Давайце адкінем зараз нейкія важныя, але не агульныя прэтэнзіі да той улады, якая, спадзяюся, дажывае апошнія свае месяцы. Карумпаваная судовая сыстэма, наяўнасьць палітзьняволеных, зьнішчэньне нацыянальнай культуры, адсутнасьць нацыянальнай адукацыі, нават наогул адсутнасьць прыстойнай адукацыі, малыя заробкі і ганебныя пэнсіі, хамства і непавага да людзей і ціск на свабоднае слова, зруйнаваная фундамэнтальная навука, распрададзеная эканоміка — усё гэта мы маем поўнай мерай.
Але заўсёды знойдуцца людзі, якія здолелі так ці інакш прыстасавацца, пабудаваць у гэтых варунках уласны дабрабыт і нават навучыцца атрымліваць задавальненьне ад праслухоўваньня сьпічаў прэзыдэнта замест прагляду мультфільмаў. Знойдуцца людзі — іх у рэальнасьці болей за тры працэнты — якія наогул лічаць, што галоўнае ў жыцьці — каб была магчымасьць набыць тое-сёе з прадуктаў, раз на год зьезьдзіць са зьніжкай у Егіпет і выбіць са школьнага настаўніка высокі сярэдні бал дыплёму, каб потым вывучыць дзе-небудзь платна дарагое дзіця і на апошнія капейчыны выправіць яго мыць посуд у замежным бары.
Знойдуцца людзі, якія цалкам сур’ёзна будуць думаць, што калі прэзыдэнт забясьпечыў прыстойнае жыцьцё спартоўцам ці музыкам прэзыдэнцкага аркестру — ён ужо мае пажыцьцёвую індульгенцыю.
Больш за тое, ёсьць людзі, якія лічаць, што чысьціня на вуліцах, добрыя дарогі альбо стрыжаныя газоны — гэта таксама заслуга прэзыдэнта, а ня клопат дворнікаў, будаўнікоў альбо газонакасільшчыкаў. Чамусьці шмат хто ўпэўнены, што людзі наводзяць навокал сабе парадак, будуюць ладныя дамы альбо праграмуюць канкурэнтаздольныя прадукты не таму, што яны гэта ўмеюць і хочуць, а таму, што так загадаў прэзыдэнт.
Ладна, няхай. Няхай мы прымем як дапушчэньне, што гэта прэзыдэнт будаваў трасы і шматпавярховікі, завозіў у крамы чарэшні і ананасы, прыдумляў рэцэпты каўбас, а па начах мыў з шампунем менскія праспэкты. Няхай мы паверым на адну хвіліну, што тое нямногае, але існае, што мы цяпер маем, зрабілі ня людзі, а прэзыдэнт, і каб ня ён, хадзілі б у лапцях.
Гэта не галоўнае.
Галоўнае, што адабрана ў нас надзейна і крэпка — гэта магчымасьць уплываць на ўладу. Ніхто з нас — апранутых у джынсы і красоўкі, сытых, забясьпечаных тэлебачаньнем і мабільнай сувязьзю — не гаспадар сваёй краіны. Мы ня маем магчымасьці ўплываць на рашэньні ўладаў, як высокіх, так і самых нізкіх. Краіна належыць ня нам.
Гэта яны будуюць акумулятарныя заводы і АЭС, плянуюць ядзерныя могільнікі, вывозяць лес, ламаюць крыжы, распрадаюць заводы і газаправоды, вырашаюць, што рабіць (не рабіць) з хатнім гвалтам, каго і колькі трымаць у турме, а каго выпускаць.
Гэта яны могуць вызваліць з-пад адказнасьці забойцаў, што спаляць жыўцом свайго аднавяскоўца, затое забіць у некалькі тыдняў насуперак відавочным доказам нібыта вінаватых у тэракце ў мэтро. Гэта яны вызначаюць, каму можна, а каму няможна выказвацца. Яны ўсталёўваюць пэнсійны ўзрост, назначаюць памеры заробкаў, вызначаюць, што і як мы будзем вучыць і чаму вучыцца, што глядзець і што слухаць. Гэта яны гаспадараць на зямлі. Мы — толькі абрабляем іх зямлю, плацім падаткі і маўчым, перажоўваючы сасіскі. Гэта нашая роля — маўчаць, крышачку есьці і не пішчаць.
Ты ім падыходзіш, толькі калі стаіш у стайні і мірна жуеш сена. А што ня так? Стайня цагляная, дах не цячэ, сена — не асака. Але як толькі ты ўзбрыкнеш — тваё месца на бойні.
Затое ў тыя моманты, калі якраз трэба ўзяць сытуацыю ў свае дзяржаўныя рукі — наладзіць дыстанцыйнае навучаньне па ўсёй краіне альбо перамагчы пандэмію — яны кідаюць нас сам-насам з гэтай адказнасьцю. Забірай дзіця са школы пад уласную адказнасьць, насі маску, калі хочаш, і не трындзі. Скажыце нам праўду пра COVID-19, дайце нам агульныя ўрокі па тэлебачаньні, размаўляйце з намі як з дарослымі! — не. Гэта ня вашая справа. Вашая справа — прыйсьці на парад.
Мяне заўсёды зьдзіўляла школьная праграма ШАГ — школа актыўнага грамадзяніна, такая маштабная акцыя па ўсіх школах. У межах гэтага ШАГу дзецям паказвалі абавязковыя ролікі пра навагоднія балі прэзыдэнта, спартовыя спаборніцтвы і дасягненьні БРСМ. Прыгожая карцінка, далёкае мажорнае жыцьцё. Актыўны грамадзянін — гэта той, хто жуе сваё сена, глытае сьлінкі і маўчыць.
Нават сёньня, калі ўлада нутром адчувае патрэбу дыялёгу, калі едзе ў рэгіёны Натальля Качанава альбо арганізуецца сустрэча з абаронцамі берасьцейскай экалёгіі — яны ня слухаюць. Яны не адказваюць на пытаньні і не запытваюцца самі. Яны выкарыстоўваюць гэтыя сустрэчы, каб націснуць, настаяць на сваім, ультыматыўна давесьці сваю пазыцыю. Яны ня ўмеюць размаўляць зь людзьмі фізіялягічна, нават каб хацелі — у іх канфігурацыю проста не ўбудаваная такая функцыя.
Адабрана ўсё: магчымасьць крытыкі і свабоднага выказваньня ў дзяржаўных СМІ, самастойнасьць у прыняцьці рашэньняў на дзяржаўнай працы, інструмэнты ўплыву на рэгіянальныя ўлады, магчымасьць выйсьці на вуліцы зь мірным пратэстам, нарэшце, адабраныя выбары ўсіх узроўняў. Так, каўбаса пры гэтым у крамах — у асартымэнце. І вуліцы чыстыя. Але ты — ніхто. Краіна гэтая — не твая.
А яна — наша. Гэта мы робім яе чыстай і спакойнай. Беларусь была такой заўсёды — з папраўкай на агульназямны дабрабыт, вядома. Чысты падворак, чыстыя грады, засеяныя шнуры надзелаў, чыстыя кароўкі ў хлявах, вывучаныя дзеці і назьбіраныя грошы ў куфры — беларусы жылі так і дзьвесьце год таму, нават дзіўна, як гэта ў іх атрымлівалася без інстытуту прэзыдэнцтва. Хто ім мыў кароў?
Нам доўга тлумачылі, што мы ніхто і што мы нічога ня ўмеем самі. Гэтая ўлада — ня першая такая ўлада на нашай зямлі. Яна мала зьмянілася з часоў Кацярыны Першай. У нас цэлы курс белліту распрацаваны так, каб патлумачыць нам: вы бедакі, небаракі пад бізуном, і заўсёды такімі былі, пакуль не прыходзіла якая-небудзь ачуменная ўлада і не будавала вам каменную стайню.
Але мы ўсё жывем, і прага нашая гаспадарыць у сваім доме невынішчальная — для беларуса гэта наогул мэнтальная каштоўнасьць: магчымасьць быць гаспадаром на сваёй зямлі.
І мы цяпер не зьбіраемся адступацца.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.