Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два месяцы беларускіх пратэстаў: вынікі


Марш пратэсту ў Менску 13 верасьня
Марш пратэсту ў Менску 13 верасьня

Беларусь уступае у пэрыяд доўгатэрміновага пэрманэнтнага крызісу. Канца яму не відаць. Народ ня хоча жыць па-старому, а улады ня могуць кіраваць па-новаму.

Сьцісла:

  • З пачатку выбарчай кампаніі беларускія пратэсты разьвіваліся выключна ў межах праўнага поля.
  • За першыя тры дні пасьля выбараў беларускае грамадзтва атрымала ўрок грамадзянскай вайны.
  • У сярэдзіне жніўня быў пік рэвалюцыі. Здавалася, рэжым захістаўся і апынуўся ў пэўнай разгубленасьці. Пратэстоўцаў ахапіла эўфарыя, адчуваньне перамогі.
  • Цяпер улады перайшлі ў наступ. Грамадзтва адказала шматтысячнымі нядзельнымі маршамі. Стала зразумела, што беларускі супраціў — доўгатэрміновы працэс. Пачалося пазыцыйнае супрацьстаяньне, «акопная вайна».

У беларускай рэвалюцыі 2020 году ўжо ёсьць свая гісторыя. Сёньня — два месяцы з пачатку пратэстаў. Гэта калі адлічваць з дня галасаваньня. Але ж палітычнае абуджэньне пачалося яшчэ ў траўні, як толькі абвесьцілі выбарчую кампанію.

Цікава, што спачатку беларускае грамадзтва дзейнічала выключна ў межах праўнага поля. Стаяла ў чэргах, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. Потым былі чэргі дзеля падачы скаргаў на нерэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Стыхійныя ланцугі пратэстоўцаў на вуліцах гарадоў у дні арышту і нерэгістрацыі таго ж Бабарыкі былі кароткім эпізодам. Калі міліцыя пачала хапаць удзельнікаў, то наступнымі днямі амаль ніхто не выйшаў.

Усё памянялася 9 жніўня. Вынікі выбараў сталі шокам для большасьці грамадзтва. Як гэта ні дзіўна, але, здаецца, згаданая большасьць толькі ў гэты дзень зразумела, у якой краіне яна жыве. Дасюль нешта чулі пра дыктатуру, але ўспрымалі гэта як перабольшаньне з боку традыцыйнай апазыцыі.

Яшчэ вечарам 9 жніўня людзі імкнуліся застацца ў межах праўнага поля. Яны зьбіраліся каля ўчасткаў для галасаваньня, каб даведацца вынікі выбараў. Але хутка да іх выклікалі АМАП, які пачаў хапаць сабраных. Вось тады людзі выйшлі на вуліцу. Іх сустрэлі гумавымі пулямі і гранатамі. Гэтыя два месяцы пратэстаў падзяляюцца на тры этапы.

За першыя тры дні пасьля выбараў беларускае грамадзтва атрымала ўрок грамадзянскай вайны. Была спроба ўладаў задушыць пратэст з выключнай жорсткасьцю і тым самым зламаць волю народу да супраціву. Сілавікі паводзілі сябе як акупацыйнае войска ў чужой краіне, насельніцтва якой не шкада. Садысцкая жорсткасьць супрацоўнікаў МУС выклікала сілавы супраціў пратэстоўцаў.

Разлік на жорсткасць ня меў выніку. Атрымаўся адваротны эфэкт. Перш за ўсё таму, што супраць рэжыму выступіла відавочная большасьць народу. Грамадзтва адчула болевы шок. Абурацца сталі нават прыхільнікі Лукашэнкі. Пратэст заявілі нават традыцыйна ляяльныя да ўладаў структуры кшталту цэркваў, арганізацыяў бізнэсу, работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і інш.

Улады мусілі адступіць. Пачаўся другі этап. Ён цягнуўся дзесьці 10 дзён. Спыніліся затрыманьні апанэнтаў рэжыму, выпусьцілі затрыманых. Міліцыя не перашкаджала пратэстам. Народ зь бел-чырвона-белымі сьцягамі атабарыўся на плошчы Незалежнасьці сталіцы, і яго ніхто не разганяў.

Гэта быў пік рэвалюцыі. Была спроба абвесьціць усеагульны страйк на дзяржаўных прадпрыемствах. Страйкавалі нават супрацоўнікі БТ. Расея нейкі час маўчала, ня вызначылася ў сваёй пазыцыі адносна Беларусі.

Здавалася, рэжым захістаўся і апынуўся ў пэўнай разгубленасьці. Асабліва паказальным момантам быз візыт Лукашэнкі на МЗКЦ, дзе яму ўчынілі абструкцыю. Пратэстоўцаў ахапіла эўфарыя, адчуваньне перамогі. Трэці этап, які цягнецца да сёньня. Улады перайшлі ў наступ. Рэпрэсіі і затрыманьні ўключаны напоўніцу. Пачалася чыстка дзяржаўнага апарату ад усіх неляяльных. Расея рашуча падтрымала Лукашэнку.

Грамадзтва адказала шматтысячнымі нядзельнымі маршамі. Стала зразумела, што беларускі супраціў — доўгатэрміновы працэс. Была створаная інфраструктура грамадзкага руху. Яна ўключае ў сябе тэлеграм-каналы, структуры грамадзянскай супольнасьці ў выглядзе суполак дамоў, мікрараёнаў з адпаведнымі чатамі для камунікацыі. Пачалося пазыцыйнае супрацьстаяньне, «акопная вайна».

З гэтага вынікае, што Беларусь уступае у пэрыяд доўгатэрміновага пэрманэнтнага крызісу. Канца яму ня відаць. Народ ня хоча жыць па-старому, а улады ня могуць кіраваць па-новаму. Рэжым робіць стаўку выключна на сілавы сцэнар. З пачатку пратэстаў супрацоўнікі МУС затрымалі каля 14 тыс. чалавек. Калі ўладам удасца атрымаць у гэтым супрацьстаяньні перамогу, то краіна ператворыцца ў адзін вялікі канцлягер. Таму для грамадзтва змаганьне цяпер — гэта спосаб выжываньня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG