарамі, праводзіць сумесныя вайсковыя вучэньні, разбурае адносіны з Захадам, закрывае межы, выганяе эўрапейскіх дыпляматаў. А Крэмль сваімі афіцыйнымі заявамі і рыторыкай усяляк падтрымлівае Лукашэнку, не прызнае Каардынацыйную раду і Сьвятлану Ціханоўскую, асуджае дзеяньні Захаду дзеля салідарнасьці зь беларускім народам. Хіба гэтая рэальная карціна супадае з тымі вашымі сьцьвярджэньнямі, якія я працытаваў?

— Так, сапраўды, калі глядзець толькі на публічныя заявы, то можа скласьціся ўражаньне, што Масква падтрымлівае Лукашэнку, а ён спрабуе паказаць сябе самым прарасейскім палітыкам. Але ён гэта робіць, бо разумее, што Расея паралельна вядзе іншую гульную, і гэта было відавочна Лукашэнку яшчэ перад пачаткам выбарчай кампаніі. Усе асноўныя альтэрнатыўныя кандыдаты — Цапкала, Бабарыка, Ціханоўскі — успрымаліся Лукашэнкам як палітычныя праекты Крамля.

Лукашэнка вывеў усіх іх з палітычнага працэсу і паставіў Крэмль перад фактам, што справы трэба весьці толькі зь ім. Але мы ведаем, што Крэмль успрымае Лукашэнку хутчэй як праблему зараз. Бо Лукашэнка ня пойдзе на тыя саступкі, якіх ад яго дамагаюцца ў Маскве. Перш за ўсё гэта тычыцца паглыбленьня вайскова-палітычнай інтэграцыі. І ідзецца на пра сумесныя вучэньні, якія праводзяцца пад кіраўніцтвам начальніка генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі, а пра разьмяшчэньне вайсковых базаў, паглыбленьне вайсковай інтэграцыі, падпарадкаваньне беларускіх сілавых структураў Маскве.

Адзінае, што мы бачым, — гэта рыторыку, якую Лукашэнка выкарыстоўваў усе 26 гадоў на адрас Расеі. Але ў Маскве на яе ўжо ніхто не купляецца. Крэмль абмежаваў фінансавую падтрымку Лукашэнкі, даўшы толькі грошы на рэфінансаваньне свайго ж доўгу. Гэта не выглядае як безумоўная падтрымка Лукашэнкі.

І яшчэ варта дадаць, што Крэмль ня вельмі хвалюецца наконт зьмены ўлады праз «каляровыя рэвалюцыі». Дастаткова ўзгадаць кіргіскі і армянскі прыклады, калі стратэгічныя інтарэсы Расеі ад таго ніяк не пацярпелі. Наадварот, калі ў Кіргістане быў зрынуты Бакіеў, то новы ўрад вывеў з тэрыторыі краіны амэрыканскую базу і стварыў умовы для пашырэньня вайсковай прысутнасьці Расеі, лідэр армянскай рэвалюцыі Нікол Пашынян зрабіў свой першы візыт у Маскву і заявіў там пра паглыбленьне інтэграцыі.

Таму гэта міт, нібыта Расея палохаецца «каляровых рэвалюцыяў». Наадварот, пэўныя рэвалюцыі прыводзяць да таго, што ўмовы для расейскіх стратэгічных інтарэсаў у гэтых краінах паляпшаюцца.

— Мы ў гэтай размове гаворым пераважна пра замежнапалітычных гульцоў у беларускім канфлікце і забываем пра галоўнага гульца — гэта беларускі народ. Як беларускія пратэсты могуць разьвівацца далей, ці могуць яны ўвайсьці ў нямірную фазу, як такі магчымы паварот можа паўплываць на дзеяньні Расеі і Захаду?

— Мне падаецца, што на пратэставую дынаміку ўнутры краіны сур’ёзна можа паўплываць надыход эканамічнага крызісу, які мы востра адчуем ужо ў канцы гэтага году. І гэта будзе асноўным выклікам для беларускіх уладаў, бо крызіс можа прывесьці да пашырэньня сацыяльнай базы пратэсту. Бо тыя страйкі, якія мы назіралі адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і якія тады, у жніўні, спыніліся, могуць разгарэцца зноў.

Мне падаецца, што пакуль няма такога моцнага эканамічнага крызісу, — пратэсты будуць захоўваць мірны характар. Сацыяльна-эканамічны крызіс можа вельмі сур’ёзна зьмяніць кантэкст пратэстаў і радыкалізаваць ягоных удзельнікаў. Відавочна, што Расея не зьбіраецца выратоўваць Лукашэнку ад гэтага крызісу. Таму канец году будзе такім пераломным момантам, які пакажа, ці выйдуць пратэсты на новы ўзровень, ці далучацца да іх новыя групы насельніцтва.

І Расея будзе паводзіцца стасоўна Лукашэнкі ўжо больш жорстка. Крэмль не зацікаўлены, каб беларускі крызіс працягваўся надта доўга. І калі яны прыйдуць да высновы, што галоўная прычына крызісу — гэта Лукашэнка і праблемы ягонай унутранай легітымнасьці, то сцэнар зьмены рэжыму становіцца ўсё больш імаверным.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG