Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пакуль ня рухнулі муры?


Дзяржаўны апарат таму абыякавы да народнага ціску, што ніводзін дзяржаўны інстытут не выбіраецца народам, не падсправаздачны народу, не кантралюецца народам. Дзяржаўны апарат ніяк не залежыць ад народу, таму і не рэагуе на ягоныя патрабаваньні.

Сьцісла

  • У сьвеце шмат выпадкаў, калі пад ціскам вуліцы ўрады сыходзяць у адстаўку, уступаюць у перамовы з пратэстоўцамі.
  • У Беларусі разьлік на тое, што пад маральна-псыхалягічным ціскам народу дзяржаўны апарат пачне развальвацца, пераходзіць на іншы бок барыкадаў ці хоць бы ўступіць у перамовы, не апраўдаўся.
  • У краіне створаны жорсткі скансалідаваны аўтарытарны рэжым.
  • Апанэнты Лукашэнкі падчас выбараў змагаюцца, уласна, ня зь ім, а зь дзяржавай. А перамагчы аўтарытарнага кіраўніка і дзяржаву звычайным шляхам немагчыма.
  • Усе дзяржаўныя інстытуты абсалютна стэрыльныя ад іншадумства. Існуе жорсткая вэртыкаль улады, якая фармуецца зьверху. Ніякіх пунктаў апоры для апанэнтаў рэжыму ў дзяржаўным апараце няма.


Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды — то бяры!
Мур хутка рухне, рухне, рухне —
І пахавае сьвет стары!

Гэты гімн польскай «Салідарнасьці» у перакладзе на расейскую і беларускую мовы (пераклад на беларускую Андрэя Хадановіча) стаў гімнам выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай.

Беларускай рэвалюцыі ужо больш чым два тыдні, а муры беларускага аўтарытарызму пакуль ня рухнулі.

Ва ўсім сьвеце рэвалюцыі адбываюцца паводле падобных альгарытмаў. Прычым не абавязкова браць Бастылію ці Зімовы палац. У сьвеце шмат выпадкаў, калі пад ціскам вуліцы ўрады сыходзяць у адстаўку, уступаюць у перамовы з пратэстоўцамі ці скасоўваюць рашэньне або закон, якія выклікалі выбух народнага абурэньня.

У Беларусі разьлік на тое, што пад маральна-псыхалягічным ціскам народу дзяржаўны апарат пачне развальвацца, пераходзіць на іншы бок барыкадаў ці хоць бы ўступіць у перамовы, не апраўдаўся. Чаму?

Найперш таму, што ў Беларусі створаны жорсткі скансалідаваны аўтарытарны рэжым. Тут палітычны рэжым зьліўся з дзяржавай, ператварыў дзяржаўныя інстытуты у свой інструмэнт панаваньня. Таму Лукашэнка і загадвае, каб тыя настаўнікі, якія не падзяляюць дзяржаўную ідэалёгію (то бок не падтрымліваюць яго) не працавалі ў школе.

Галоўнае прынцыповае адрозьненьне беларускіх выбараў ад сапраўдных свабодных выбараў палягае ў ролі дзяржавы. Аксіёма дэмакратычнай выбарчай кампаніі — нэўтралітэт дзяржаўных інстытутаў, іх неўмяшаньне ў барацьбу розных кандыдатаў і палітычных сілаў. У Беларусі ж органы ўлады — цэнтральны суб’ект, галоўны актор на выбарчай сцэне. На забесьпячэнне патрэбнага выніку працуе ўся дзяржаўная машына. Апанэнты Лукашэнкі змагаюцца, уласна, ня зь ім, а зь дзяржавай. А перамагчы аўтарытарнага кіраўніка і дзяржаву звычайным шляхам немагчыма. Таму паўстала беларуская рэвалюцыя.

Дзяржаўны апарат таму індыфэрэнтны да народнага ціску, што ніводзін дзяржаўны інстытут не выбіраецца народам, не падсправаздачны народу, не кантралюецца народам. Ва Ўкраіне падчас Майдану ці ў Вэнэсуэле у парлямэнтах былі вялізныя апазыцыйныя фракцыі, многія рэгіёны ўзначальвалі апазыцыянэры. Нават у Армэніі падчас «каляровай рэвалюцыі» 2018 году яе лідэр Нікол Пашыньян быў дэпутатам парлямэнту.

У Беларусі нічога падобнага няма. Усе дзяржаўныя інстытуты абсалютна стэрыльныя ад іншадумства. Існуе жорсткая вэртыкаль улады, якая фармуецца зьверху. Ніякіх пунктаў апоры для апанэнтаў рэжыму ў дзяржаўным апараце няма. Выпадак з Паўлам Латушкам — выключэньне, якое пацьвярджае правіла.

Дзяржаўны апарат ніяк не залежыць ад народу, таму і не рэагуе на яго патрабаваньні. Ён залежыць ад Лукашэнкі, таму і захоўвае яму ляяльнасьць. Прынамсі, пакуль. А там, дзе мясцовая ўлада праявіла слабасьць пад ціскам народу, як у Горадні, быў тэрмінова заменены кіраўнік вобласьці.

Вялікае ўражаньне на намэнклятуру аказала тое, як жорстка, груба, бесцырымонна, не зважаючы на законы і элемэнтарную прыстойнасьць, Лукашэнка расправіўся зь Віктарам Бабарыкам, прадстаўніком эліты, які адважыўся кінуць яму выклік. Чыноўнікі элемэнтарна баяцца. Пагатоў амаль на кожнага зь іх ёсьць кампрамат.

Таму і ня рухнулі муры. Пакуль ня рухнулі...

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG