Цяжка нам усім усьведаміць напоўніцу той шлях, які прайшлі беларусы за апошнія пяць месяцаў.
Нам і потым гэта будзе няпроста, бо так хутка, так незваротна адбыліся з намі невераемныя зьмены: ад насельніцтва — да народу, ад аморфнай кармавой базы ўладаў — да палітычнай нацыі. Мне цяжка параўнаць хуткасьць, якасьць і незваротнасьць гэтых працэсаў з якім-кольвек прыкладам у сусьветнай гісторыі: калі ў іншых народаў на гэткія справы ішлі дзесяцігодзьдзі і нават вякі, мы ўправіліся за паўгода.
Аднак кропка яшчэ не пастаўлена. Здаецца, ніхто ўжо ня мае сумневаў у тым, што дыктатура будзе зрынута. Але мы ўсе стаміліся чакаць: ну калі ўжо. Здаецца, аддадзеныя апошнія сілы, выплеснуты ўвесь крэатыў, выкарыстаныя ўсе магчымыя для нас сродкі. Мы гераічна ўтрымліваемся ад гвалту, наш працэс усё яшчэ мірны, і мы гатовыя трываць і трымацца, ведаць бы толькі — колькі ж яшчэ.
Мне здаецца, я ведаю, колькі.
Людзям, хаця б крыху знаёмым з праблематыкай гуманітарыстыкі, добра вядома: такія працэсы, што мы цяпер перажываем знутры і ў якіх з апошніх сіл удзельнічаем, ніколі не вымяраюцца насамрэч пяцьцю месяцамі. Гісторыя не сьпяшаецца нікуды і ніколі. Нам пашэнціла, што мы зараз стаім ля фінальнай мяжы, і чырвоная стужка, якую мы павінны разарваць стомленымі грудзьмі маратонцаў, ужо бачная. Але мы павінны ўсьведамляць, што тое, з чым мы змагаемся і што хочам перамагчы, пачалося не ў 1994 годзе. Яно пачалося нават не ў 1917.
Мы цяпер завяршаем той велічэзны, агромністы гістарычны этап, калі патрыярхальная сьвядомасьць дыктавала чалавеку скарацца перад навязаным аўтарытэтам (царом, камандзірам, бацькам), калі культ сілы і дзяржаўнай пасады патрабаваў ад іншых, што не валодаюць ані сілай, ані пасадай, безумоўнага падпарадкаваньня.
Мы змагаемся з рабскай псыхалёгіяй і страхам, што нарадзіўся нават не ў 1937 — ён нарадзіўся шчэ ў часы прыгоннага права. Мы абрынаем уладную вэртыкаль, каб замест яе ўсталяваць гарызанталь сувязяў паміж мясцовымі суполкамі, грамадзкімі ініцыятывамі, актыўнымі грамадзянамі і проста нашымі суседзямі. Мы ня хочам болей ніякіх паноў над сабой, як бы яны ні зваліся. Мы хочам самі абіраць і пераабіраць сабе наёмных мэнэджараў, што будуць усяго толькі кіраваць агульнай маёмасьцю, сачыць за выкананьнем законаў.
І мы павінны разумець, што пакуль не ўсьвядомім тых злачынстваў, што рабіў з намі і нашымі продкамі векавы рэжым, пабудаваны на гвалце, мы не пераможам.
Адкінем убок прыгоннае права: здаецца, сёньня няма чалавека, які ўхваліў бы рабства і ўладараньне чалавека над чалавекам. Але нашая патаемная мара аб моцнай руцэ, нашае агульнае адмаўленьне ад безумоўнага і бескампраміснага асуджэньня сталіншчыны, нашае агульнае неразуменьне злачынстваў СССР і камуністычнага рэжыму — урэшце рэшт, нашая абыякавасьць да «лініяў Сталіна» проста пад Менскам — усё гэта тармозіць нашую перамогу. Гісторыя ня дасьць нам зваліцца назад у дыктатуру. І пакуль мы ўсе, актыўныя грамадзяне, якія прагнуць пераменаў, ня вывучым яе ўрокаў — яна будзе трымаць нас за адзін крок ад новага жыцьця.
Калі вы пачытаеце любое больш ці менш грунтоўнае дасьледаваньне сталінскага тэрору, то абавязкова напаткаеце пералік ягоных асноўных асаблівасьцяў.
- Першае. Прынцыповыя, то бок спэцыяльна ўсталяваныя і сьвядома выкарыстаныя, ірацыянальнасьць і непрадказальнасьць арыштаў і перасьледу. У часы сталіншчыны спэцыяльна рэпрэсавалі ўсіх, не клапоцячыся аб хоць якіх рэальных падставах. Мэта: замацаваць у кожным чалавеку адчуваньне віны перад уладай. Нічога не нагадвае?
- Другое. Прынцыповая адсутнасьць у самой працэдуры асуджэньня магчымасьцяў апраўданьня. Адсутнасьць адвакатаў падчас судовага працэсу. Адсутнасьць працэдураў, якія прадугледжвалі б вызваленьне ў залі суду. Неадкладнае, у тую самую сэкунду, выкананьне судовага прысуду. Ну, цяпер ужо дакладна нагадвае.
- Трэцяе. Дазвол на фізычны гвалт і ўціск -- ад зьбіцьця і катаваньняў да катаваньня адсутнасьцю сну, ціск на сям’ю, шантаж дзецьмі. Адсутнасьць пакараньня для выканаўцаў. Усё маем сёньня як на далоні.
Перш чым мы пераможам той рэжым, які мы трывалі апошнія дваццаць шэсьць гадоў, мы павінны перамагчы ўнутры сябе той рэжым, які трывае ўжо болей за сотню гадоў. Перш чым дачакацца адстаўкі Караева, мы павінны ўнутры сабе адмовіцца ад любых апраўданьняў сыстэме НКВД. Перш чым мы пабачым сыход былога прэзыдэнта, мы павінны ўнутры сябе абрынуць Сталіна.
І я маю свой тэст: калі ўжо да кожнага дойдзе, калі ўжо грамадзтва будзе гатовае перамагчы. Гэты тэст — рэстаран «Поедем поедим». Самае балючае ўражаньне маё ад цяперашняй Курапацкай варты — калі міма нас едуць у машынах людзі зь белымі бранзалетамі на руках.
Едуць у рэстаран на касьцях — і шчыра паказваюць з вокнаў вікторыю абаронцам зь бел-чырвона-белым сьцягам. А нядаўна там было вялікае сьвята зь бел-чырвона-белымі балёнікамі. Малады і маладая, нашыя людзі, зь якімі мы поплеч ходзім на маршы, адзначалі сваё вясельле проста ў Курапатах побач з крыжамі па забітых.
Пакуль мы ня вывучым урокаў сталіншчыны — яны будуць паўтарацца, як заўсёды паўтараюцца нявывучаныя ўрокі. Пакуль мы ня выгадуем унутры сябе павагу да загінулых тады, павагу да іхных пакутаў, памылак і да іхнай памяці — мы не забясьпечым павагу і памяць сваім цяперашнім загінулым і расстраляным. Пакуль мы не зразумеем, што імя Сталіна і памяць пра павінна быць праклятая кожным з нас — мы не пераможам ягоных спадкаемцаў і нашчадкаў.
Як толькі ў рэстаран «Поедем поедим» перастануць ехаць і есьці там людзі зь белымі бранзалетамі на руцэ і бел-чырвона-белым сьцягам у сэрцы, як толькі «лінія Сталіна» застанецца без наведнікаў, як толькі ўсе кнігі пра «бацьку-Сталіна» зьнікнуць з паліцаў нашых кнігарань — мы пераможам. Літаральна ў той самы дзень. Але не раней.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.